Четверг, 15 апреля 2021

В Клепачах прошел районный конкурс операторов машинного доения

2 184

Конкурс прафесійнага майстэрства сярод даярак у савецкія часы праводзіўся рэгулярна. Праўда, з павышэннем узроўню неабходных ведаў і ўменняў людзей, якія абслугоўвалі дойны статак, з аўтаматызацыяй вытворчых працэсаў на фермах гэтых сельскіх працаўнікоў пачалі называць аператарамі машыннага даення. Разам з назвай прафесіі адышла ў нябыт і практыка спаборніцтваў паміж майстрамі даення.

І вось  праз шмат гадоў конкурс прафесійнага майстэрства сярод аператараў машыннага даення вырашылі аднавіць. Гэтая ініцыятыва належыць Брэсцкаму абкаму прафсаюза работнікаў АПК, камітэту па  сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкаму абласному аграпрамысловаму саюзу.

«На маю думку, мерапрыемства, у першую чаргу, дазволіць работнікам лепшых малочнатаварных комплексаў раёна абмяняцца вопытам, напрацоўкамі, а ў выніку павысіць сваё прафесійнае майстэрства, — дзеліцца сваім меркаваннем старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.І.Ярома. — Вядома, што якасць і колькасць надоенага малака ў немалой ступені залежаць ад аператараў, якія абслугоўваюць  дойны статак. А павышэнне іх прафесіяналізму станоўча адаб’ецца як на зарплатах работнікаў МТК, так і на стане сельскагаспадарчай галіны ўвогуле».

Сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў раённым этапе конкурсу дэлегавалі шэсць валаўтваральных  гаспадарак: ААТ «Агра-Калядзічы», «Шані-аграпрадукт», «Жураўлінае», «Мурава», «Ружаны-Агра» і «Велікасельскае  Агра». Усяго ў прафесійным майстэрстве мераліся сіламі 15 чалавек.

Канкурсантаў чакаў шэраг выпрабаванняў: тэставыя заданні на праверку тэарэтычных ведаў, практыкаванні па разборцы-зборцы даільнага апарата, дэманстрацыя алгарытму падключэння і адключэння абсталявання. Акрамя таго, журы ўлічвала культуру работы, паўнату адказаў на дадатковыя пытанні.

Лепшых вызначалі ў дзвюх узроставых катэгорыях. Абсалютнай пераможцай сярод аператараў машыннага даення ва ўзросце больш за 31 год стала работніца ААТ «Велікасельскае Агра» Ірына Казмярчук. Другое месца дасталося Алене Ярашэвіч з ААТ «Агра-Калядзічы», трэцяе — Алене Коваль з ААТ «Ружаны-Агра».

Сярод маладых аператараў лепшай была прызнана Вікторыя Ільіна з ААТ «Шані-аграпрадукт». Аліна Наумовіч (ААТ «Мурава») паказала другі вынік, Алеся Падураева (ААТ «Жураўлінае») — трэці.

Падарункам удзельнікам конкурсу стала музычная праграма ад артыстаў Кляпацкага Дома культуры, а пераможцы атрымалі дыпломы і грашовыя ўзнагароды. Каманда лепшых аператараў машыннага даення, у склад якой увойдуць тры ўдзельнікі, прадставіць Пружанскі раён на абласным этапе прафесійнага спаборніцтва.

Вікторыя Ільіна — пераможца раённага этапу конкурсу аператараў машыннага даення ва ўзроставай катэгорыі да 31 года — працуе ў ААТ «Шані-аграпрадукт» крыху больш двух гадоў. Нягледзячы на невялікі вопыт работы ў жывёлагадоўлі, дзяўчына ўжо цудоўна разбіраецца ў працэсе вытворчасці малака, што і прадэманстравала журы. У тым ліку дзякуючы і яе намаганням на комплексе, дзе яна працуе, летась атрымалі 6090 кілаграмаў малака ад каровы. 

Марына Вакульская,   Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *