Пятница, 23 октября 2020

Как правильно дать объявление о продаже поросенка? На этот и другие актуальные вопросы ответил главный ветврач Пружанского района Андрей Якимчук

899

У маі споўніцца роўна год, як ветэрынарную службу Пружанскага раёна ўзначаліў А.С.Якімчук. Сёння Андрэй Сяргеевіч адказвае на найбольш актуальныя пытанні карэспандэнта, якія датычацца грамадзян, што трымаюць на падворках жывёлу.

— Андрэй Сяргеевіч, чаму такая пільная ўвага  ветэрынарнай службы раёна ў тым ліку і да прыватных гаспадарак?

— Асноўная наша задача — гэта забеспячэнне  захаванасці  буйной рагатай жывёлы, свіней і птушкі і атрыманне высакаякаснай жывёлагадоўчай прадукцыі на фермах і комплексах. Але гэта таксама і недапушчэнне  ўзнікнення  хвароб, якія перадаюцца ад жывёл чалавеку. Таму комплекс мерапрыемстваў уключае не толькі кантроль за станам грамадскага статка, але і жывёлы, што знаходзіцца на прыватных падворках.

— У мінулыя гады ў раёне было распаўсюджана такое захворванне, як лейкоз буйной рагатай жывёлы. А якое становішча цяпер?

— У прыватным сектары гэтае захворванне апошнім часам не выяўляецца. А вось што датычыцца грамадскага пагалоўя, то тут яно пакуль яшчэ сустракаецца ў ААТ «Айчына», «Агра-Калядзічы», «Ружаны-Агра».

Жывёлы, якія станоўча рэагуюць на лейкоз, на працягу тыдня адпраўляюцца на мясакамбінат. Пасля чаго робіцца ачыстка памяшканняў і іх дэзынфекцыя. З мэтай недапушчэння распаўсюджання захворвання ў кожнай з гаспадарак праводзяцца планавыя дыягнастычныя даследаванні. Як станоўчае, адзначу, што назіраецца тэндэнцыя змяншэння выпадкаў захворвання кароў лейкозам у грамадскім сектары.

— Якія захворванні буйной рагатай жывёлы турбуюць Вас больш за ўсё як галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна?     

— У гаспадарках раёна яшчэ даволі высокі працэнт непрадукцыйнага выбыцця жывёлы. Таму захаванне пагалоўя з’яўляецца галоўнай задачай ветэрынарных службаў.

Праводзяцца работы па даследаванні жывёл на туберкулёз, лейкоз і бруцэлёз. Турбуе такое захворванне кароў  дойнага статка, як мастыт: яно ўплывае на якасць малака. На малочнатаварных комплексах  адна з праблем — стан капытоў і канечнасцей у кароў. Для іх папярэджання неабходна ў абавязковым парадку праводзіць расчыстку капытнага рога, рабіць прафілактычныя ванны для капытоў.

— Ці захоўваецца ў раёне пагроза распаўсюджання  афрыканскай чумы свіней?

— Усе тыя прафілактычныя мерапрыемствы, пра якія мы гаварылі на старонках газеты раней, застаюцца ў сіле. Іх неабходна прытрымлівацца і строга выконваць. У суседніх краінах пастаянна выяўляюцца  ачагі захворвання свіней афрыканскай чумой.

У нашым раёне свінагадоўчыя комплексы «Казлы», «Клепачы» і «Бор-Ліпы» па-ранейшаму працуюць у закрытым рэжыме. Вакол іх захоўваюцца двухкіламетровыя буферныя зоны. У такіх населеных пунктах, як Бузуны, Казлы, Клепачы, Ліхачы, Пасталова, Краснае, Несцяркі, Бор-Ліпы, Калазубы, Вітараж, забараняецца трымаць свіней. Раз у квартал спецыялісты ветслужбы сумесна з прадстаўнікамі мясцовай улады праводзяць падворныя абходы ў гэтых вёсках.

Грамадзянам, якія трымаюць свіней, неабходна ўстрымацца ад наведвання лясоў без асаблівай неабходнасці. А пасля наведвання лесу, дзе могуць жыць дзікі, патрэбна праводзіць дэзынфекцыю абутку, вопраткі і рук.

Дарэчы, застаецца актуальным і такое віруснае захворванне свойскіх і дзікіх птушак, як птушыны грып. Неабходна выконваць усе прафілактычныя меры (не дапускаць кантакту свойскіх птушак з дзікімі, набываць камбікармы, прадукты птушкагадоўлі і жывых птушак толькі ў месцах санкцыянаванага гандлю, даглядаць птушак толькі ў спецыяльнай  рабочай вопратцы і г.д.).

У выпадку захворвання жывёлы або птушак іх уладальнікі павінны звярнуцца па ветэрынарную дапамогу да спецыялістаў тэрытарыяльнай сельскагаспадарчай арганізацыі або ўчастковай ветэрынарнай лячэбніцы.

— Андрэй Сяргеевіч, а калі здарылася непапраўнае: свойская жывёліна загінула?

— Гаспадарам ні ў якім разе нельга вывозіць мёртвых жывёл у лес або на сметнік. Патрэбна неадкладна выклікаць прадстаўніка ветэрынарнай службы, які падкажа, як дзейнічаць далей.

— Як прыватніку набыць вакцыну або прэпарат для лячэння жывёлы?

— Неабходна звяртацца ў ветлячэбніцу па месцы жыхарства. Калі лекі рэдкія, то іх можна заказаць таксама праз ветлячэбніцу. Мы нават дапаможам у іх дастаўцы ўладальніку жывёлы.

—Андрэй Сяргеевіч, а што трэба ведаць вяскоўцам, якія жадаюць  прадаць свініну на рынку?

— Неабходна памятаць, што забой свіней з мэтай продажу мяса і прадуктаў забою робіцца толькі ў спецыялізаваных месцах. У нашым раёне гэта забойны пункт філіяла райспажыўтаварыства «Прадтавары». Усе жывёлы перад забоем павінны прайсці ветэрынарны агляд, а мяса, мясныя і іншыя прадукты, атрыманыя пасля забою, падлягаюць абавязковай ветэрынарна-санітарнай экспертызе і  кляйменню

Прадукцыя (у тым ліку і сала) ад свіней, забітых у хатніх умовах, можа выкарыстоўвацца толькі для асабістага ўжывання.

— Ці можна падаваць аб’яву ў газету, напрыклад, аб продажы парасят?

— Спачатку патрэбна звярнуцца ў ветэрынарную службу, якая павінна засведчыць, што парасяты клінічна здаровыя. Пасля гэтага можна ўжо размяшчаць аб’яву ў газеце.

Гутарыў Мікола Архуцік.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *