Больш за два месяцы мяне не было ў Беларусі: разам з дзіцём гасцілі ў родзічаў, якія жывуць за мяжой. Сыну ўсяго толькі два гады, і я атрымліваю на яго дапамогу. Знаёмая сказала, што я павінна паведаміць пра гэта ў адпаведныя інстанцыі, каб не было праблем. Навошта?
Наталля, г.Пружаны.
Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама паведамілі, што Ваша знаёмая мае рацыю.
Начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога абслугоўвання В.У.Іваніцкая ўдакладніла:
— Па заканадаўстве права на дзяржаўную дапамогу маюць сем’і, што выхоўваюць дзяцей, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Калі дзіця будзе знаходзіцца за межамі краіны, то дапамога на яго не назначаецца і не выплачваецца. У прыватнасці, на атрыманне дапамогі можна не разлічваць пры выездзе дзіцяці за межы краіны на тэрмін большы за два месяцы, як у дадзеным выпадку, — яе выплата спыняецца.
Разам з тым, бацькі павінны па месцы атрымання дапамогі прад’явіць інфармацыю, што яны збіраюцца пакінуць тэрыторыю краіны, каб потым не давялося кампенсаваць суму пераплаты. А Вам яе давядзецца кампенсаваць, калі загадзя нікога не інфармавалі аб выездзе за мяжу і атрымлівалі за гэты час дапамогу.
Акрамя таго, Вера Уладзіміраўна пералічыла і іншыя абставіны, пры якіх выплата дапамогі на дзіця таксама спыняецца. Гэта:
* адмова ад дзіцяці;
* адмена ўсынаўлення ці апекі;
* адбіранне дзіцяці з сям’і;
* змяшчэнне дзіцяці ў дзіцячую інтэрнатную ўстанову, установу адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання;
* пазбаўленне бацькоўскіх правоў атрымальніка дапамогі;
* змяненне месца выплаты дзяржаўнай дапамогі;
* выезд атрымальніка дапамогі на пастаяннае месца жыхарства за межы Беларусі;
* уступленне непаўналетняй асобы ў шлюб альбо нараджэнне непаўналетняй маці дзіцяці.