Суббота, 31 октября 2020

Рыбный день от рыбного цеха комбината кооперативной промышленности

913

Рыба — універсальны прадукт, з якога нават у пост можна прыгатаваць спажыўныя стравы. А  яшчэ і карысныя, асабліва з марской рыбы. Таму попыт на падобную прадукцыю ў пружанскіх пакупнікоў пастаянны. Менавіта гэта было ўлічана, калі вырашаўся лёс рыбнага цэха камбіната кааператыўнай прамысловасці.

Як расказвае дырэктар прадпрыемства П.М.Феранец, пасля ўкаранення сістэмы міжнародных стандартаў і з улікам строгіх санітарных патрабаванняў паўстала пытанне рэканструкцыі або ўвогуле закрыцця структурнага падраздзялення. У выніку знайшлі кампраміс — пакінуць цэх засолкі рыбы, але адмовіліся ад яе вэнджання.

Неабходна было поўнасцю абнавіць памяшканні  ў адпаведнасці з дзеючымі зараз нормамі, наладзіць працэс, у якім  вытворчыя патокі не павінны перасякацца, набыць адпаведнае абсталяванне,— тлумачыць Павел Мікалаевіч Феранец.— Для вэнджання рыбы нам давялося б будаваць новы цэх.

Як расказвае вядучы інжынер па якасці ККП С.А.Бушко, структурнае падраздзяленне, створанае ў 2010 годзе, разлічвалася на выпуск шасці тон прадукцыі штомесяц. Сёння работа вядзецца прыкладна ў такіх жа аб’ёмах, прычым партыі  фарміруюцца па заяўках, якія паступаюць з Жабінкі, Брэста і нават сталіцы рэспублікі. Таму практычна няма затаварвання складоў. А паспяваюць выконваць усе заказы тры жанчыны.

— Самыя запатрабаваныя ў пружанскіх пакупнікоў — селядцы, кілька, скумбрыя і салака. Ёсць попыт на фарэль у вакуумнай упакоўцы. Спрабавалі перапрацоўваць гальца і стаўрыду, але вынікі рэалізацыі апошніх не задаволілі,— гаворыць Святлана Аляксандраўна.

Знутры рыбны цэх нагадвае  хутчэй  нейкую лабараторыю, дзе персанал працуе ў спецыяльным адзенні, падтрымліваецца стэрыльная чысціня, а кожнае памяшканне ў дадатак яшчэ і вызначаецца ўласным тэмпературным рэжымам. Якасць трымаецца на пастаянным кантролі, двойчы на год праводзіцца інспекцыя паказчыкаў бяспекі.

Адпаведнасць усім стандартам пацвердзіў і ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» у 2013 годзе, калі два найменні рыбнай прадукцыі камбіната кааператыўнай прамысловасці сталі лаўрэатамі з правам размяшчэння адпаведнага лагатыпа на ўпакоўцы.

Здавалася б, можна смела выходзіць на экспарт, але стрымлівае менавіта натуральнасць пружанскай рыбнай прадукцыі: з-за адмовы ад кансервантаў, акрамя солі, тэрмін годнасці і ўмовы захоўвання вельмі жорсткія. Зараз прадпрыемства распрацоўвае новыя рэцэпты, якія дазволяць крыху знізіць патрабаванні да тэмпературнага рэжыму. Гэта будуць рыбныя прэсервы «Застольныя» ў алейнай і воцатнай заліўцы, працэс вырабу якіх адпрацоўваецца з пачатку бягучага года. Першая партыя ўжо паступіла ў продаж, вывучаюцца водгукі пакупнікоў і прадаўцоў. А ў планах — іншыя напрацоўкі, якімі пружанскі рыбны цэх першымі парадуе жыхароў нашага раёна. 

На здымках: кіруе водпускам гатовай прадукцыі прыёмшчыца-здатчыца Л.І.Кот.

На ўпакоўцы працуе фасоўшчыца Т.В.Літвінчук.

Працэсам засолкі займаецца апрацоўшчыца рыбы Ж.В.Басак.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *