Суббота, 26 сентября 2020

С Днем защитников Отечества! Репортаж с полигона

1 259

На ўскрайку Ружанскай пушчы, якраз на мяжы трох раёнаў: Пружанскага, Івацэвіцкага і Бярозаўскага — знаходзіцца 210 авіяцыйны палігон. Сёння  тыя, хто нясе там службу, адзначаць Дзень абаронцаў Айчыны: яны маюць да свята самае непасрэднае дачыненне…

Перыяд службы ў войску радавога Івана Шыпуля, ураджэнца Белага Ляска, яшчэ невялікі: тэрміновую службу ён пачаў несці каля трох месяцаў таму. На палігоне, куды падчас апошняга прызыву трапілі восем навабранцаў, для маладога чалавека знайшлася пасада старшага вадзіцеля.

Да службы ў арміі Іван атрымаў дыплом інжынера лясной гаспадаркі ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, амаль год паспеў папрацаваць памочнікам ляснічага ў Хвойніцкім лясніцтве НП «Белавежская пушча». Узяў прыклад з бацькі, які працаваў у лясной гаспадарцы. Пра тэрміновую службу Іван Шыпуль гаворыць як пра неабходную мужчынам  жыццёвую прыступку: для прадстаўнікоў моцнага полу, лічыць юнак,  гэта школа не толькі фізічнай загартоўкі, але і сяброўства.

-Увогуле, 210 авіяцыйны палігон — адзіны ў сваім родзе ў Беларусі, — расказвае начальнік палігона падпалкоўнік В.А.Жамайдук. — Тут прымяняюцца ўсе тыпы авіяцыйных сродкаў паражэння.

На сённяшні дзень на палігоне пад Ружанамі адточваюцца навыкі ў прымяненні разнастайных тыпаў авіяцыі, якія ёсць у нашай краіне. Тут выконваюць вучэбна-баявыя задачы падчас трэніровак падраздзяленні ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, праходзіць выпрабаванне новых відаў авіяцыйных комплексаў, беспілотных лятальных апаратаў і ўзбраення. Лётна-тактычныя вучэнні ладзяцца рэгулярна: навыкі баявога прымянення зброі адпрацоўваюць авіятары з Мачулішчаў, Ліды, Баранавіч, Бярозы…  Акрамя таго, на тэрыторыі 210  авіяцыйнага палігона часта праводзяцца маштабныя вучэнні, у тым ліку і з удзелам Узброеных Сіл Беларусі і Расіі.

Перад вайскоўцамі, якія служаць на 210  палігоне, стаіць задача па забеспячэнні тактычна-лётных вучэнняў: вядзецца радыётэхнічнае забеспячэнне палёту, у залежнасці ад роду і характару выконваемых авіяцыйнымі часцямі заданняў ідзе падрыхтоўка поля з мішэнямі. Таму ў кожнага з ваеннаслужачых палігона — а іх тут каля 100 чалавек, 16 з якіх салдаты тэрміновай службы, — свае абавязкі. Немалая адказнасць ляжыць, напрыклад, на пажарным разліку. Радавы Дзяніс Сенькавец, ураджэнец Шарашэва, яфрэйтар Аляксандр Бармута з Пружан на чале з вопытным камандзірам аддзялення Віктарам Сушам ліквідуюць узгаранні, якія магчымы на тэрыторыі палігона падчас палётаў і бомбакідання.

Таму гэта толькі на першы погляд дзень салдата тэрміновай службы ідзе звыклай чарадой. За раннім пад’ёмам, зарадкай, умываннем, запраўкай ложкаў, сняданкам ідуць не толькі фізічныя заняткі, але і падрыхтоўка палігона да планавых палётаў, выкананне іншых баявых задач.

Сёлетні год для ваеннаслужачых 210 авіяцыйнага палігона бу-дзе не менш насычаным. Зусім хутка, у сакавіку, беларускія авіятары правядуць тут чарговыя стрэльбы.  

*

Сям’я Жамайдук прыехала ў Ласасін у 2011 годзе, калі Валянціна Аляксандравіча назначылі начальнікам сувязі 210 авіяцыйнага палігона. Да пераезду на Пружаншчыну яны памянялі  нямала месцаў жыхарства, раскіданых па розных кутках былога неабсяжнага Савецкага Саюза, а потым — Беларусі.

Калі перад ураджэнцам Гродна Валянцінам Жамайдуком паўстала пытанне выбару прафесіі, ніколькі не раздумваючы, ён вырашыў звязаць свой лёс з ваеннай службай. У 1993 годзе скончыў Калінінградскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. А неўзабаве ажаніўся з Таццянай — школьнай сяброўкай, дзяўчынай з суседняга дома.

Маладога вайскоўца з сям’ёй спачатку накіравалі ў Семіпалацінскую вобласць. Углядваючыся ў карту, падпалкоўнік зазначае: «Адсюль — чатыры локці па карце». Але праз некаторы час давялося збіраць чамаданы і перабірацца ўвогуле на Далёкі Усход — у Прыморскі край. А праз некалькі гадоў Валянцін Аляксандравіч з Расійскай Арміі звольніўся ў запас і аднавіўся на вайсковай службе ў Беларусі. Больш дзесяці гадоў праходзіў службу ў Росі, у 116-й гвардзейскай бамбардзіровачнай разведвальнай авіяцыйнай базе, пакуль не трапіў на Пружаншчыну. Сёння В.А.Жамайдук кіруе 210 авіяцыйным  палігонам.

І ўвесь гэты час у мужа  ёсць надзейны тыл —  Таццяна Іванаўна. Для жонкі, дарэчы, на палігоне таксама знайшлася справа — начальніка сакрэтнай часці.

— Ведала, за каго іду замуж, таму маральна была гатова да праблем вайсковага жыцця, — гаворыць жанчына. — Але спраўляцца з цяжкасцямі, нягодамі заўсёды дапамагала каханне. На днях мы адзначылі ўжо 23-годдзе сумеснага жыцця. 

*

Ну, і куды ж без прадстаўніц слабога полу! Яны таксама годна служаць побач з мужчынамі. У справавода часці Ганны Дзюнінай, бухгалтара Наталлі Варакінай і фельчара Зарэмы Стомы  свае гісторыі паступлення на вайсковую службу: хтосьці прыехаў у Ласасін разам з мужам, хтосьці  трапіў у рады ваеннаслужачых «выпадкова». Тым не менш, усе яны адказна спраўляюцца з даручаным участкам работ: у арміі не можа быць інакш. 

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *