Среда, 25 апреля 2018

На цвінтары старажытнага храма…

419

Людзей, якія пакінулі свой след у гісторыі нашага раёна, бясконцае мноства. На жаль, мы знаёмы толькі з «верхавінай айсберга»: найбольш яркімі асобамі, якімі зацікавіліся даследчыкі, ці самымі шляхетнымі і багатымі людзьмі, імёны і дзеянні якіх неаднойчы былі задакументаваны і тым самым сталі даступнымі для нашчадкаў.

Гэта рэальнасць, якая мае дачыненне ў тым ліку і да светароў. Можа быць, служыцелі культа незалежна ад канфесіі знаходзяцца нават у горшым становішчы, чым некаторыя катэгорыі насельніцтва, таму што працяглая антырэлігійная скіраванасць дзяржаўнай палітыкі не спрыяла, скажам так, захаванню памяці аб іх. Мы амаль забыліся, што ў вызначаны перыяд часу менавіта светарамі вялася асноўная духоўна-маральная і асветніцкая дзейнасць сярод дзяцей і дарослых. Многія з іх стваралі сельскія школкі – першыя на Пружаншчыне, закладвалі парасткі «разумнага, добрага, вечнага».

Сярод сціплых настаяцеляў мясцовых цэркваў, імёны якіх адышлі ў нябыт,  было нямала сапраўдных лекараў душ чалавечых. Пра лёсы некаторых з іх мы ўжо расказвалі на старонках «раёнкі», біяграфіі многіх пакуль застаюцца таямніцай за сямю пячаткамі. Але пакрыху, часам зусім выпадкова, адкрываюцца ўсё новыя імёны.

Вясной 2014 года ў рамках  уласнага  праекта па ўвекавечанні разбураных і неадноўленых праваслаўных храмаў Пружаншчыны мы выехалі ў напрамку  вёскі Харава.

Пастаянныя чытачы  «Раённых будняў» і тыя, хто ўжо меў зносіны з нашай кампактнай «ініцыятыўнай групай», магчыма, памятаюць, што ў 2013-2014 гадах,  дзякуючы энтузіязму  протаіерэя Ігара Мрыхіна, намаганнямі вернікаў Спаса-Праабражэнскай царквы  на Пружаншчыне былі ўстаноўлены два памятныя знакі. Першы — на Пескаўскіх могілках, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны згарэла Свята-Раманаўская царква. Яна была пабудавана ў свой час  над месцам пахавання  настаяцеля Котранскай царквы  Рамана Рапацкага, забітага ў час паўстання 1863 года.  Другі – у вёсцы Дабучын, на святым месцы  каля каменя-следавіка, дзе калісьці стаяла Успенская царква.

Клапоцячыся пра захаванне памяці  аб гэтых святынях, мы паралельна ацэньвалі, наколькі цікавая і своеасаблівая  гісторыя іншых храмаў, і праводзілі, так  сказаць, «рэкагнасцыроўку на мясцовасці».

І вось Харава, дзе ў 1962 годзе  згарэла пры загадкавых абставінах  і нявысветленых акалічнасцях Свята-Ільінская царква. 

Зноў, як і ў мінулых выпадках, паўставала пытанне: дзе шукаць?

Уласна кажучы, гэта мне проста падабаецца:  інтрыгаваць і  ахутваць пошук вуалем таямнічасці. На самай справе,  месца царквы вызначыць аказалася  нескладана. Урочышча Папоўшчына, дзе яна знаходзілася, — насупраць цяперашняй вёскі, па левы бок ад шашы Пружаны-Ружаны. Захаваліся нават некалькі велізарных таполяў, якія стаялі ўздоўж уязной алеі.

Вузкая сцежка сярод палёў прывяла  да  суцэльнага  зарасніку: менавіта тут і ўзвышаўся больш за паўстагоддзя таму храм.  Без  энтузіязму агледзелі зямлю пад самымі старымі дрэвамі. Няўзброеным вокам бачна, што яна  перамяшаная з попелам і  вуголлем  (сапраўды, падобна на пажарышча). На гэтым наша самадзейнае «расследаванне» нібыта і варта было завяршаць. Далей трэба вырашаць практычныя пытанні: даведвацца,  чыя гэта зямля, ці  можна будзе на месцы неіснуючага храма, як і ў папярэдніх выпадках, устанавіць памятны знак, якія дазволы для гэтага патрабуюцца і інш.

Але раптам…  Раптам убачылі, што сярод буйных  кустоў бэзу з-пад   дзёрну  вытыркаецца гладка адшліфаваны камень. І на звычайны валун ён зусім не падобны.  Аказалася, што гэта — фрагмент надмагільнага помніка. А побач яшчэ адзін і яшчэ…  Кавалкі мармуру выдатна склаліся ў адзінае цэлае. І нават  удалося прачытаць частку надпісу: «…ОВСКА…» і «…раля 190…».

Няўжо можна па гэтых урыўках слоў вызначыць, хто і  калі  тут пахаваны? Аказалася, гэта не так складана, як здавалася на першы погляд. Варта толькі  звярнуцца да  дарэвалюцыйнай перыёдыкі. «Гродненские епархиальные ведомости» ў адным з нумароў апублікавалі  некралог.  З яго вынікала, што другі святар Хараўской царквы Аляксандр Сасноўскі памёр 7 лютага 1905 года на 32-м  годзе жыцця, пакінуўшы ўдаву і трох малалетніх дзяцей. Прычынай яго смерці  называлася хвароба сэрца.

А  далей падзеі  пачалі  разгортвацца самым нечаканым чынам, нібыта нехта звыш дапамагаў нам скласці гэтую галаваломку. Да дырэктара музея Юрыя Зялевіча звярнулася жыхарка Польшчы, продкі  якой  былі ў сваяцтве  з Сасноўскімі. Дзякуючы перапісцы з ёй і дасланым  фатаграфіям, а таксама пасля больш дэталёвага пошуку ў перыядычных выданнях і даведніках, удалося ўзнавіць біяграфію хараўскога  святара.

Аляксандр Іванавіч Сасноўскі нарадзіўся ў 1873 годзе. Яго бацька — псаломшчык спачатку царквы ў в.Патока, а з 1888 па 1893 год   – в.Зельзін —  памёр у 1898 годзе.  Аляксандр скончыў Віленскую духоўную семінарыю ў 1895-м, з 23.10.1895 да 17.06.1896г. служыў псаломшчыкам у царкве в.Смаляніца. Калі ажаніўся  з  Наталляй Ганкевіч, то быў рукапакладзены ў сан светара, служыў  у Волькааброве і Любішчыцах Слонімскага павета.

Праз некаторы час (не раней 1899, але не пазней 1901) атрымаў прызначэнне  другім светаром у Хараўскую царкву. Па ўсёй верагоднасці, гэта было звязана з жаданнем матушкі  Наталлі перабрацца бліжэй да родных: яе бацька Рыгор Раманавіч Ганкевіч (таксама са светарскай дынастыі) быў настаўнікам у  Росахаўскім народным  вучылішчы.

У сям’і нарадзілася трое дзяцей – сыны Усевалад і Анатоль і дачка, імя якой невядома.

Дарэчы, калі  малыя падраслі, удава  Сасноўскага Наталля Рыгораўна таксама стала сельскай настаўніцай, працавала з  бацькам у Росахаўскай, а потым у Хараўской школцы.

Што яшчэ можна расказаць пра гэтых людзей? Рыгор Ганкевіч у 1915 годзе выехаў у бежанства і хутка памёр, а прыгажуня Наталля Сасноўская пражыла яшчэ шмат гадоў і скончыла свай жыццёвы шлях у Польшчы ўжо пасля Другой сусветнай вайны.

Думаю, што  малады святар быў сімпатычным і добрым чалавекам. Пра гэта сведчылі нават не самі ўзвышаныя  прамовы падчас яго пахавання, а той факт, што ўсе іх апублікавалі ў газеце (звычайна, падобныя падрабязнасці друкаваліся ў адносінах знакамітых светароў, якія шмат гадоў аддалі служэнню, а тут зусім юны бацюшка). 

Вось некаторыя цытаты са сказанага пра яго.

«Бедната і вострая матэрыяльная патрэба спадарожнічалі памерламу а.Аляксандру ў жыцці. Але нябожчык не падаў духам і энергічна, рупліва працаваў. Цярпеннем, працай і настойлівасцю а.Аляксандр перамог суровы лёс, прымусіўшы яго быць больш прыветным.

У Хараве, апошнім месцы свайго пастырскага служэння, жыццё нябожчыка цякло параўнальна спакойна і прыемна.  Памерлы карыстаўся любоўю тых, хто ведаў яго, бо меў шмат добрых рыс у сваім характары. Ён вылучаўся чыстасардэчнасцю і шчырасцю, якасцямі  вельмі  важнымі, аднак нячаста сустракаемымі ва ўзаемаадносінах людзей.

Пры сваёй чыстасардэчнасці нябожчык жадаў усім дабра, быў гатовы заўсёды ўслужыць і дапамагчы».

«Нябожчык а.Аляксандр вельмі любіў справядлівасць, ім ніхто не быў пакрыўджаны: ні калегі, ні падначаленыя, ні паства. З чыстасардэчнасцю, шчырасцю, прыязнасцю памерлы злучаў любоў да ўсяго ідэальнага, выдатнага, высокага. Айцец  Аляксандр быў у захапленні, калі яму здаралася прачытаць  твор  якога-небудзь таленавітага пісьменніка, які  тонка, ярка і добра асвятляў розныя вобласці чалавечай думкі і чалавечай дзейнасці.

Як пастыр царквы, нябожчык ясна разумеў свае абавязкі і выконваў іх, наколькі дазвалялі яму сілы. Ён па-бацькоўску, з  любоўю павучаў сваю паству, выхоўваў, узбагачаў духоўнай мудрасцю, дарыў святло веры Хрыстовай».

Святар Пружанскай Прачысценскай царквы Васіль Жукоўскі  казаў: «Як можна забыць таго, хто не толькі працаваў на карысць сваёй сям’і, але і заўсёды быў свяцільняй для ўсіх, хто прыходзіў у храм, дзе ён здзяйсняў набажэнства, сілкаваў духоўнымі дарункамі і выкладаў  ратуючыя душу навучанні. Пасеянае ім насенне, без сумнення, прынялося і ўзрасло на глебе чалавечых сэрцаў і прынесла належны плён…

Сапраўды, нябожчык нёс цяжкі крыж розных жыццёвых клопатаў і турбот, якія згубна  адбіліся на дзейнасці яго сэрца. Ён моцна хварэў душою і смуткаваў сэрцам пра ўсякія недахопы, заўважаныя сярод таго грамадства, у якім ён жыў. Але … ўсякія непрыемнасці перажываў у сабе, блізка  прымаючы іх да сэрца. За тое і склаў сваё жыццё раней часу. Хвароба, якая мучыла яго больш года, была ясным адбіткам тых грахоў людскіх, якія ён заўважаў на сваім шляху…»

На месца другога светара Свята-Ільінскай царквы быў адразу прызначаны сын шарашоўскага дыякана Лявонцій Навумаў, а настаяцелем (замест Інакенція Кавалеўскага) неўзабаве стаў Мікалай Нядзельскі, ён жа пружанскі благачынны. Літаральна праз год, у 1906-м, яго намаганнямі  старажытны храм быў  перабудаваны, каб згарэць у пажары 1924 года. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Вясковыя старажылы ўспамінаюць, што помнік айцу Аляксандру быў вельмі прыгожым. Што цікава,  паблізу знаходзіліся іншыя надмагіллі, у тым ліку святара Рамана Хмялеўскага, які памёр у маі 1922 года. Польскія сваякі ўзгадваюць, што побач была пахавана і цешча А.Сасноўскага Эве-ліна Ганкевіч з роду Кругераў.

Можна зрабіць выснову, што гэта былі не адзіныя пахаванні на цвінтары старажытнага храма, які вёў сваю гісторыю з 18-га стагоддзя. Ды толькі ні  пацвердзіць, ні абвергнуць падобнае меркаванне цяпер немагчыма. Напэўна, і няварта ставіць падобную задачу: яна будзе настолькі ж неверагоднай, як і аднаўленне самой Свята-Ільінскай царквы. Тым больш, што ў самой Хараве  ўжо практычна пабудаваны новы храм у гонар іконы «Спорительница хлебов», які  мяркуецца асвяціць літаральна праз некалькі месяцаў.

Але верыцца, што  памятны знак, які нагадае кожнаму  ўраджэнцу гэтых мясцін і  кожнаму  выпадковаму прахожаму, чым  знакамітае гэта ўрочышча,  усё ж з‘я-віцца (прайшло без малога тры гады з пачатку гэтага «расследавання», але пытанне, на чыёй зямлі ён па-вінен стаяць, на жаль, так  пакуль і не вырашана).

Ірына Сядова.

На здымках: рэшткі надмагільнага помніка; так цяпер  выглядае месца, дзе стаяла Свята-Ільінская царква; Аляксандр і Наталля Сасноўскія з дзецьмі; настаўнік Росахаўскага народнага вучылішча Рыгор Раманавіч  Ганкевіч. 

Фота аўтара  і  з архіву пані Дароты Міхалюк.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *