Воскресенье, 22 апреля 2018

Не сжигайте весну! МЧС напоминает об опасности весенних палов

470

Для падраздзяленняў МНС пачатак вясны заўсёды з’яўляецца самым гарачым сезонам. Справа ў тым, што ўладальнікі прысядзібных участкаў і загарадных дач актыўна пачынаюць праводзіць паслязімовую ўборку. А значыць, проста спальваюць сухую траву, лісце і сабранае за зіму смецце. — У сакавіку-красавіку ў нашым раёне рэдка які дзень бывае без ветру,— расказвае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.А.Ганчароў.— І спальванне сухога смецця ў такія перыяды вельмі небяспечна з-за таго, што агонь хутка можа стаць непадкантрольным.

Неаднаразова навукоўцы-біёлагі папярэджвалі, што вясеннія палы наносяць значны ўрон экалогіі. Аднак гэта яшчэ пагроза і жылым дамам, і самім людзям. У 2015 годзе, калі была вельмі сухая вясна, супрацоўнікі РАНС прымалі ўдзел у тушэнні 55 узгаранняў травы. На вялікіх плошчах была знішчана расліннасць, нават пацярпелі лясы. У агні загінуў адзін чалавек. За распальванне бескантрольных кастроў прадугледжана толькі адміністрацыйная адказнасць: пратаколы ў той год былі складзены на 11 чалавек. Летась сітуацыя была крыху спакайнейшая: тры пажары з-за выпальвання сухой травы і два грамадзяніна, якіх пакаралі рублём. У бягучым годзе пакуль хапае вільгаці і вясеннія палы не набылі масавы характар. Але ж вясна толькі пачалася, і ніхто не дасць станоўчых прагнозаў наперад.

Зразумела, што парадак на зямлі наводзіць трэба, потым вока будзе радаваць прыгажосць навокал. Вось толькі рабіць гэта можна рознымі спосабамі. Рацыянальныя гаспадары не лічаць сухую траву ці лісце смеццем: гэта выдатнае арганічнае ўгнаенне, якое хутка пераўтвараецца ў кампост і можа быць выкарыстана практычна для любых агароднінных культур. Калі ж ніякай магчымасці пазбавіцца смецця, акрамя яго спальвання, няма, то выконваць гэта неабходна з захаваннем строгіх правілаў.

 

— разводзіць кастры можна толькі на адлегласці не менш за 10 метраў ад жылля і іншых пабудоў, не менш за 20 метраў да лесу, да сціртаў саломы або сена — 30 метраў;

— ні ў якім разе нельга запальваць смецце, калі дзень ветраны і парывы ветру маюць хуткасць больш за 5 метраў у секунду;

— пакуль гарыць агонь, каля яго павінен знаходзіцца чалавек для кантролю, які павінен мець сродкі тушэння — вядро з вадой або пяском, рыдлёўку;

— катэгарычна забараняецца разводзіць кастры ў хваёвых маладняках, на старых гарэльніках, у лесасеках і на тарфяніках. 

Адказнасць: у адпаведнасці з арт.15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за выпальванне сухой расліннасці і смецця або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў прадугледжана накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь, а арт.15.58 за распальванне кастроў у забароненых месцах можа стаць прычынай вынясення папярэджання або матэрыяльнага пакарання ў памеры да 12 базавых велічынь. 

Калі вы заўважылі пажар ці нават дым, неадкладна паведаміце аб убачаным па нумары 101 з любога тэлефона.

Алег СІДАРЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *