Суббота, 12 июня 2021

Дэвид Блейн из СШ №1, или Как Максим Гумен магию осваивает

1 300

У яго няма ніякіх рэгалій і званняў, і ён не выступаў перад вялікімі гэтага свету. Максім Гумен — звычайны вучань дзясятага класа СШ № 1 г. Пружаны. Але, калі гутарыш з ім, разумееш, што ў гэтым сціплым юнаку з чорнымі вачыма і  ледзь улоўнай усмешкай ёсць нейкая таямніца…

Ён фокуснік. Сапраўдны добры фокуснік, які марыць застацца жыць у тым свеце ілюзій, які ўсе мы, сталеючы, з сумам пакідаем.

— Максім, скажы, калі ласка, з чаго пачалося тваё захапленне фокусамі? І якія з іх былі першымі?

— Усё пачалося прыкладна тры гады таму — з прагляду фільмаў «Ілюзія падману» і «Прэстыж», галоўныя героі якіх мяне і натхнілі на «подзвігі». Адразу заняўся саманавучаннем і перавярнуў увесь інтэрнэт у пошуках практычных рэкамендацый і парад для фокуснікаў-пачаткоўцаў. Знайшоў самыя простыя трукі і праз некаторы час ужо пачаў паказваць іх сваім сябрам. Узяў тое, што было пад рукой: звычайныя канцылярскія гумкі — і пачаў над імі “шчыраваць і чараваць”. Шляхам працяглых трэніровак і маніпуляцый навучыў іх “тэлепартавацца” са сваёй рукі на чужую. Потым узяўся за манеткі-“непаседкі”, якія з часам навучыліся знікаць і з’яўляцца ў самых нечаканых месцах, напрыклад, у нагруднай кішэні гледача. Даўжэй за ўсё асвойваў карты: яны патрабуюць асаблівай пластыкі і расцяжкі рук.

— А сам фокусы прыдумваеш? Калі «так», то як шукаеш ідэі для сваіх выступленняў, і колькі ўжо на тваім рахунку аўтарскіх нумароў?

— Часцей за ўсё я вывучаю ўжо вядомыя фокусы і, дадаючы розныя фішкі, ствараю, на мой погляд, больш цікавыя камбінацыі з некалькіх. Гэта называецца “звязка”, і яна ідзе ўжо як асобны аўтарскі нумар. Прыдумваю і абсалютна новыя трукі, пры гэтым карыстаюся, як бачыце самі, самым простым рэквізітам. Сёння на маім рахунку “круглая сума” — роўна 100 фокусаў. Прэзентацыя сотага фокуса адбылася літаральна некалькі дзён таму, 25 лютага, на міні-шоу ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

— Ты зарабляеш на ілюзіях?

— Ні ў якім разе. Я свае фокусы з радасцю дару гледачам.

— Максім, я ўпэўнена, што ў Пружанах ў цябе няма канкурэнтаў.

— Ну, па-першае, тых «фокуснікаў», якія закупляюць дарагі рэквізіт і падчас святаў проста націскаюць на кнопку, каб з чамаданчыка вылятаў, як ім здаецца, цуд у выглядзе мыльных бурбалак, я сваімі канкурэнтамі не лічу. А па-другое, я Вас расчарую: ніякай канкурэнцыі ў свеце маіх аднадумцаў, у цэлым, не існуе. Ілюзіяністы імкнуцца падтрымліваць адзін аднаго і вельмі часта нават аб’ядноўваюцца для сумесных выступленняў.

— Няма канкурэнтаў, але, напэўна, ёсць свае куміры?

— Так, ёсць. Гэта вельмі прафе-сійныя фокуснікі — Дэвід Блейн і Дэвід Каперфільд. Я шматлікія іх трукі разгадаў. Доўга пралічваў, многа разважаў. Балазе, ёсць тэарэтычная база, маючы якую, я ўжо магу аднавіць ланцужок іх разваг — ад узнікнення ідэі да паспяховай рэалізацыі нумара.

— Выходзіць, ужо ведаеш, якімі якасцямі павінен валодаць добры фокуснік?

— Ілюзіяніст павінен быць, перш за ўсё, тонкім псіхолагам, каб адчуваць аўдыторыю. Трэба ўмець прадбачыць думкі, пытанні гледачоў, іх ўражлівасць і мяжу ўспрымання. Усе нюансы неабходна прадугледзець, бо некаторыя фокусы, напрыклад, з картамі, паказваюцца для рознай публікі пад рознымі вугламі.

— Сапраўды, публіка — гэта самае непрадказальнае звяно ў шоу. Ці часта трапляюцца гледачы-“следчыя”, якія імкнуцца цябе абвінаваціць у махлярстве?

— Хутчэй не следчыя, а скептыкі, якія нават картачную калоду сваю прапануюць, альбо самі перата-соўваюць. І шукаюць-шукаюць падвох, не ведаючы, што ўсе калоды ў руках фокусніка становяцца чароўнымі. Такія людзі заўсёды ёсць у натоўпе, але мяне яны не палохаюць, насупраць, іх прысутнасць толькі падштурхоўвае да больш выразнага выканання трука, не дазваляючы расслабіцца ні на хвіліну … Наогул, сапраўдны глядач павінен проста глядзець і атрымліваць асалоду ад убачанага, а не вышукваць рашэнні. Калі чалавек настроены на дрэннае, то фокусы не для яго.

— Максім, а для гледачоў, хто просіць асабліва, ты раскрываеш сакрэт?

— Не, раскрыты фокус, губляючы сваю загадкавасць, перастае існаваць.

— У фокусніка-пачаткоўца, напэўна, ёсць слабыя месцы. Як утрымаць публіку, не расчараваць яе, калі фокус не атрымліваецца?

— Трукі, якія могуць не атрымацца, ёсць нават у Каперфільда. Правіла “нумар адзін”: калі адбыўся збой, гледачу трэба паднесці другі, больш эфектны фокус. І, як паказвае практыка, публіка даруе «паражэнне».

— Загаварылі аб правілах. Што самае галоўнае ў «магіі»? І ці прапісаны для фокуснікаў так званы «кодэкс гонару», якога варта прытрымлівацца?

— Самае галоўнае — гэта дасканалае веданне «шкілета» фокуса і пастаянныя трэніроўкі, дзякуючы якім ён абрасце патрэбнымі элементамі і візуальнымі эфектамі. Неадпрацаваны нумар нельга паказваць — гэта ўжо непавага да мастацтва. Я доўга адточваю свае праграмы, марную шмат сіл, але гульня вартая  свечак. Акрамя таго, правілы патрабуюць выключнай чысціні і дагледжанасці рук — галоўнага інструмента, які знаходзіцца ва ўсіх навідавоку. Трэба любіць і паважаць свайго гледача, не дапускаць  нядбайнасці ў сцэнарыі, у дзеяннях, словах. Нельга выходзіць да людзей з кіслай пысай, трэба фантанаваць энергіяй, пазітывам і зараджаць імі залу.

— У цябе гэта атрымліваецца? Якое прадстаўленне запомнілася больш за ўсё?

— У мяне іх было не так і шмат, таму ўсе добра запомніў. Мяне запрашалі на дні нараджэння, вяселлі. Выступаў неяк на дзіцячай вечарыне, дык дзецям ніякія іншыя забавы і не патрэбныя былі. Сабраліся вакол мяне і заціхлі ў здзіўленні. Мамы нават пажартавалі: маўляў, фокуснік – лепшая нянька для малых. Мяне натхняе сама магчымасць прыводзіць іх у захапленне сваімі цудамі. Я сам атрымліваю ад гэтага велізарную асалоду.

— Хочаш сказаць, што адчуваеш асаблівую энергетыку поля, у якім працуеш?

— Я называю гэта чараўніцтвам. Яно мяне ўжо паўсюль суправаджае. Але каб яго не спалохаць, я пра гэта казаць не буду.

— Тады давай пагаворым пра планы на будучыню. Для фокусаў у іх знойдзецца месца?

— Фокусы — на ўсё жыццё. Называйце гэта як хочаце: любоўю альбо хваробай, але я планую паступаць у цыркавое вучылішча і шчыра веру, што ілюзійны жанр, што б яму ні прарочылі, ніколі не перастане вабіць людзей.

Гутарыла з Максімам і назірала за яго дзеяннямі, выкрутасамі і прыёмамі Алёна Зялевіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *