Пятница, 15 декабря 2017

Ко Дню памяти воинов-интернационалистов: а мама все ждет…

702

Чарнак Уладзімір Уладзіміравіч нарадзіўся 3 верасня 1964 г. у г. Пружаны Брэсцкай вобласці. Беларус. Член ВЛКСМ.

У 1981 г. скончыў Пружанскую сярэднюю школу №3, працаваў рабочым на заводзе радыёдэталяў.

У верасні 1982 года прызваны ў Савецкую Армію Пружанскім РВК. Служыў у Афганістане санінструктарам, рыхтаваўся да паступлення ў Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію. Загінуў 22 снежня 1983 года.

Пахаваны ў г. Пружаны.

*

Не, час не лечыць. Ён проста дзейнічае як глыбокая анестэзія, з кожным годам прытупляючы боль тых, хто страціў сваіх блізкіх у самым працяглым ваенным супрацьстаянні XX стагоддзя. Гэта маці, жонкі, дзеці, сваякі загінуўшых у кровапралітнай афганскай бойні. Кожная размова з імі – цяжкае выпрабаванне. Раз у год, а можа, і радзей, прыходзяць да іх такія, як я, надакучлівыя людзі – з пафасным жаданнем пашырыць “афганскую” біяграфію герояў. І вярэдзяць пытаннямі іх збалелыя душы.

Але на гэты раз усё было па-іншаму…

– Навошта я жыву, калі мой сын не вярнуўся жывым з вайны? – прамое пытанне маці загінуўшага Уладзіміра Чарнака прымусіла мяне змоўкнуць. Я толькі папрасіла Соф’ю Антонаўну расказаць, калі зможа, аб тым, што яна лічыць патрэбным.

І яна расказала. Як Валодзя рос паслухмяным і добрым хлопчыкам. Як любіў займацца спортам і прымаў удзел ва ўсіх школьных спаборніцтвах. Іх стары дом у завулку Чырвонаармейскім заўсёды быў поўны сяброў (але яна іх, на жаль, ужо вельмі даўно не бачыла).

З дзяцінства хлопчык марыў стаць урачом, можа, таму, што мама  працавала санітаркай, прычым у самых цяжкіх аддзяленнях –  неўралагічным і інфекцыйным. Але прыйшоў час ісці ў войска, і  Валодзя  сказаў: “Пайду служыць туды, куды пашлюць”… І паехаў за тысячы кіламетраў ад дома – у Туркестанскую ваенную акругу. Прысягу прымаў у Ашхабадзе, потым дзевяць месяцаў адслужыў на ваеннай базе, дзе і прайшоў навучанне на санінструктара.

У маі 1983 года быў накіраваны ў Афганістан. Праўда, бацькам аб гэтым доўгі час нічога не было вядома. У лістах Вова толькі намякаў, што адпраўлены «ў загранку». Соф’я Антонаўна спадзявалася, што сын служыць у Чэхаславакіі:

– Я ў ваенкамат не хадзіла, не пыталася. Давярала ім, таму і ніякіх трывожных прадчуванняў у мяне не было. Але, аказалася, што ўсё ўтойвалі! Ніхто не сказаў, што майго сына адправілі на вайну. Ні ваенкам, ні знаёмыя ўрачы – ніхто. Адзін толькі неяк прагаварыўся: “Я ж не ты, у мясарубку сына не аддам, твой хай служыць, а ты чакай”. А што мне было рабіць?  Чакаць…

Чакаць вестак, лістоў, фотаздымкаў. І Валодзя пісаў. Пісаў даволі часта, але ні ў адным лісце так і не прызнаўся, што служыць у Афганістане.  Бацька здагадаўся аб гэтым па фатаграфіі, якую сын неяк даслаў:  ён стаіць каля вялікага верталёта, апрануты ў адмысловую палявую форму.

– У адным з апошніх лістоў (да гэтага часу яго памятаю: з намаляванымі караблікамі) сын паведаміў, што хутка ў адпачынак паедзе ўрач з яго шпіталя, і папрасіў, каб мы праз яго перадалі пасылачку. І адрас указаў. Мы купілі ўсё, што ён прасіў, але так і не змаглі даслаць. Некалькі разоў пісалі гэтаму доктару ў Ленінград, але адказала яго жонка: “Больш сюды не пішыце, мой муж так і не прыехаў у адпачынак”.

А Валодзя неўзабаве вярнуўся, але… у труне. Добра памятаю, як на праваслаўнае Ражство, 7 студзеня, з ваенкамата прынеслі паведамленне аб смерці, але мой муж яго адразу схаваў (ужо пасля смерці свайго Уладзіміра Васільевіча я знайшла яго і змагла прачытаць, што сын загінуў пры выкананні баявога задання).

Пазней маці даведалася аб некаторых падрабязнасцях: санітары адвозілі параненых і хворых салдат у шпіталь і на зваротным шляху падарваліся на міне. Уладзімір Чарнак атрымаў смяротнае раненне ў галаву.

– Калі прывезлі труну, я не верыла, што гэта мой сын. Я не памятаю, хто яго прывозіў і што расказваў. Мне дрэнна было. Хавалі сыночка на наступны дзень, 8 студзеня, тады яшчэ моцны снег пайшоў, – дрыготкім голасам успамінае Соф’я Антонаўна. – Вайскоўцы, якія труну прывезлі, узялі распіску з мужа, што ён яе не адкрые. Акенца было замазана, на труне таксама нічога не напісана, і муж усё абураўся: “Як гэта так? Каго вы прывезлі?”.

Соф’я Антонаўна жыве са сваім болем ужо больш за трыццаць гадоў. Услед за сынам яна пахавала мужа. Апошнім часам зусім аслабла: няма ўжо сіл, каб схадзіць у касцёл, – памаліцца за сваіх Уладзі-міраў. Але ўсё яшчэ ў яе душы цепліцца надзея, што Валодзя вернецца і пастукае ў дзверы:

– Мне здавалася, і да гэтага часу здаецца, што ён жывы, можа, дзесьці знаходзіцца ў палоне. Я яго чакаю, – кажа, выглядваючы ў акно.

Як калісьці ў 1983 годзе адна фатаграфія падказала, што сын трапіў у гарачую кропку, так праз сем гадоў іншы здымак узмацніў яе надзею, што Валодзя жывы. У газеце «Аргументы і факты», якая выйшла ў кастрычніку 1990 года, былі размешчаны фотаздымкі пяці ваеннапалонных, што знахо-дзіліся на той момант у Пешавары (Пакістан), а таксама пасланне кіраўніка ўрада маджахедаў  Старшыні Вярхоўнага Савета РСФСР Б.М.Ельцыну з прапановай аб перамовах. Прычым у ім было адзначана, што, на думку афганскага боку, лёс савецкіх ваеннапалонных не вельмі хвалюе некаторых паслоў: сярод вязняў афганскага палону няма выхадцаў з «элітных» сямействаў.

Рэдакцыя «АіФ» звярнулася да сваіх чытачоў з просьбай угледзецца ў  твары на здымках  і ў выпадку апазнання паведаміць у Вярхоўны Савет РСФСР. Угледзелася і Соф’я Антонаўна: салдат на левым здымку ёй здаўся падобным на сына:

– І авал твару, і прычоска, як у яго, і ручнік: у Валодзі была такая звычка – перакідваць праз плячо ручнік і  з ім хадзіць…  У нас у бальніцы неяк ляжала жанчына, якая прыехала з Масквы. Я падзялілася з ёй сваімі думкамі. Яна ўзяла фатаграфію і, вярнуўшыся дадому, звярнулася ў патрэбныя інстанцыі, а потым напісала мне, што гэтага хлопца “апазналі” ажно чатыры маці. Была і яшчэ адна фатаграфія палоннага салдата ў Пакістане, якога  апісаў нехта з расійскіх карэспандэнтаў. На ёй Вало-дзеў настаўнік нібыта разгледзеў майго сына…

Маці лепш не ведаць, што савецкія ваеннапалонныя, якія знаходзіліся ў Пакістане, зайздросцілі мёртвым.

***

Апошнія пісьмы з вайны

«Добры дзень, дарагая Матуля! З вялікім салдацкім прывітаннем да цябе твой сын Вова. Вырашыў напісаць табе, каб ты не сумавала.

    Служба мая праходзіць нармальна. Працую ў прыёмным аддзяленні і гора не ведаю. Дарагая матуля, галоўнае – беражы сваё здароўе і не хвалюйся, у мяне будзе ўсё ў парадку. Кормяць нас выдатна: кожную раніцу суп малочны, а ўвечары бульбачка са смажанай рыбай. Некалькі разоў сам смажыў пампушкі, а сёння дадаў разынкі – пальчыкі абліжаш. Увогуле  жывем лепш за ўсіх у брыгадзе.

Вось ужо прайшоў год і адзін месяц, як я не быў дома. Нічога, хутка і другі год праляціць, і я вярнуся дадому.

1 лістапада 1983 года».

«Добры дзень, дарагія бацькі, Матуля і  Тата, і брацік Толік!

Я пісаў вам, што думаю паступаць у Ленінградскую медыцынскую акадэмію. Для гэтага трэба, каб вы схадзілі ў школу, і ўзялі копію майго атэстата, а ў натарыуса – пасведчанне аб нараджэнні, і выслалі мне.

Надвор‘е ў нас цяпер халоднае, днём, праўда, + 20, а ночы халодныя. Але мне ў прыёмнай цёпла, і мухі не кусаюць. Мне вельмі пашанцавала, што я трапіў служыць у медроту…

Беражыце сваё здароўе і не хвалюйцеся, у мяне бу-дзе ўсё добра. Перадавайце ўсім прывітанне: хроснай і хроснаму, дзядулі, дзядзьку, суседзям і ўсім астатнім. Жадаю ўсім вялізнага шчасця. Цалую. Ваш сын Вова.

9 лістапада 1983 года».

   

«Жыццё маё праходзіць памаленьку … Надвор’е нармальнае: днём + 15, ночы значна халаднейшыя. У вас, напэўна, ужо снег?

Адна просьба да вас. Адзін урач, які разам са мной працуе, пасля хваробы едзе дадому ў адпачынак. Я з ім дамовіўся, што вы вышлеце на яго хатні адрас пасылку, а ён, як вернецца, прывязе мне. Дашліце, калі ласка, світар цёплы ці спартыўны касцюм, каб я мог апранаць пад х/б і пару простых шкарпэтак (у нас праз месяца паўтара  халады пачнуцца), 4-5 пачкаў лёзаў «Усход», палачку сухой каўбаскі «Маскоўскай», насоўку, флакон добрага адэкалона і маіх любімых цыгарэт «Гродна» або «Арбіты». Я думаю, вы выканаеце маю просьбу.

А ўвогуле жыву я добра. Увечары пасля дзяжурства чай п’ем. Старшына выдае заўсёды і ўсё мне першаму, вось сёння сабе зімовае абмундзіраванне па памеры ўзяў.

Дарагія бацькі! Віншую вас з угодкамі вашага вяселля! Жадаю ўсяго самага прыгожага ў вашым жыцці, моцнага здароўя і многіх гадоў жыцця. Цалую шмат разоў. Ваш сын Вова.

20 лістапада 1983 года».

Праз месяц, 22 снежня, Валодзя загінуў.

 

Ні жывыя, ні мёртвыя

Камітэт па справах воінаў-інтэрнацыяналістаў пры Савеце кіраўнікоў урадаў дзяржаў-удзельніц СНД вось ужо 18 гадоў вядзе цяжкую пошукавую работу. За гэтыя гады камітэт правёў дзясяткі экспедыцый у Афганістан. Пошукавікі апыталі сотні людзей, перакапалі тоны афганскай зямлі. У выніку  спіс з 400 чалавек, якія лічыліся як зніклыя без звестак, скараціўся на трэць. 29 чалавек знойдзены Камітэтам жывымі, 22 з іх вярнуліся дадому.

Знойдзеныя астанкі вывозяць на радзіму і займаюцца іх ідэнтыфікацыяй. Ветэраны Камітэта сцвярджаюць, што шукаць будуць усіх, не падзяляючы па нацыянальнасці, і да таго часу, пакуль існуе спіс.

Нагадаем, што ў ім фігуруюць і прозвішчы двух пружанскіх салдат – Алега Аляксандравіча Еўтуховіча і Анатоля Аляксандравіча Талашкевіча. Прычым па некаторых дадзеных ад 1992 года апошні значыўся жывым. А імя Алега Еўтуховіча фігуруе ў даследаванні члена Камітэта па справах воінаў-інтэрнацыяналістаў  Віктара Пятровіча Аляскіна «Забытыя героі Бадабера». На думку аўтара, ён мог знахо-дзіцца ў лагеры Бадабер (пад Пешаварам) сярод савецкіх ваеннапалонных, якія ў красавіку 1985 года паднялі паўстанне з патрабаваннем сустрэчы з прадстаўнікамі савецкага або афганскага пасольстваў у Пакістане і паабяцалі падарваць захоплены склад з арсеналам, калі іх патрабаванні не будуць выкананы. Патрабаванні адхілілі. Выбух быў такой сілы, што памер варонкі на здымку, атрыманым са спадарожніка, дасягае 80 метраў.

Бадаберскія падзеі ляглі ў аснову мастацкага фільма Т. Бекмамбетава «Пешаварскі вальс» (1994 года) – на думку ветэранаў-«афганцаў», адной з самых пранізлівых і праўдзівых кінакарцін пра тую страшную вайну.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота аўтара і з архіва С.А.Чарнак.

Один комментарий

  • Чытач

    Адправілі сына ў гарачую кропку, а бацькам не сказалі… Гісторыя ўвесь час паўтараецца…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *