Суббота, 16 декабря 2017

Поиск работы — тоже работа. Центр занятости провел третью ярмарку вакансий в этом году

699

У сераду ў фае гарадскога Палаца культуры было шматлюдна і напружана. Тут разгарнуўся трэці ў гэтым годзе кірмаш вакансій, закліканы вырашыць, магчыма, адно з самых вострых пытанняў на сённяшні дзень – пытанне працаўладкавання насельніцтва.Для ўсіх зацікаўленых людзей упраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама падрыхтавала актуальную інфармацыю па наяўных вакансіях на прадпрыемствах горада і раёна. З гэтай мэтай на сустрэчу з людзьмі прыйшло некалькі дзясяткаў кіраўнікоў і спецыялістаў па кадрах прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай, лясной і сельскай гаспадарак, гандлю і сферы паслуг, будаўнічых арганізацый, цэнтральнай раённай бальніцы і іншых службаў раёна.

Каб спрасціць беспрацоўным пошук патрэбнай сферы дзейнасці,  былі вылучаны асобныя пляцоўкі. Акрамя таго, на вялікім стэндзе папярэдне можна было азнаёміцца  з банкам вакансій, якія прапаноўвалі ў гэты дзень.

У чым перавага такога кірмашу?

Па-першае, любы саіскальнік меў магчымасць наладзіць асабісты кантакт з «кадравікамі» некалькіх арганізацый адначасова і выбраць для сябе больш цікавую і выгадную прапанову.

Акрамя таго, спецыялісты службы занятасці тут жа давалі неабходныя рэкамендацыі, напрыклад, у выпадку адсутнасці адпаведнай адукацыі прапаноўвалі прайсці перанавучанне па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях.

Кансультавалі наведвальнікаў і па пытаннях атрымання субсідый для адкрыцця прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці. Разглядалася нават магчымасць перасялення  ў   іншы населены  пункт  з  прадастаўленнем жылля і матэрыяльнай дапамогі.

Таксама ўсім беспрацоўным была дадзена інфармацыя аб арганізацыі грамадскіх работ.

Хто ён,  саіскальнік?

У агульнай складанасці, па прыблізных падліках, на кірмаш вакансій прыйшло больш за дзвесце чалавек.  І ў кожнага — свая гісторыя і свой «працоўны лёс».

Камусьці для афармлення на пенсію не хапае стажу, хтосьці ў свой час звольніўся, каб даглядаць  цяжка хворага сваяка, а  пасля яго смерці тэрмінова шукае працу. Былі і такія, хто вырашыў змяніць цяперашнюю крыніцу  заробку, каб  забяспечыць сябе ў будучым лепшай пенсіяй. У некаторых заканчваецца кантракт, і  яны шукаюць «запасны» варыянт.

Гутарыла і з такімі людзьмі, якія працуюць зараз, але задавальнення ад гэтай дзейнасці  не атрым-ліваюць. Таму прыйшлі на кірмаш, каб заявіць наймальнікам аб сваім  нерастрачаным патэнцыяле. Былі заўважаны і пенсіянеры, якія жадаюць працаваць. “Унукі вучацца, хочам дапамагчы”, – тлумачылі яны сваю прысутнасць на падобным мерапрыемстве.

А для зборнага партрэта шукальнікаў вакансій варта дадаць яшчэ, што многіх, розных па ўзросце, адукацыі і  інтарэсах, людзей аб’яднаў і матываваў Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Якія вакансіі былі прапанаваны?

На кірмашы было заяўлена 350 вакансій, у тым ліку 227 па рабочых спецыяльнасцях. На дадзены момант у Пружанскім раёне найбольшы попыт (147 вакансій) на работнікаў сельскай гаспадаркі, у асноўным, ветэрынараў, заатэхнікаў, вадзіцеляў і трактарыстаў. 62 вакансіі ў медыцынскай сферы: у бальніцах раёна маюць патрэбу ва ўрачах, медсёстрах і вадзіцелях.

Захоўваецца ўстойлівы попыт на будаўнічыя рабочыя спецыяльнасці (38 свабодных месцаў), а таксама на леснікоў, повараў і прадаўцоў.

Што выбіралі?

Трэба адзначыць, што чэргі выстройваліся практычна  каля кожнага століка. І калі мужчыны звычайна цікавіліся памерам заробкаў і доўга абдумвалі прапанаваныя варыянты, то большасць  жанчын (прычым, як паказала размова, нават тыя, што маюць вышэйшую адукацыю) гатовы былі прыступіць да працы адразу і працаваць там, дзе не патрабуецца ніякай кваліфікацыі: прыбіральшчыцамі памяшканняў, дворнікамі, памочнікамі выхавальнікаў, санітаркамі і г.д.

Меркаванне спецыяліста

– Гэты кірмаш вакансій, на мой погляд, прайшоў з карысцю і для працадаўцаў, і для тых, хто шукае працу. Мы і раней праводзілі падобныя мерапрыемствы, але на базе сельсаветаў і ў больш вузкім  фармаце: з удзелам прадстаўнікоў асобных кадравых службаў. А сёння  запрасілі прадстаўнікоў большасці прадпрыемстваў і арганізацый горада. Вядома, сёння на рынку працы вялікая напружанасць, але  паспрабуем дапамагчы кожнаму, хто мае патрэбу.

Усе прэтэндэнты на вакансіі ўзяты наймальнікамі на заметку, і па магчымасці ў бліжэйшы час пытанне іх працаўладкавання будзе разгледжана.

Усім хочацца пажадаць: “Не апускайце рукі, не спыняйце пошукаў, выкарыс- тоўвайце ўсе варыянты”. Тым больш, што база вакансій раёна абнаўляецца штодня, а гэта значыць, не сёння, дык заўтра мы зможам што-небудзь прапанаваць, – падагульніла вынікі мерапрыемства намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Аляксандраўна Кудрэйка.

Алена Зялевіч,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

2 комментариев

  • Дмитрий

    Про размер зароботной платы-ни слова..

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Владимир Николаевич

    Городские власти стараются исполнить распоряжение руководителя страны и до 1 мая трудоустроить всех безработных,организовала «Ярмарку вакансий», однако большинство посетителей работу так и не нашли.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *