Суббота, 12 июня 2021

К 90-летию со дня образования ДОСААФ. В Пружанской организации ежегодно готовят около 200 водителей

847

28 лютага споўнілася 90 гадоў з дня ўтварэння ДТСААФ

Калі ж казаць канкрэтна пра Пружаншчыну, як сведчыць гісторыя развіцця ў нашай рэспубліцы руху добраахвотных памочнікаў арміі, авіяцыі і флоту, першая арганізацыя ДТСААФ з‘явілася ў нас толькі 30 чэрвеня 1945 года. І праз столькі гадоў таварыства працягвае сваю работу. Хаця нельга сказаць, што дзейнасць ДТСААФ засталася нязменнай, але не страцілі сваёй актуальнасці  яе накірункі — развіваць і падтрымліваць спартыўны і патрыятычны дух у падрастаючым пакаленні.

Чым жыве сёння таварыства, якія планы ставіць перад сабой раённая арганізацыйная структура ДТСААФ? Гэтыя і іншыя пытанні мы задалі  яе старшыні В.М.Гарахавіцкаму.

— З 1991 года наша таварыства стала самастойным грамадскім аб’яднаннем. З аднаго боку,  цяпер мы самі распрацоўваем накірункі работы, з другога, вымушаны шукаць фінансы на рэалізацыю сваіх праграм і планаў. Таму значная ўвага ўдзяляецца платным паслугам аўташколы, што дае нам грошы на іншыя віды дзейнасці.

— Наколькі папулярны сярод жыхароў раёна курсы вадзіцеляў пры ДТСААФ?

— Можна бясконца рэкламаваць свой прафесіяналізм і адказнасць, але без лічбаў словы застануцца пустымі. У якасці абгрунтавання таго, што з году  ў год наш аўтарытэт сярод пружанцаў не меншае, адзначу: штогод рыхтуем амаль 200 вадзіцеляў розных катэгорый, а з моманту ўтварэння аўташколы  падрыхтавалі больш  за 30 тысяч чалавек. У нас вучацца  будучыя кіроўцы легкавікоў, грузавікоў, аўтобусаў. Хутка ўвядзем  курсы, дзе будуць рыхтавацца вадзіцелі і на міжнародныя рэйсы. Дарэчы, апошнія гады пераважная  большасць курсантаў — дзяўчаты, хаця зараз працэнт хлопцаў зноў пачаў павялічвацца. Варта прывесці і той факт, што ў нас вельмі высокі паказчык па паспяховай здачы экзаменаў на атрыманне вадзіцельскіх пасведчанняў.

У многім поспех работы залежыць ад высокага ўзроўню нашых выкладчыкаў і майстроў-інструктараў. Напрыклад, Сяргей Аляксандравіч Макарэвіч працуе ў аўташколе   ДТСААФ больш за 10 гадоў. Кожныя пяць гадоў ён праходзіць перападрыхтоўку, пацвярджае сваю кваліфікацыю з атрыманнем сертыфіката, таксама як і майстры вытворчага навучання і кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі  Ю.М.Касілка, Д.В.Болдзін, А.М.Вялікаселец і С.І.Грышкевіч. Дарэчы, Дзмітрый Віктаравіч Болдзін летась заняў першае месца на абласных спаборніцтвах па прафесійным майстэрстве.

На атрыманыя сродкі штогод паляпшаем тэхнічную базу аўташколы. Зараз набыты чатыры аўтамабілі «Дэу-Нэксія». Мы спецыяльна пайшлі на тое, каб купіць аднолькавыя машыны, каб пры нечаканай замене падчас навучання ў курсантаў не стваралася нязручнасцей ў кіраванні рознымі аўто.

Дзейнічаюць два камп’ютарызаваныя класы навучання ваджэнню, правілам і бяспецы дарожнага руху. Усе камп’ютары аснашчаны ліцэнзійнымі праграмамі, нават выкарыстоўваем уласную праграмную распрацоўку. Практычныя заняткі праводзяцца ў тэхнічных лабараторыях. 

— Валерый Мікалаевіч, ведаю, што амаль штодня ў будынак таварыства па вечарах прыходзяць падлеткі. Што іх прыцягвае сюды?

— Спачатку заробленых грошай нам  хапала на дзейнасць секцыі стралкоў з пнеўматычнай вінтоўкі. Гэта работа вядзецца і зараз, штогод праводзім раённыя спаборніцтвы сярод школьных каманд. На абласным узроўні займаем прызавыя месцы, нават неаднаразова трымалі пераходны кубак пераможцаў.

А некалькі гадоў таму пры актыўнай падтрымцы раённых улад у нас з’явілася магчымасць адкрыць секцыю картынгу. Дык вось яна стала самай папулярнай нават у параўнанні з магчымасцю пастраляць з вінтоўкі. На жаль, колькасць картаў нам дае магчымасць пакуль набіраць 15 падлеткаў, але хутка чакаем папаўнення — хуткасную машынку, з дапамогай якой зможам удзельнічаць у больш сур’ёзных спаборніцтвах. Дагэтуль за два гады мы здолелі выдатна паказаць сябе на вобласці ў фігурным ваджэнні карта і ў хуткасным манеўраванні, нават маем і «золата». А наш выхаванец Мікалай Вакула пацвердзіў першы разрад па гэтым відзе спорту.

— За фінансавымі  клопатамі  ці застаецца час на патрыятычную работу?

— Яна стаіць на самым першым месцы. Усё, за што мы бярэмся, мае патрыятычны накірунак. Спаборніцтвы па стральбе абавязкова прысвячаем нашым землякам, якія загінулі на вайне ў Афганістане. А ў адным з класаў зроблены своеасаблівы музей з экспанатаў тых падзей. Толькі за першы тыдзень сёлетняга года яго наведалі амаль тры сотні школьнікаў.

Мы пастаянна прымаем удзел ва ўсіх дзяржаўных святах, падчас  якіх адзначаюцца гістарычна важныя для рэспублікі падзеі: Вялікая Перамога, Дзень Незалежнасці, дзень вызвалення Пружан і т.п. ДТСААФ традыцыйна арганізуе аўтапрабегі з ускладаннем кветак і вянкоў да помнікаў вогненных падзей і месцаў пахавання воінаў і мірных людзей.

— Перакананы, што дзейнасць ДТСААФ патрэбна нашаму грамадству. А што патрэбна самой арганізацыі для таго, каб працягваць сваё існаванне на карысць падрастаючага пакалення?

— Планы, як ужо адзначыў, будуем, зыходзячы з таго, што заробім. Хочацца многага, напрыклад, набыць новыя трэнажоры ў вадзіцельскія класы, лепш за ўсё з сімулятарамі. Выдатна было б абнавіць камп’ютарнае аснашчэнне з адначасовым пашырэннем плошчы класаў, каб была магчымасць ахапіць больш жадаючых навучацца. Даўно марым і пра спецыяльна абсталяваны картадром, дзе можна было б ладзіць уласныя спаборніцтвы і нават збіраць гасцей. З часам, спадзяюся, што такія задумкі мы рэалізуем, але без пабочнай падтрымкі чакаць давядзецца доўга.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *