Вторник, 20 февраля 2018

На традиционном собрании актива района отметили коллективы с лучшими производственными показателями

701

У мінулы чацвер у Палацы культуры прайшоў раённы сход актыву. На парадак дня былі вынесены вынікі развіцця Пружанскага раёна за 2016 год і планы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна на бягучы 2017-ы. Па традыцыі былі названы лепшыя калектывы, якія летась дасягнулі лепшых вытворчых паказчыкаў.  

Усяго ў вялікай зале Палаца культуры сабраліся каля 500 чалавек: удзельнікамі сходу сталі начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі раённых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку прыватных, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дэпутаты Саветаў усіх узроўняў, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, старшыні сельвыканкамаў, прафкамаў, старасты сельскіх населеных пунктаў, ветэраны, ганаровыя грамадзяне раёна.

Старшыня Пружанскага райвыканкама М.М.Крэйдзіч у сваім дакладзе расказаў, з якімі паказчыкамі сацыяльна-эканамічны сектар раёна завяршыў год, на чым павінны быць засяроджаны сілы калектываў сёлета.

Дапоўнілі выступленне кіраўніка раёна дырэктар ААТ «Ружаны-Агра» А.М.Бурдук, дырэктар ГВУП «Белавежскія віны» Н.В.Казак, старшыня Вялікасельскага сельвыканкама Т.М.Навіцкая, дырэктар ПМК-22 І.П.Нінічук.

Акрамя таго, са справаздачай аб рабоце, якая праводзіцца на тэрыторыі акругі, дзейнасці ў складзе Парламента выступіў дэпутат Нацыянальнага сходу Л.І.Качына. Слова ўзяў таксама намеснік старшыні аблвыканкама В.Я.Сакоўскі, які зазначыў, што Брэсцкі рэгіён амаль па ўсіх даведзеных паказчыках займае першыя-другія месцы ў краіне за выключэннем заработнай платы і вытворчасці інавацыйнай прадукцыі. Ёсць у гэтым заслуга і працаўнікоў Пружаншчыны.

А вось ушанаванне пераможцаў штогадовага спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці Пружанскага раёна сёлета праходзіла ў пашыраным фармаце. Узнагароджаных сёлета было больш, чым звычайна. Сумеснае рашэнне прэзідыума раённага Савета і райвыканкама аб выніках спаборніцтва агучыла старшыня раённага Савета дэпутатаў М.В.Сцепанюк.

Ганаровыя пераходныя чырвоныя сцягі, дыпломы і грашовыя прэміі абсалютных пераможцаў дасталіся ААТ «Пружанскі малочны камбінат» і ААТ «Агра-Калядзічы». Узнагароды за другое месца атрымалі ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей» і ААТ «Вялікасельскае Агра», за трэцяе месца — ФПР «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» і ААТ «Жураўлінае». Акрамя таго, сёлета была адзначана і лепшая будаўнічая арганізацыя. Лепшых паказчыкаў у развіцці будаўніцтва па выніках работы за 2016 год дабіўся філіял «ПМК-29», якому і быў уручаны яшчэ адзін пераходны сцяг.

Разам з тым былі вызначаны пераможцы ў іншых намінацыях. Ганаровы пераходны вымпел, дыплом і грашовую прэмію атрымаў Мокраўскі сельвыканкам. Лепшай арганізацыяй у галіне гандлю па выніках года была прызнана сетка магазінаў «Еўраопт». У намінацыі «Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі па выніках работы за 2016 год» пераможцам прызнана СШ №3 г.Пружаны. Званне лепшай дашкольнай установы ў Ліноўскіх ясляў-садка №21.

Сярод устаноў культуры ўзнагароджанымі аказаліся Навасёлкаўскі СДК — як лепшы сельскі Дом культуры, Шарашоўская гарпасялковая бібліятэка — як лепшая сельская бібліятэка. Народны фальклорны гурт «Бабіна лета» Аранчыцкага СДФ удастоены гонару стаць захавальнікам пераходнага вымпелу як лепшы калектыў аматарскай творчасці.

Сярод устаноў аховы здароўя пераможцам прызнаны Сланімцоўскі ФАП.

Урачыстае мерапрыемства завяршыў канцэрт самадзейных артыстаў з суседняй Бярозаўшчыны.      

НА ЗДЫМКУ: кіраўнікі  ААТ «Пружанскі малочны камбінат», ААТ «Агра-Калядзічы» і філіяла «ПМК-29» з Ганаровымі пераходнымі сцягамі за дасягненне лепшых паказчыкаў па выніках мінулага года.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *