Воскресенье, 22 апреля 2018

Часовых дел мастер Антонина Дыба: «Очень грустно от мысли, что на мое место никто не придет…»

643

Антаніна Васільеўна Дыба без малога 40 гадоў працуе гадзіннікавым майстрам і лепш за іншых ведае, якім гадзіннікам пружанцы аддаюць перавагу. Адкрыўшы дзверы сваёй, адзінай у раёне, майстэрні, яна клапатліва схіляецца над раскрытым храміраваным корпусам. Вялікая колькасць гадзіннікаў на сцяне, паліцах і стале сваім ціканнем і перыядычным боем толькі надаюць важнасць загадкаваму працэсу.

— Антаніна Васільеўна, прызнайцеся, такая цікавасць да справы ў Вас з дзяцінства? А можа, хто параіў гэтую прафесію?

— Чамусьці лічыцца, што прафесія гадзіннікавага майстра перадаецца з пакалення ў пакаленне. Але ў маім родзе не было майстроў. Больш скажу, я марыла быць пчаляром, але мама адгаварыла, маўляў, маленькая такая, як пакусаюць пчолы, то жывога месца на табе не застанецца. І я вырашыла адправіцца вучыцца на афіцыянта. А як пачула неяк у свой адрас: «Захацела посуд пацягаць?», — то ўсё. Як рукой зняло тое жаданне. Пчолы разляцеліся, посуд разбіўся… Што далей? Куды падацца? Іду, галаву павесіўшы, на аўтастанцыю і ад няма чаго рабіць падыходжу да ларочка, дзе гадзіннікі рамантавалі. Там, дарэчы, майстрам была жанчына. Спынілася, уткнулася ў шкло і… прапала. Як прычаравалі мяне гэтыя механізмы – лупы, пінцэцікі, адвёрткі. Рашэнне стаць такім майстрам было прынята імгненна і канчаткова.

—  І дзе вучыліся? Увогуле самі Вы адкуль родам?

—  Я родам з в. Верхалессе Кобрынскага раёна. Пасля заканчэння школы адразу паехала паступаць у Гродна — у ДПТВ бытавога абслугоўвання, там вельмі цікавая форма навучання была: тыдзень вучобы, тыдзень практыкі. Адвучылася год, потым працавала ў Ружанах, а праз год мяне перавялі ў Пружаны.

— Працавалі побач з прафесіяналамі?

—  У Ружанах я была адзіным майстрам гадзіннікаў, таму было вельмі цяжка:не было каму даць мне параду. А вось у Пружанах стала лягчэй. Тут тады было шмат прафесіяналаў. Добра памятаю той год, васьмідзясяты. Алімпіяда. У Белых лаўках, калі памятаеце, працаваў такі Барыс Пятровіч Жукоўскі, а ва ўніверсаме — Іван Пашкевіч. Да іх заўсёды можна было падысці па параду і дапамогу. Бывала, і дэталькі якія падкінуць. Ды і ва ўнівермагу я тады працавала з напарніцай, было весялей. А цяпер я адна на ўвесь раён.

— Раскрыйце сакрэт, якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны гадзіншчык?

—  Добрай маторыкай рук, уседлівасцю, увагай і вялікім цярпеннем. Адзін няправільны рух і можна загубіць механізм. Неяк прыйшла да мяне дачка, сядзіць і назірае за маёй працай. І вось я спрабую паставіць магнітнае кальцо: раз, другі, трэці … Я не лічыла, колькі разоў яно падала і колькі разоў я яго спрабавала ўтрымаць. А дачка кажа: «Мама! Колькі ў цябе цярпення! Ты яго ўжо ў пяты раз падымаеш! Я не вытрымала б ні дня на тваім месцы».

— А якасныя гадзіннікі? Як іх адрозніць ад падробкі?

—  Зараз вельмі складана разабрацца ў гэтым. Толькі па адным вонкавым выглядзе, не зазіраючы ўнутр гадзінніка, падробку практычна немагчыма вызначыць. Я сама, пакуль вечка не адкрыю, магу і не разабрацца. Дарэчы, далёка не заўсёды добры дызайн адпавядае якасці. Бываюць вельмі прыгожыя мадэлі, а ўнутры ўсё зроблена дрэнна. Ці наадварот: усё начынне японскае, а корпус цалкам непрывабны. Трэба сказаць, што ранейшыя надзейныя і трывалыя беларускія «лучи», па якасці нічым не саступалі «раскосым» братам.

—  Але і яны страцілі папулярнасць са з’яўленнем мабільных тэлефонаў?

—  Спачатку так і было. Я думала, што зусім застануся без работы. Але, калі мабільныя тэлефоны з’явіліся ва ўсіх, гадзіннікі зноў увайшлі ў моду, больш таго, яны сталі расцэньвацца, як важны аксесуар, прадмет іміджу і стылю. Цяпер вельмі прэстыжна мець на руцэ гадзіннік, ды яшчэ з падыходзячым да касцюма раменьчыкам — на любы выпадак жыцця.

—  А якім гадзіннікам Вы аддаеце перавагу?

— Толькі механічным. Я такое задавальненне атрымліваю ад іх цікання!

—  А з якой, на Вашу думку, прафесіяй у гадзіншчыка больш падабенства — хірурга, снайпера або ювеліра?

—  Дакладна не са снайперам: ён знішчае, а я ствараю. І нават не з хірургам: ён працуе з жывым чалавекам, а тут усё-такі халодны метал. Хаця, калі да мяне прыносяць «спыненыя» механізмы і я іх рамантую, то ствараецца адчуванне, быццам ажыўляю. Думаю, што найбольш падабенства – з ювелірам, які таксама працуе з драбнюткімі дэталямі і, каб лепш бачыць, выкарыстоўвае моцнае павелічальнае шкло. Адзін няправільны рух, і можна канчаткова даламаць механізм.

—  А ці былі моманты, калі Вы не змаглі адрамантаваць гадзіннік?

—  Былі, але толькі па адной прычыне — адсутнасці дэталяў. Яшчэ не было гадзінніка, сістэму якога я не змагла б адолець. Як гаворыцца: дайце мне кропку апоры, і я перавярну свет, гэтак жа і я, дайце мне ўсе неабходныя запчасткі і я адрамантую любыя гадзіннікі.

—  Колькі часу ў сярэднім доўжыцца рамонт?

—  Па-рознаму. Самая хуткая маніпуляцыя, напрыклад, устаноўка вушка, займае пару хвілін. Бывае, і два-тры дні рамантую. Нешта не атрымліваецца, адкладу ў бок, потым праз некаторы час да тых гадзіннікаў зноў вяртаюся. Наогул, чым яны складаней, тым цікавей мне з імі працаваць.

—  Кажуць, што ў кожнага гадзіншчыка ёсць свае механічныя «донары», якія не падлягаюць рамонту і выкарыстоўваюцца на запчасткі.

—  Яны ў мяне пад нагамі, вось у гэтых шматлікіх скрынках. Штосьці сама збірала, а бывае, што людзі прыносяць рэчы канкрэтна на дэталі. Вось сёння жанчына аддала мне чатыры такія гадзіннікі і пайшла купляць новыя. А паглядзеўшы на цэны, вярнулася і папрасіла хоць адзін з іх паспрабаваць адрамантаваць.

— Цікава, а кім бы вы сталі, калі б не атрымалася працаваць гадзіншчыкам?

— Мне цяжка адказаць. Здаецца, што я нарадзілася з гадзіннікамі. Я буду працаваць столькі, колькі дазволіць здароўе. Вельмі і вельмі сумна ад думкі, што калі я пайду, то на маё месца не знойдзецца майстра. Вось што тады? Застанецца толькі купляць новыя гадзіннікі.

Гутарыла Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *