Пятница, 15 декабря 2017

Прилутчинские дачницы, или Как деревня оживает к лету

271

Вёска Прылутчына найбольш аддалена ад цэнтра Шаняўскога сельсавета. Тут пастаянна пражывае толькі шэсць чалавек. Усе — пенсіённага ўзросту. Але ў цёплы перыяд года вёска трошкі ажывае, а яе насельніцтва павялічваецца за кошт так званых «дачнікаў», якія з‘язджаюцца на лета на бацькоўскія сядзібы.

Аб тым, як жывецца ў вёсцы, мы запыталіся ў пастаянных і часовых яе жыхароў.

В.А.Здановіч:

— Сама я ўраджэнка гэтай вёскі, а жыву ў Брэсце. Да выхаду на пенсію працавала ў дзіцячым садку. У цёплы перыяд года перасяляюся ў Прылутчыну, у бацькоўскую хату. Ад прыпыначнага пункта цягніка «Прылутчына» да вёскі дабіраюся пешшу. Раней тут была неблагая дарога, але цяпер яна разбіта лесавозамі, паколькі лясгас вядзе нарыхтоўку і вывазку лесу. Гэта нязручна вяскоўцам, якім патрэбна паехаць на прыём да ўрача або па лекі.

А.Г.Дэмбіцкая:

— Да выхаду на пенсію я працавала настаўніцай у Жабінкаўскім раёне. Цяпер жыву тут. Маю ўласную падсобную гаспадарку: трымаю карову, курэй, індыкаў. Праблем з забеспячэннем каровы сенам не ўзнікае. Яго дастаўляюць мне прама на падворак. За гэта, згодна з кантрактам, здаю цялят у ААТ «Шані-аграпрадукт».

М.В.Іванюковіч:

— Прыязджаю ў Прылутчыну на дачны сезон з Брэста. Раней працавалі на прысядзібным участку разам з мужам Генадзем Мікалаевічам. На жаль, у верасні мінулага года ён пайшоў з жыцця. Але мяркую працягваць засаджваць агарод. Вось толькі гной паблізу набыць цяжка: свойскай жывёлы амаль няма. Думаю, што летам узнікнуць праблемы і  са скошваннем травы: сама я касіць не ўмею. Што тычыцца забеспячэння, то два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка, дзе можна купіць неабходныя прадукты харчавання.

М.І.Кавалевіч:

— Я таксама «дачніца»: жыву ў вёсцы толькі ў цёплы перыяд года. Сёлета зноў збіраюся пасадзіць агарод, вырошчваць бульбу і кветкі, у садзе сабраць ураджай яблыкаў. Добра, што прадуктаў з абласнога цэнтра можна многа не прывозіць, а набыць неабходнае на месцы, у аўталаўцы. Непакоіць толькі стан дарогі, якая вядзе да прыпыначнага пункта цягніка.

Гутарыў Мікола АРХУЦІК. Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *