Воскресенье, 20 мая 2018

В музее-усадьбе «Пружанский палацык» проходит выставка икон Ядвиги Сенько

405

Іканапіс  з  даўніх часоў   традыцыйна  лічыўся  мужчынскай справай. Але ў ХХ стагоддзі  ўсё змяшалася настолькі, што сёння гэтае мастацтва немагчыма ўявіць без такіх вядомых  асоб, як Ксенія Пакроўская, сястра Юліянія, і многіх іншых жанчын. Ёсць свае імёны і ў Беларусі, сярод іх яркай зоркай свеціць імя Ядзвігі Сянько, якая прадставіла свае іконы на выставе   ў  музеі-сядзібе  “Пружанскі палацык”. Гэтая  вельмі прыемная  і прыгожая  жанчына  атрымала спецыяльную адукацыю ў Маскоўскім інстытуце мастацтваў. Першую ікону “Сэрца Марыі”  яна напісала для касцёла ў вёсцы Краснае, калі ёй было 20 гадоў. З 1997 года па блаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі   Ядзвіга пачала пісаць і праваслаўныя іконы. Сярод  яе работ  ёсць усім вядомыя абразы Божай Маці “Казанская”, “Астрабрамская”, “Уладзімірская”, “Жыровіцкая” і “Чанстахоўская”.

Яна малюе і вобразы Ісуса Хрыста, лікі святых і архангелаў.Спачатку многае не атрымлівалася. Халоднае шэрае палатно доўга заставалася   пустым і непрыступным. Потым мастачка  зразумела: без любві  вобраз, на які адгукнулася б душа, не напішаш. І толькі ўсведамленне духоўнага фундамента, які  заклалі ў дзяцінстве яе бацькі, прыблізіў мастачку да заняцця іканапісам.   “Трэба ўзвесці храм у сваёй душы”, – вось, на думку Ядзвігі  Сянько, залог паспяховай работы любога іканапісца. 

Сёння работы мастачкі знаходзяцца ў  прыватных калекцыях многіх краін: Арменія, Украіна, Расія, Польшча, Германія, Італія, Францыя, Бельгія і інш. Яе работы – гэта не толькі  плод  індывідуальнай фантазіі,  але і царкоўнае  асэнсаванне  вялікіх  святынь, асноў шанавання ікон, якія нясуць  людзям  праўду веры.  Гэта адначасова і подзвіг мастацтва, і подзвіг рэлігійны, які  перадае малітвенна-аскетычнае напружанне мастака.

Палатно, алей, пазалота і… напоўненае вялікім сэнсам жыццё, багатая і адкрытая душа, вельмі чулая да  гэтай  прыгажосці,  – вось галоўны арсенал жанчыны-мастачкі.

У прыгажосці, якую  перадае мастачка праз свае іконы, ёсць вялікая гаючая сіла. Яна суцяшае і надае бадзёрасць духа чалавеку, які кожны дзень свайго жыцця вядзе цяжкую барацьбу. Іконы Ядзвігі Сянько нясуць чалавеку святло і радасць, дораць надзею, што міласэрнасць, вера і любоў выратуюць свет. 

Валянціна  Нідзелька, навуковы супрацоўнік  музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *