Четверг, 22 октября 2020

Без налога автобус… не едет

1 494

Не вельмі прыемна плаціць падаткі, і мне, як любому працуючаму чалавеку, хацелася б, каб іх было ўсё-такі менш. Аднак разумею, што, дзякуючы падобным адлічэнням, папаўняецца рэспубліканскі бюджэт. А гэта — наша страхоўка. Напрыклад, падчас хваробы, бо кожны беларус атрымае гарантаваную медыцынскую дапамогу. А таксама магчымасць даць дзецям адукацыю, спакойна хадзіць па гарадскіх вуліцах, карыстацца грамадскім транспартам, дарогамі, камунальнымі паслугамі і многім іншым.

Але ж хочацца паспрабаваць пажыць у такой дзяржаве, дзе падаткаў плацяць менш. Таму паспрабую ўявіць сабе такую краіну, хаця б на прыкладзе таго ж грамадскага транспарту.

У сусветнай сетцы неаднаразова сутыкаўся з ухваленнямі амерыканцаў сваёй падатковай сістэмай, у прыватнасці,  адсутнасцю якіх-небудзь бюджэтных датацый  для пасажырскага транспарту. У нас жа сітуацыя зусім іншая: па словах дырэктара аўтапарка №11 А.П.Вакульчыка, у нашым раёне арганізацыя перавозкі грамадзян акупляецца толькі на 44%. Прычым гэта сярэдні паказчык: на некаторых рэйсах, асабліва ў аддаленыя населеныя пункты, не  ўдаецца пакрываць і дзясятай часткі выдаткаў. Прыкладна тую ж суму, што ўдаецца атрымліваць на продажы білетаў, кампенсуе рэспубліканскі бюджэт у выглядзе датацый, якія выдаюцца своечасова і ў поўным аб’ёме.

Цяпер паспрабуем уявіць магчымую будучыню, калі дзяржава ўвогуле скіне з сябе клопат аб гэтай сферы.

Па-першае, колькасць маршрутаў адназначна давядзецца скарачаць. На сённяшні дзень, як расказвае Анатоль Пятровіч, пружанскі аўтапарк выконвае 39 прыгарадных, 13 гарадскіх  і тры міжгароднія маршруты, якія ахопліваюць 243 населеныя пункты на Пружан-шчыне. І толькі пятая частка з іх можа «пахваліцца» добрай напаўняльнасцю пасажырамі. Ёсць такія рэйсы, што перавозяць два-тры чалавекі. Нягледзячы на гэта, у галіне дзейнічае сацыяльны стандарт ахопу грамадскім транспартам вёсак, пасёлкаў і горада, згодна з умовамі якога неабходна строга выконваць перыядычнасць паездак у кожны населены пункт.

Зразумела, што пад такую дыктоўку будзе працаваць толькі дзяржаўнае прадпрыемства, пераход на «прыватныя рэйкі» поўнасцю здымае падобныя абавязкі. Вядома ж, ніхто не павязе трох пасажыраў нават на мікрааўтобусе, куды можна ўзяць не менш за дзясятак чалавек. Магчыма, нехта ў гэтым сумняваецца, але я пераканаўся на ўласным прыкладзе, калі маршрутнае таксі адмовілася везці мяне як адзінага пасажыра, бо «гэта не выгадна».

На думку дырэктара аўтапарка №11, застануцца рэйсы на  Аранчыцы  ды часткова ў Клепачы і Шарашэва. На іншых можна будзе скарыстацца толькі паслугамі таксі. Калі ж і гэта не сцірае сумненні, то раю знайсці інфармацыю пра тое, як складваецца сістэма грамадскага транспарту ў тых жа Злучаных Штатах, якія лічацца краінай з самай развітай эканомікай. Як сведчаць самі грамадзяне ЗША, такога абслугоўвання там увогуле няма. Канешне, ёсць трамваі, аўтобусы ці метро, але толькі ў самых буйных гарадах. Як  аб’ектыўна адзначыў у сваім блогу «ЖЖ» Аляксандр Чабан (http://alexcheban.livejournal.com/158365.html) як чалавек, які пабываў у Амерыцы,  «ЗША — краіна без грамадскага транспарту!». Раю прачытаць яго ўражанні і ўявіць сабе, што можа атрымацца і ў нас, калі рэспубліканскі бюджэт пазбавіцца часткі падатковых уліванняў.

Ёсць і іншыя негатыўныя наступствы, ад якіх пацерпіць больш за мільён 700 тысяч пасажыраў. Так-так, менавіта столькі чалавек перавёз наш аўтапарк за мінулы год. Пра магчымыя складанасці з вырашэннем пытання, як без уласнага аўтамабіля дабрацца ў нейкае месца на карце раёна, расказаў вышэй. А калі ж аўтобус усё-такі будзе, то білет падаражае ўтрая. Гэта па самых сціплых падліках, хаця дакладна вядома, што ні адзін прадпрымальнік не возьмецца за справу, калі яна не прынясе прыбытку.

Варта яшчэ адзначыць, што разам з сацыяльнымі стандартамі знікне з правілаў грамадскіх перавозак такое азначэнне, як «сацыяльна неабароненыя катэгорыі пасажыраў»: толькі з пачатку бягучага года аўтобусы аўтапарка перавезлі 59 тысяч такіх  ільготнікаў — дзяцей ва ўзросце да шасці гадоў або школьнікаў да месца вучобы, інвалідаў першай і другой групы і іншых падобных пасажыраў. Некаторыя з якіх увогуле карыстаюцца такой паслугай бясплатна. Калі ў мяне і ў іншых працуючых перастануць адлічваць падаткі на датаванне грамадскіх перавозак, то яны такой магчымасці  проста пазбавяцца.

Вось і атрымліваецца, што падатковы цяжар аблегчыць усё-такі можна, аднак нам давядзецца прывыкаць жыць у зусім іншых эканамічных рэаліях. І наўрад ці яны спадабаюцца цяперашняму пакаленню, якое прывыкла карыстацца сучаснымі сацыяльнымі гарантыямі пры падтрымцы рэспубліканскага бюджэту.

Алег СІДАРЭНКА. Фота Сяргея Талашкевіча.

 

2 комментариев

  • Дмитрий

    Особенно верю в бесплатную медицину…статья-госзаказ.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • ёсць

    так змест дубінак лепш аўтобусы і паліва да іх купіць

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *