Пятница, 15 декабря 2017

Когда владельцев собак будут штрафовать за «самовыгул»?

397

Узаемаадносіны аматараў і праціўнікаў сабак — адна з тэм, якая, напэўна, яшчэ доўга не згубіць актуальнасці. Пакуль адны скардзяцца на бяздушных людзей, што негуманнымі спосабамі вырашаюць праблему бадзяжных жывёл, другія абураюцца паводзінамі ўладальнікаў сабак, якія выгульваюць сваіх гадаванцаў насуперак усім правілам — не толькі догляду жывёлы, але і чалавечай маралі. Ва ўсякім разе, нам, карэспадэнтам, нярэдка даводзіцца выслухоўваць прыхільнікаў як аднаго, так і другога пункта гледжання. Але мне здаецца, што кампраміс магчымы…

Адразу зазначу, мае перавагі на баку людзей, якія выказваюць незадаволенасць асобнымі гаспадарамі сабак. Не, чацвераногіх я люблю. Проста не разумею гаспадароў, якія могуць у жылой зоне гуляць з вялікім сабакам без павадка, якія практыкуюць так званы «самавыгул», якія не звяртаюць увагі на тое, што іх сабака адарваўся і бегае па вуліцы.

А яшчэ абурае, калі на заўвагу чуеш у адказ: «Наш сабачка вельмі ласкавы — нікога не ўкусіць!» Асабіста для мяне гэта не аргумент на карысць таго, што чацвераногія могуць самастойна бегаць па горадзе: калі і не ўкусяць, дык абавязкова каго-небудзь напалохаюць.

Яшчэ летась у рэдакцыю звярнулася жанчына: яе непакоіла, што пляцоўка для выгулу сабак па вуліцы  Юбілейнай зна- ходзіцца вельмі блізка ад жылога дома і  дзіцячага садка. Але яшчэ больш ёй хацелася звярнуць увагу на менталітэт сабакаводаў: перапалоханыя дзеці і забруджаная тэрыторыя — вынік гэтых прагулак. Больш таго, паводле яе слоў, некаторыя сабачнікі спускаюць сабаку з павадка ўжо калі ідуць праз двары шматпавярховак, некаторыя нецвярозыя гаспадары ўвогуле іншы раз спрабуюць «пажартаваць», нацкоўваючы сабаку на прахожых.

У прыватным сектары сітуацыя не лепшая. Не раз даводзілася назіраць, як некаторыя людзі выгульваюць гадаванцаў у раёне былога Плябанцаўскага саду. Напэўна, не варта акцэнтаваць увагу на тым, як непрыемна, калі  сабака забягае на твой падворак ці спраўляе патрэбу каля парога. Больш абурае, калі даводзіцца бачыць заплаканых перапалоханых дзяцей, з якімі хоча «пагуляцца» нечый адпушчаны ласкавы сабака.   

Натуральна, паўстае пытанне: а дзе ж гуляць з сабакам? Зразумела, двух пляцовак для выгулу сабак, якія афіцыйна вызначаны ў Пружанах, яўна недастаткова. Але хіба гэта апраўданне бескультур’ю сабакаводаў?

Апошні раз камунальшчыкі прыцягвалі да адказнасці ўладальнікаў сабак у 2015 годзе: на жыхара Ружаншчыны паступіла скарга за няправільнае ўтрыманне сабак небяспечнай пароды, на гараджанку — за тое, што яе сабака пакусаў дзіця. Як удакладняе тэхнік па ўліку Пружанскага КУВП «Камунальнік» Святлана Карэтка, у 2016-м і бягучым гадах абышлося толькі выдачай прадпісанняў. Між іншым, з 2001 года, калі выйшаў адпаведны нарматыўны дакумент, які абавязвае гаспадароў хатняй жывёлы рэгістраваць сваіх гадаванцаў, на ўлік на Пружаншчыне было пастаўлена ўсяго крыху больш за тысячу сабак.

Паралельна камуналь-шчыкі вядуць барацьбу з бадзяжнымі сабакамі, якая не заўсёды знаходзіць падтрымку ў грамадзян. Адловы сабак праходзяць як планава, так і паводле заявак. Дарэчы, за 2016 год на вакцыну, паліва, зарплату работнікаў і ўтрыманне месца для часовага знахо-джання сабак было выдаткавана каля шасці тысяч дэнамінаваных рублёў.

Міліцыянеры папрацавалі больш вынікова. Як паведаміў намеснік начальніка Пружанскага РАУС Аляксандр Семаковіч, летась за парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл 24 чалавекі былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, сёлета — 6. «Штомесяц у міліцыю са скаргамі на бадзяжных жывёл звяртаюцца не менш двух-трох чалавек, — удакладняе Аляксандр Анатольевіч. — Найбольш такіх тэлефанаванняў паступае з горада і Ружан».

Вядома, колькасць пакараных магла быць і большай, але ўстанавіць гаспадара жывёлы не заўсёды магчыма. Разам з тым, каб пакараць безадказнага ўладальніка, ад заяўніка неабходна пацверджанне факта: напрыклад, фотаздымак, на якім бачна, што сабака гуляе без гаспадара ці без павадка, альбо доказ таго, што жывёла нанесла шкоду здароўю чалавека ці ўрон маёмасці. У такім разе гаспадара можа чакаць не проста папярэджанне, а штраф (у залежнасці ад віду парушэння ад адной да трыццаці базавых велічынь) ці нават адміністрацыйны арышт.

Мне здаецца, каб людзі, якія заводзяць хатніх гадаванцаў, больш адказна ставіліся да ўтрымання сваіх любімцаў, тады і прэтэнзій да іх было б менш. Як не было б і скаргаў на бяздушных камунальшчыкаў, якія пераблыталі дамашняга сабаку з бадзяжным. 

Марына ВАКУЛЬСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *