Среда, 28 октября 2020

Выпускница СШ №5 Екатерина Калюта выступила юридическим советником в Европейском суде по правам человека в Страсбурге!

1 499

Страсбург… Назва гэтага невялікага французскага горада больш за паўстагоддзе не сыходзіць з
газетных старонак. Сёння ёсць нагода ўспомніць пра яго і на старонках нашай “раёнкі”: у сакавіку ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў якасці юрыдычнага дарадцы паспяхова выступіла пружанская дзяўчына, былая вучаніца СШ №5 Кацярына Калюта.

Гэта сапраўды так. Сёння яна вучыцца ў Белдзяржуніверсітэце на факультэце міжнародных адносін па спецыяльнасці «Міжнароднае права». У складзе ўніверсітэцкай каманды дзяўчына выйшла ў фінал прэстыжнага міжнароднага конкурсу імя Рэнэ Касэна.

– Кацярына, віншую Вас з перамогай! Наколькі я ведаю, беларусы занялі першае месца сярод каманд, для якіх французская мова — замежная.

– Так і ёсць, але дадам, што і  ў агульным заліку ў нас шостае месца сярод 30  мацнейшых каманд з Францыі, Германіі, Нідэрландаў, Расіі і іншых краін. Улічваючы, што беларусы ўпершыню прымалі ўдзел у фінале, для нас гэта – вялікая перамога. Прычым шостае месца мы падзялілі з камандай з г. Лімож (Францыя), самай моцнай па пісьмовай пазіцыі,  якая значна саступіла нам у… вусным выступленні. Мы выступілі стабільна – з добрым вынікам у двух раўндах.

– Калі ласка, некалькі слоў пра пройдзеныя Вамі  этапы.

– Спачатку наш універсітэт  падаў  заяўку  на  ўдзел у конкурсе, і для фарміравання каманды быў арганізаваны ўнутраны адбор у рамках факультэта, на якім выкладчыкі ўніверсітэта, дарадцы суддзяў ЕС і спецыяльна запрошаны з Францыі адвакат праводзілі гутарку, якую я прайшла. Затым для самастойнага вывучэння нам раздалі ўмоўную судовую справу, па якой кожны падрыхтаваў пісьмовую пазіцыю. У  ходзе гэтай работы журы ацэньвала і ўзровень нашай юрыдычнай падрыхтоўкі, і ступень валодання французскай мовай.

Беларуская каманда ўпершыню ў гісторыі конкурсу паспяхова пераадолела пісьмовыя раўнды і была адабрана для прадстаўлення пазіцыі заяўніка ў Страсбургскім судзе. Раней беларусы ніколі да другога этапу не даходзілі, а тут такая перамога!

Цэлы сакавік мы адаптавалі нашу пісьмовую пазіцыю да вуснага выступлення, прадугледзелі ўсе магчымыя пытанні, якія маглі нам задаць члены журы. На трэніроўкі да нас запрашалі кампетэнтных людзей, экспертаў у судовай сферы, якія ўносілі свае праўкі. Мы ўлічылі ўсе парады.

Нарэшце ў Францыю на вусны этап адправілася сем чалавек, трое з якіх, і я ў тым ліку, непасрэдна выступалі ў галоўнай зале Еўрапейскага суда па правах чалавека.

– У чым асноўная складанасць удзелу беларусаў? Ці толькі ў мове?

– Страсбургская сістэма прававой абароны належыць да англа-саксонскай прававой сям’і, дзе асноўнай крыніцай права з’яўляецца судовы прэцэдэнт. У нашай рэспубліцы крыніца права – гэта закон. Мы працуем толькі з ім, а заходнія юрысты перачытваюць па некалькі разоў справы суда, каб знайсці там любыя зачэпкі, выдзіраюць патрэбныя фразы, на якіх і будуюць сваю аргументацыю. Мы такой юрыдычнай тэхнікай не валодаем. Тым не менш, былі некаторыя нюансы, якія мы ўбачылі, а іншыя каманды – не.

Аказалася, што беларусы рэальна не саступаюць еўрапейскім студэнтам. Проста выступалі мы ўпершыню, і  палохала гэтая невядомасць, бо журы магло задаць любое пытанне. Таму трэба было выпрацаваць у сабе пэўную стрэсаўстойлівасць, каб не разгубіцца.

– Каго канкрэтна вам прыйшлося абараняць у судзе?

– У нас была складаная справа, у якой былі пазначаны тры ўмоўныя пацярпелыя бакі, правы якіх парушаліся: непаўналетняя дзяўчына, пара людзей з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй і дзеці-сіраты, пацярпелыя ад цяжкай хваробы. Можна сказаць, нам выпалі самыя праблематычныя і цяжка рэгулюемыя сітуацыі, для вырашэння якіх трэба было прапанаваць сваю версію.

– Як гэта – знаходзіцца ў зале, у якой вяршыцца лёс Еўропы  ды і ўсяго свету?

– Я рэальна адчула веліч залы, дзе сапраўды хочуць дапамагчы чалавеку – незалежна ад яго статуса, рэлігійнай і нацыянальнай прыналежнасці. Калі пераступіла яе парог, я нібы стала часткай вялікага прававога механізма. Усё, што бачыла калісьці на малюнках і фотаздымках, нібы ажыло і датыкнулася да мяне.

Акрамя таго, не забывайце, гэта быў фінал! І мы глядзелі за гульнёй лепшых сярод нас. Я ўважліва сачыла за ходам усіх разваг, у кожнай з іх былі нюансы, якія ўзяла на заметку. У выніку ў мяне сфарміраваўся зборны вобраз ідэальнага адваката.

– Цікава, канкурсанты выступалі ў мантыях? Сама карцінка Еўрапейскага суда была адноўлена?

– Сапраўды, у рэгламенце конкурсу было прапісана, што каманды павінны выступаць у касцюмах адвакатаў узору краіны, якую яны прадстаўляюць. А так як у нас юрысты працуюць у цывільным адзенні, мы выступалі ў  строгіх  касцюмах. Гэта было, на жаль, не так прадстаўніча, як у іншых. І мы вельмі хваляваліся, што будзем ад усіх нявыгадна адрознівацца: усё ж такі, мантыя ёсць мантыя.

Але  трэба аддаць належнае членам журы: яны судзілі аб’ектыўна і непрадузята, і наш знешні выгляд  ніяк не адбіўся на канчатковых выніках.

– Як некалі  французская нацыянальная гераіня Жанна д‘Арк, Вы «ўзялі» сваю крэпасць. Але прызнайцеся, ці  ўдзел у конкурсе прынёс асабіста Вам нейкія бонусы і прэферэнцыі?

– Конкурс запраграмаваў мяне на вынік.  Мне хочацца працаваць і развівацца ў гэтым накірунку. А самы галоўны бонус – я набыла шмат сяброў, якія шчыра радаваліся выступленню беларусаў. Асабліва нас за «нашу французскую мову», прабачце за таўталогію, палюбілі французы. Але калі даведаліся, што мы яе ведаем значна лепш, чым сваю, беларускую, то былі шакіраваны. Вось яны, у адрозненне ад нас, сваю культуру вельмі шануюць!

– Вось і  раскажыце, калі ласка, крыху пра культурны складнік паездкі.

– Чатыры дні знаходжання ў Францыі сталі для мяне казкай. Мы не толькі плённа працавалі, але і ярка адпачывалі. Кожны вечар для нас праводзіліся сумесныя вечарынкі і банкеты, дзе ў свабоднай абстаноўцы на роўных можна было пагутарыць з усімі, нават з элітнымі членамі журы.

У вольны час знаёміліся са славутасцямі Страсбурга, увесь стары цэнтр якога з маленькімі, нібы цацачнымі, домікамі, цалкам уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Штогод у Страсбург прыязджаюць тысячы турыстаў, і ведаеце, што вязе дахаты практычна кожны з іх? Невялікі сувенір – маленькага плюшавага бусла. Прывезла яго і я, як сімвал яднання французаў і беларусаў.

Але самая галоўная славутасць – гэта самі жыхары, якія здзівілі сваёй унутранай прыгажосцю. Для іх няма штучна выведзенага і прынятага стандарту, для іх усе людзі ўнікальныя і прыцягальныя сваёй натуральнай прыгажосцю. З імі вельмі ўтульна сябе адчувала.

– Пэўна, марыце да іх вярнуцца?

– Без малейшага сумневу. Абавязкова буду падаваць заяўку на наступны конкурс, каб зноў  убачыць гэтых людзей.

– А што Вы хацелі б параіць нашым чытачам?

    – Execute tes reves! Ідзіце да сваёй мары!

   Гутарыла Алена Зялевіч.

Наша даведка

Конкурс Рэнэ Касэна – Еўрапейскі студэнцкі конкурс па правах чалавека. Быў створаны ў 1985 годзе асацыяцыяй Juris Ludi. Гэта спаборніцтва складаецца з правядзення (сімулявання) фіктыўных працэсаў на базе Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека. Адны каманды сімулююць падачы скаргаў на краіны-члены Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, іншыя выступаюць у якасці абаронцаў дзяржаў. Прымаюцца каманды з усяго свету.

Фінал конкурсу праходзіць у Страсбургу – у   Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

*

Страсбург – “крэпасць пры дарозе” (з нямецкай мовы). Горад і камуна на паўночным усходзе Францыі, гістарычная сталіца Эльзаса і прэфектура дэпартамента Ніжні Рэйн.

Мае статус “парламенцкай сталіцы Еўропы”, паколькі з’яўляецца месцам пасяджэння  Савета Еўропы з 1949 года і Еўрапейскага парламента — з 1992 года. Насельніцтва – 272800 чалавек.

 

 

Один комментарий

  • Яўген

    не ну гэта… «усьцешна». Вусьцішна ўсьцешна!!! Трэба нам у той бок вяртацца.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *