Суббота, 12 июня 2021

Инициатива «В ногу со временем»: пружанские пенсионеры продолжают учить итальянский и осваивают компьютер

935

Мінуў год, як пры Пружанскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пачало працаваць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. 

Папулярнасць, якой яно карыстаецца з першых дзён, толькі пацвярджае правільнасць рашэння падтрымаць людзей, што маюць у гэтым найбольшую патрэбу. Як паказала жыццё, непадробную цікаўнасць у пружанскіх пенсіянераў выклікала вывучэнне італьянскай мовы і асваенне камп’ютарнай тэхнікі. Гэта і падштурхнула кіраўніцтва аддзялення прыняць удзел у праекце ЕС/ПРААН «Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Так была распрацавана мясцовая ініцыятыва «У нагу з часам». У ЕС заяўку прызналі адной з лепшых і прынялі рашэнне выдзеліць фінансавую падтрымку на яе рэалізацыю.

Пра асноўныя ідэі, якія былі пакладзены ў мясцовую ініцыятыву, расказвае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Марына Кавальчук:

— Ініцыятыва накіравана на адукацыйную падтрымку пажылых. Людзі «залатога» ўзросту, як правіла, не ўмеюць працаваць з сучаснымі сродкамі камунікацыі: большасць пенсіянераў ніколі не мела вопыту  работы за камп’ютарам, не  знаёма з інтэрнэтам, электроннымі сэрвісамі. Каб пазбегнуць інфармацыйнай і сацыяльнай ізаляцыі, і  была распрацавана праграма для правядзення камп’ютарных заняткаў. Зразумела, для гэтага аднаго толькі памяшкання не дастаткова — патрабуецца адпаведная тэхніка.

Дапамагчы пажылому чалавеку быць у кантакце са светам, павысіць інтэрнэт-граматнасць людзей старэйшага пакалення — задача выкладчыка камп’ютарнага гуртка Аляксея Карымава.

— Вучэбная праграма распрацавана з улікам таго, якія прыкладныя праграмы і сэрвісы могуць спатрэбіцца пенсіянерам у паўсядзённым жыцці, — зазначае ён. — Напрыклад, праз інтэрнэт аплачваць паслугі ЖКГ, рабіць пакупкі, ажыццяўляць банкаўскія аперацыі, заказваць талоны да ўрача і білеты на чыгуначны транспарт, мець зносіны з роднымі і сябрамі, выкарыстоўваючы электронную пошту, скайп, сацыяльныя сеткі.

Дарэчы, заняткі гуртка камп’ютарнай граматнасці даступны не толькі гараджанам, але і жыхарам сельскіх населеных пунктаў: Белавусаўшчыны, Шанёў, Арабнікаў, Новых Засімавічаў, Вялікіх Якавічаў і інш.

Навукова даказана, што вывучэнне замежнай мовы ў сталым узросце стымулюе разумовую дзейнасць, паляпшае работу галаўнога мозгу і развівае памяць. Таму невыпадкова ініцыятыва «У нагу з часам» мае на ўвазе ўдасканаленне дзейнасці гуртка па вывучэнні італьянскай мовы, які паспяхова функцыянуе ўжо больш года. Але для правядзення больш цікавых і змястоўных урокаў не  хапае метадычных матэрыялаў і абсталявання. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрасаюза заняткі выйдуць на больш якасны ўзровень: будуць выкарыстоўвацца новыя інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі, пенсіянеры змогуць пазнаёміцца з культурай, славутасцямі, традыцыямі Італіі, у тым ліку дзякуючы зносінам з носьбітамі італьянскай мовы праз скайп. 

Але самае галоўнае, чаго хацелася ініцыятарам задумкі, — палепшыць якасць жыцця пажылых людзей, павысіць інфармаванасць, граматнасць, навучыць карыстацца «сродкамі цывілізацыі». Адным словам, дапамагчы заставацца сучаснымі незалежна ад узросту.

Марына Вакульская

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *