Пятница, 19 января 2018

Весенний день год кормит. На полях района начались работы

513

Кожная вясна мае свае адметныя асаблівасці. Не стала выключэннем і сёлетняя. Яшчэ ў канцы лютага палеткі вызваліліся ад снегу, а пачатак сакавіка ўвогуле здзівіў сваімі тэмпературнымі паказчыкамі.

Як вядома, веснавы дзень год корміць. Гэтай мудрасці імкнуцца прытрымлівацца сельскія працаўнікі ААТ «Жураўлінае». Як толькі сышоў снег, тэхніку вывелі на палеткі і луга-пашавыя ўгоддзі. Усе агрэгаты, якія будуць за-дзейнічаны на пасяўной, своечасова прайшлі тэхнічны агляд. Хапае паліва, мінеральных угнаенняў, кандыцыйнага насення.

У «Жураўліным» уносяць калійныя ўгнаенні пад яравыя збожжавыя. Уключыліся ў работу і культыватары. Пасля калійных тукаў заправяць глебу азотнымі, потым прыступяць да сяўбы.

Вядзецца падкормка шматгадовых траў, сенажацяў і пашы.

Увесь яравы клін у ААТ «Жураўлінае» зойме каля 3,5 тысячы гектараў. На плошчы 900 гектараў будуць пасеяны раннія збожжавыя, а 2500 гектараў адводзіцца пад кукурузу.

Азімыя збожжавыя ў гаспадарцы мінулай восенню былі пасеяны на плошчы 2050 гектараў. Цяпер яны знаходзяцца ў нармальным стане і чакаюць падкормкі азотнымі ўгнаеннямі.

На ўсіх 600 гектарах без страт пасля зімоўкі выйшаў азімы рапс. Калі і далей надвор’е будзе спрыяць земляробам, можна разлічваць на добры ўраджай.

Кіпіць напружаная праца і на палетках ААТ «Агра-Калядзічы». Тут падкармліваюць азімыя збожжавыя, пашы, сенажаці і шматгадовыя травы, уносяць мінеральныя ўгнаенні пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя. Тэхнікі, паліва, мінеральных угнаенняў хапае, каб працаваць увесь светлавы дзень. Усе, хто задзейнічаны на веснавых палявых работах, забяспечаны гарачым харчаваннем.

Калі надвор’е і далей будзе такім жа цёплым, то ў гаспадарцы вось-вось пачнецца сяўба ранніх каласавых культур.

Актыўна вядзецца падкормка сенажацяў і пашы, а таксама шматгадовых траў у ААТ «Шані-аграпрадукт», «Вялікасельскае Агра», «Радзіма», «Ліноўскае», «Ружаны-Агра».

У цэлым па раёне гэтыя работы неабходна выканаць на плошчы каля 35 тысяч гектараў.

Выйшлі ў поле і механізатары механізаванага атрада ААТ «Пружанскі льнозавод». Вядзецца ўнясенне ўгнаенняў і падрыхтоўка глебы пад сяўбу лёну. Дарэчы, сёлета пад даўгунцом перапрацоўчае прадпрыемства плануе заняць 2,8 тысячы гектараў зямель.

Ранняя вясна прымушае паспяшацца, і аграрыі не раскачваюцца. Палявыя работы па тэмпах прыкладна на два тыдні апярэджваюць мінулагоднія. Зрэшты, ад гэтага ў сельгаспрадпрыемствах спадзяюцца толькі выйграць.

Мікола АРХУЦІК.

На здымках: начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Х.Лапыка аглядае пасевы азімага рапсу разам з галоўным аграномам ААТ «Агра-Калядзічы» Л.У.Чарняком;

выконваючы абавязкі галоўнага агранома ААТ «Жураўлінае» С.І.Капіца, механізатары В.І.Паляшчук і Д.М.Ціцянкоў.

Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *