Вторник, 19 июня 2018

Маленькая девочка с большим сердцем. Пятиклассница отвоевала у собак котенка и вылечила его

784

Мне б хацелася распавесці вам адну гісторыю, якая здарылася, як цяпер памятаю, 16 лютага. Я вярталася з працы дадому па вуліцы Юбілейнай. У той дзень надвор’е, у цэлым, не цешыла, а пад вечар мароз стаў мацнець яшчэ больш, пранізлівы вецер штурхаў у спіну, прымушаючы бегчы, не азіраючыся…

Як раптам ззаду злосна загыркалі. Я павярнулася і ўбачыла зграю раз’юшаных сабак-бадзяг, якія ўчапіліся ў нейкі пухнаты плямісты камячок. Страшны ашчэр сабак нагадваў, што мне лепш адысці далей. Інстынктыўна адступіўшы на пару крокаў, я спынілася ля машыны, якая стаяла побач з пад’ездам, і застыла на месцы: страх цалкам паралізаваў маю волю. Волю чалавека, які ўпершыню ў жыцці адчуў сябе баязліўцам.

Сабакі зводзілі рахункі з кацянём. Яны падкідвалі яго, яно падала, і яны зноў яго бязлітасна шпурлялі. Я не ведаю, чым бы скончылася гэтая страшная карціна, калі б не маленькая дзяўчынка, якая выбегла з пад’езда. Усё адбылося імгненна: яна вырвала ў сабак пакутніка, прыціснула да грудзей яго дрыготкае скрываўленае цельца і, апусціўшы галаву, моўчкі прайшла міма мяне… “Не данясе”, — падумала я, ледзь разгледзеўшы ці не адзіную прыкмету тлеючага ў кацяняці жыцця — адкрытыя вочкі, поўныя слёз. Але яна данесла…

Прайшоў роўна месяц, як у жыцці трохмаснай кошачкі Муські, выкінутай на вуліцу сваімі ранейшымі гаспадарамі, з’явілася Паліна Шаўчэнка, вучаніца 5 “А” класа СШ № 5, якая акружыла яе сваёй любоўю і клопатам. Хатняя жывёла не толькі выжыла, але праз месяц пасля таго нападу ўжо бегала і скакала.

— Згадзіцеся, яна ў нас прыгажуня? Ой, каб Вы бачылі, якая яна была! Хвост у ледзяшах, а ў вачах слёзы. Ёй сабакі пракусілі носік, падрапалі вочкі. Два тыдні нічога не ела, толькі піла. Палінка разводзіла цукар у вадзе і адпойвала яе з піпеткі, а яшчэ закапвала лекі. А пасля, акурат на мой дзень нараджэння, наша «кіцунька» зрабіла мне падарунак — з’ела першы кавалачак мяска, — замілоўваецца бабуля.

— Паліна, а ты ні на імгненне не сумнявалася, што бабуля дазволіць узяць кацяня?

— Я больш з-за дзядулі перажывала. У нас на дачы часам па сем-восем катоў збіраюцца, і ён іх падкормлівае. Я неаднойчы прасіла ўзяць хоць аднаго ў кватэру, але дзед не дазваляў. Але на гэты раз у яго, відаць, не хапіла сіл мне адмовіць. А зараз не нарадуецца…

Пухнатая прыгажуня. Па-першае, добра выхаваная. Па-другое, не патрабавальная ў ежы: любіць і хлеб, і бульбу. Па-трэцяе, вельмі гуллівая. Прычым гэтае няспыннае жаданне гуляць з усімі ў Муські прачынаецца тады, калі ва ўсіх дамачадцаў ужо зліпаюцца вочы. Як толькі набліжаецца ноч, кошачка пачынае падкідваць сваю любімую цацку, званочак, нібы дае ўсім зразумець: уставайце, лежабокі. Праўда, і выспацца яна дае, і ўмее зняць як фізічны, так і душэўны боль.

  — Вось ужо два гады прайшло, як у Паліны памерла мама, увесь гэты час унучка не магла спаць адна ў сваім пакоі. І толькі кошачка дапамагла ёй перажыць трагедыю. Муська так любіць спаць з ёю, — дзеліцца сваім болем Ганна Сцяпанаўна.

— Жывёлы ўсе адчуваюць, — дадае следам дзяўчынка. — Вы ведаеце, у нас на дачы жыве яшчэ адзін мой пухнаты сябар — мамін сабака па мянушцы Умка. Дык вось, калі мама цяжка хварэла, ён, нібы прадчуваючы бяду, жаласліва выў. А пасля яе смерці некалькі разоў уцякаў да яе на могілкі, у Слабудку. Умка вельмі чуйны. Можа таму, у той лютаўскі вечар я і не спалохалася сабак. Сэрца, вядома ж, калацілася, але я вінаваціла не іх, а людзей, якія выкінулі небарак на вуліцу…

… Я з зачараваннем слухала дзяўчынку і думала пра Бога, які такі вялікі, што месціць у сабе цэлы сусвет, і ў той жа час такі маленькі, што месціцца ў сэрцы адной пружанскай дзяўчынкі. А можа, гэта сэрца ў яе такое вялікае? Як вы думаеце, сябры?

Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *