Среда, 25 апреля 2018

В Пружанском районе уже приступили к заготовке березового сока

625

Рабочыя лясной гаспадаркі ўжо прыступілі да нарыхтоўкі бярозавага соку.

Адметна, што гэтай вясной бярозы «заплакалі» значна раней звычайнага: у Гарадзечненскім лясніцтве, напрыклад, масавая падсочка дрэў пачалася дзявятага сакавіка. Тут нарыхтоўка соку сёлета вядзецца на трох невялікіх дзялянках ва ўрочышчы, якое па-мясцоваму называюць «каля Капусты». За пару дзён сын і бацька Міраноўскія, якія другі год запар займаюцца нарыхтоўкай соку па дагаворы, падсочылі каля 500 дрэў. Усяго плануецца пусціць сок з тысячы бяроз.    

— Увогуле, наш лесаўчастак мае сваю асаблівасць, — расказвае ляснічы Гарадзечненскага лясніцтва Ігар Янушка. — Бярозавых гаёў на тэрыторыі лясніцтва практычна няма: каля 90% плошчы займаюць сасновыя насаджэнні. Тым не менш, плануем сабраць да 65 тон напою.Праўда, колькі соку ўдасца сабраць, залежыць толькі ад надвор’я. Пакуль каранёвая сістэма дрэў як след не прагрэецца, бярозы будуць «плакаць» дрэнна. А калі ўсталюецца сапраўднае вясенняе цяпло, сок страціць свае карысныя якасці.  

Большая частка сабранага на тэрыторыі Гарадзечненскага лясніцтва ўраджаю адпраўляецца на перапрацоўку на ААТ «Пружанскі кансервавы завод» і ААТ «Савушкін прадукт». Не страчвае бярозавік папулярнасці і сярод насельніцтва: купіць сок прама на дзялянцы прыязджаюць нават жыхары Брэста.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *