Четверг, 15 апреля 2021

В хоккейном турнире «Беловежская пуща — 2017» победила команда с Украины. Лучшим бомбардиром признан пружанский игрок

793

У мінулыя выхадныя ў Лядовым палацы ў Пружанах праходзіў міжнародны дзіцячы турнір па хакеі «Белавежская пушча-2017». Сёлетнія спаборніцтвы ў нашым горадзе ўжо дзясятыя па ліку, удзел у іх бралі юныя хакеісты 2006 года нараджэння і маладзей.

Падчас урачыстага адкрыцця да хакеістаў і балельшчыкаў звярнуўся з прамовай намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец. Прагучалі гімны Рэспублікі Беларусь і Украіны. Традыцыйна дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах паднеслі капітанам каманд караваі. 

Па кругавой сістэме барацьбу за перамогу вялі каманды «Спарта» (Луцк, Украіна), ХК «Ліда», ХК «Брэст», «Зубры» (зборная Брэсцкай вобласці), «ДЮСШ №2» (Пружаны).

Першымі скрыжавалі клюшкі на лёдзе хакеісты «ДЮСШ №2» і госці з Украіны. Першы перыяд застаўся за пружанскімі хакеістамі — 3:1. Па ходзе другога гульнявога адрэзка нашы вялі з лікам 4:2, але хакеісты «Спарты» зраўнялі лік — 4:4. А вось трэці перыяд гаспадары правалілі. Фінальная сірэна зафіксавала перамогу «Спарты» з лікам 9:6.

У другім сваім матчы нашы змагаліся з ХК «Ліда». Матч выдаўся ўпартым і трымаў у напружанні балельшчыкаў да самай апошняй секунды. Пры ліку 1:2 каманда «ДЮСШ №2» замяніла варатара шостым палявым іграком, але прапусціла шайбу ў пустыя вароты.

У матчы паміж «Зубрамі» і «ДЮСШ №2» была закінута 21 шайба! Пружанцы перамаглі з лікам 12:9.

У апошнім матчы турніру адносіны высвятлялі ХК «Брэст» і «ДЮСШ №2». Упарты паядынак не выявіў пераможцу — 3:3.

Па выніках турніру ні адна з каманд не набрала максімальнай колькасці ачкоў. Хакеісты «Спарты» атрымалі тры перамогі і згулялі ўнічыю з ХК «Брэст». ХК «Брэст» тры сваіх сустрэчы завяршыў  унічыю і перагуляў толькі «Зуброў». ХК «Ліда» атрымала дзве перамогі, саступіла «Спарце» і згуляла ўнічыю з ХК «Брэст». На рахунку нашых хакеістаў — адна перамога, адна нічыя і два паражэнні. «Зубры» не набралі ніводнага ачка.

Такім чынам, галоўны прыз турніру дастаўся хакеістам «Спарты» і адправіўся ў Луцк. Другое месца заняў ХК «Брэст», трэцяе — ХК «Ліда».

Падчас закрыцця турніру лепшыя каманды ўзнагароджаны кубкамі і медалямі. Спецыяльныя прызы атрымалі хакеісты ў кожным з гульнявых амплуа. Прыемна, што лепшым бамбардзірам стаў наш Алег Панамарэнка.

На здымку: міжнародны турнір стаў сяброўскім не толькі ў спартыўным плане. Падчас яго ўсе разам правялі акцыю ў падтрымку 13-гадовага хакеіста з  каманды «Лідскія львы»  Вадзіма Ашмяна, якому патрабуецца дарагая аперацыя і лячэнне за мяжой.

Мікола АРХУЦІК. Фота з сацыяльных сетак.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *