Пятница, 19 января 2018

В Пружанах прошел финал областных соревнований «Золотая шайба». У наших спортсменов «золото» и «серебро»!

574

На працягу трох дзён у пружанскім Лядовым палацы праходзілі абласныя фінальныя спаборніцтвы па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба». Забягаючы наперад, адзначым, што для нашых спартсменаў гэты сезон ледзь не стаў сапраўды залатым.

У Пружаны прыехалі каманды з Кобрына, Баранавічаў, Бярозы, Брэста, Івацэвічаў, Пінска і Лунінца. Дзве каманды выставіў і наш раён, так што ўсяго змагаліся 13 дружын. Зразумела, што кожная з іх марыла аб перамозе, ну, хаця б аб прызавым месцы. Але  гарачыя баталіі на лёдзе паказалі, што не ўсім гэта было па сілах.

Дасягнуць свайго алімпу ўдалося нашай камандзе «Мухавец» са старэйшай падгрупы. Магчыма, пружанскім хакеістам проста спрыяла ўдача, але, калі б не высокі ўзровень тэхнічнай падрыхтоўкі, ім не ўдалося б перамагчы ўсіх сваіх сапернікаў. «Серабро» ў гэтай падгрупе атрымалі спартсмены з Баранавічаў, «бронза» паехала ў Брэст.

Што тычыцца малодшай каманды «Мухавец», то юныя хакеісты таксама змагаліся адчайна. Перагулялі амаль усіх сапернікаў у падгрупе, нават не пакінулі шанцу  даволі моцным спартсменам з Баранавічаў. А ў фінальнай гульні ім давялося змагацца з камандай з Кобрына.

Варта адзначыць, што кульмінацыйная сустрэча праходзіла пад такім накалам эмоцый, што павысілася тэмпература ў Лядовым палацы.

На працягу ўсёй гульні кабрынчане трымаліся крыху наперадзе, разрыў складаў адну-дзве шайбы. Але юным пружанцам напрыканцы ўдалося зраўняць лік — 7:7, з-за чаго суддзі прызначылі дадатковы перыяд да першай шайбы. Нягледзячы на тое, што гульня праходзіла толькі каля варот кобрынскай каманды, праціўнікам удалося прарваць кола і дайсці да нашых варот. Гэты прарыў і стаў выніковым, які адкінуў малодшую каманду «Мухавец» на «сярэбранае» месца. «Залаты дубль» не атрымаўся.

Заключэннем абласных спаборніцтваў «Залатая шайба» стала ўзнагароджанне прызёраў з уручэннем медалёў і кубкаў пераможцам, якое праводзілі намеснік дырэктара ХК «Брэст» С.М.Шчыпанаў і дырэктар пружанскай ДЮСШ №2 А.В.Шаманаў. 

На здымках: каманда «Мухавец» падчас спаборніцтваў і ўзнагароджання.

Алег СІДАРЭНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *