Вторник, 27 октября 2020

Мастер леса Сергей Черник: «С природой не заскучаешь»

793

Сяргей Чэрнік, калі надышоў час вызначацца з будучай прафесіяй, не ўзважваў «за» і «супраць», не шукаў бліжэйшы да дому каледж, не раіўся з сябрамі. Ён яшчэ ў дзявятым класе цвёрда для сябе вырашыў, што пойдзе працаваць у лясную гаспадарку.

— З дзяцінства мне падабалася  прырода,— расказвае малады спецыяліст.— І хаця вакол Вашчынічаў, адкуль я родам і дзе жыву зараз з бацькамі, не так многа лясных масіваў, усё роўна вырашыў ісці па прыкладзе свайго дзеда, які таксама працаваў у лесе.

Хлопец даведаўся, што неабходную спецыяльнасць — майстар лесу — яму дасць навучанне ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы галіновых тэхналогій, куды ён паспяхова паступіў. Дарэчы, прыклад Сяргея і яго ўпэўненасць у правільным выбары настолькі захапіў аднакласнікаў, што разам з ім яшчэ двое паступілі на тую ж спецыяльнасць і зараз працуюць у лясгасах іншых раёнаў Брэсцкай вобласці.

Два з лішнім гады пасля заканчэння каледжа Сяргей Віктаравіч працуе ў Міхалінскім лясніцтве. Ці, магчыма, ён паспеў  за гэты час пашкадаваць аб выбары прафесіі?

Як сам прызнаецца, калі была б магчымасць зноў выбіраць, то малады спецыяліст адназначна нічога не мяняў бы. Але некалькі парад  выпускнікам школы,  якія выберуць гэтую ж спецыяльнасць, гатовы даць. Напрыклад, абавязкова загадзя па-знаёміцца  з тымі, хто  працуе ў лясной гаспадарцы, каб лягчэй потым было замацоўваць атрыманыя  веды на практыцы.

— Тэарэтычныя веды нам давалі  грунтоўныя, і, безумоўна, усё спатрэбілася, але потым многае давялося асвойваць нанава.

У набыцці практычнага вопыту, як расказвае С.В.Чэрнік, яму аказалі значную падтрымку калегі.  Ён лічыць, што проста пашанцавала з калектывам, дзе заўсёды дапамогуць добрай парадай.  Маладому спецыялісту прадпрыемства выдзеліла на старце матэрыяльную дапамогу, і  заработная плата яго задавальняе.

Сяргей Чэрнік вырашыў  набываць вышэйшую адукацыю па выбранай прафесіі — і  атрымаў поўнае адабрэнне кіраўніцтва. Зараз ён вучыцца ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, праз два гады стане інжынерам лясной гаспадаркі, а гэта ўжо перспектыва далейшага кар’ернага росту.

Нехта скардзіцца на сумную работу. Ці не пагражае падобнае нашаму герою?

Як прызнаецца Сяргей, яму падабаецца, што  ні адзін працоўны дзень работніка лесу не падобны на папярэдні. Хаця сезоны маюць нейкае падабенства паміж сабой  па тыпах работ, але заўсёды здараецца нешта новае. Давялося яму і высаджваць новыя насаджэнні, і абараняць лес ад незаконнай вырубкі  і нават пажараў. Як жартуе малады майстар лесу, ён паспеў ужо пасадзіць не адну тысячу дрэў, цяпер засталося пабудаваць свой дом і… выгадаваць сына.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *