Среда, 25 апреля 2018

МТФ «Козлы» победила в одной из номинаций областного соревнования

397

На мінулым тыдні малочнатаварную ферму «Казлы» ААТ «Жураўлінае» наведалі старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК              М.І.Юхімук і першы намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама С.К.Буткевіч. Нагода для паездкі на Пружаншчыну была самая прыемная: па выніках абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці малака ў 2016-м го-дзе пераможцам у намінацыі «Ад 7000 кілаграмаў малака на адну карову» прызнаны калектыў МТФ «Казлы».

Увогуле, сёння ААТ «Жураўлінае» — адзін з лідараў у малочнай жывёлагадоўлі: у гаспадарцы налічваецца каля 14 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, дойны статак — звыш пяці тысяч галоў. У сярэднім за суткі па гаспадарцы надойваюць каля 100 тон малака. З амаль 37 тысяч тон, атрыманых у мінулым го-дзе, 81% — гатунку «экстра».

Для дасягнення такіх высокіх паказчыкаў у гаспадарцы пастаянна вя-дзецца селекцыйная работа. Высокія патрабаванні прад’яўляюцца да агранамічнай службы, якая адказвае за якасць кармоў. І, канешне, не апошнюю ролю іграюць кадры. Дзякуючы зладжанай рабоце працаўнікоў МТФ «Казлы», ферма на 720 галоў — лідар у гаспадарцы. Прыклаўшы нямала намаганняў, летась калектыў значна павысіў мінулагоднія паказчыкі. Так, у мінулым годзе ад адной каровы ў сярэднім надаілі 8245 літраў малака, што амаль на тысячу літраў больш, чым у 2015-м. У выніку валавая вытворчасць малака за год вырасла амаль на 15% і склала без малога 5940 тон. Вырасла і якасць малака: калі ў 2015 годзе гатункам «экстра» было рэалізавана каля 80% малака, то ў мінулым — ажно 99,7%.

Такія паказчыкі — заслуга кожнага ўдзельніка вытворчага працэсу, у якім сёння задзейнічаны 26 чалавек на чале з загадчыцай В.П.Бокавай. Госці з вобласці  ўзнагародзілі калектыў грашовай прэміяй, а старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.І.Ярома ўручыў каштоўны падарунак.

Увогуле, у рамках рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» прафсаюзныя актывісты маюць намер наведаць практычна ўсе малочнатаварныя фермы, высветліць, якія пытанні хвалююць жывёлаводаў, заахвоціць лепшых. Напрыклад, на МТФ «Казлы» грамата абкама прафсаюза работнікаў АПК знайшла аператара па штучным асемяненні жывёлы А.С.Петруковіча.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *