Суббота, 16 декабря 2017

Ко Дню памяти воинов-интернационалистов возложили цветы к памятнику и провели митинг

537

Вогненнымі дарогамі Афганістана прайшлі больш 30 тысяч беларусаў. Сёння гэта ўжо падзеі 28-гадовай даўнасці, але пра іх нельга забываць. Па гэтай прычыне традыцыйна 15 лютага ў скверы па вуліцы Тармасава ў Пружанах прайшоў мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, дзе сабраліся прадстаўнікі грамадскіх і маладзёжных арганізацый, члены працоўных калектываў, жыхары горада.

Лейтматывам мерапрыемства стала перакананасць у тым, што 15 лютага — дзень-сімвал, дзень памяці, дзень ушанавання загінуўшых,  даніна павагі ўдзельнікам баявых дзеянняў, якія з гонарам выконвалі свой абавязак і шчыра верылі ў правільнасць таго, што рабілі.

Мітынг адкрыў намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама С.М.Гук. «Больш за дзевяць  гадоў вы не толькі ваявалі, але і будавалі дарогі, масты, жыллё, абаранялі школы, бальніцы, дапамагалі мірнаму насельніцтву харчаваннем і медыкаментамі, — зазначыў у сваёй прамове Сяргей Міхайлавіч. — На жаль, 12 пружанскіх сем’яў так і не дачакаліся сваіх родных: для іх служба ў Афганістане стала апошнім этапам жыцця».

Перакананасць у тым, што воіны-афганцы сёння з’яўляюцца захавальнікамі воінскага братэрства і з’яўляюцца дастойнымі пераймальнікамі подзвігу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, выказаў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В.М.Гарахавіцкі.

Своеасаблівым зваротам да маладога пакалення стала прамова начальніка Пружанскага РАУС А.В.Гука: «Вайна — гэта заўсёды боль, смерць і ні ў якім разе не рамантыка. Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, па-вінна быць не  радавой падзеяй, а напамінам пра людзей, якія загінулі. Хочацца, каб у сучаснай моладзі героямі былі не выдуманыя камп’ютарныя персанажы , а тыя, хто стаіць перад вамі, жывыя людзі, з якіх варта браць прыклад».

Ад імя моладзі слова трымаў першы сакратар райкама ГА «БРСМ» А.М.Бабігорац. Звяртаючыся да ветэранаў Афганістана, ён запэўніў, што падрастаючае пакаленне памятае тых, чые жыцці абарваліся ў гарачых кропках, і шануе тых, хто застаўся ў жывых. 

Вайна — іншы свет, у якім усе каштоўнасці выглядаюць інакш. Сучасны чалавек усведамляе, што самая галоўная каштоўнасць — чалавечае жыццё. Памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія не вярнуліся жывымі з афганскай зямлі, ушанавалі  хвілінай маўчання. Да помніка ўсклалі вянкі і кветкі. Працягам мітынгу стала жалобная паніхіда па загінуўшых земляках, якая прайшла ў саборы Святога Аляксандра Неўскага.

Трапна заўважана, што куля забівае не толькі салдата: яна балюча раніць яго родных і блізкіх. Пра такія далёкія і ў той жа час блізкія сэрцу падзеі  заўсёды будуць памятаць і ветэраны Афганістана, якія маўкліва ўзіраюцца ў партрэты землякоў на алеі ў скверы і сціскаюць у руках чырвоныя гваздзікі. Для іх 15 лютага — не проста дата, а частка жыцця, якая ніколі не забудзецца.  

Марына Вакульская. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *