Пятница, 25 сентября 2020

Почему пружанские водители не проходят техосмотр?

1 723

Здавалася б, кожны вадзіцель павінен разумець, што своечасова пройдзены тэхнічны агляд аўтамабіля — гарантыя таго, што ў экстранай сітуацыі «жалезны конь» не падвядзе. Аднак дзясяткі і нават сотні кіроўцаў настойліва ігнаруюць гэтую працэдуру. Паводле інфармацыі раённага аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі, у мінулым годзе колькасць выяўленых падобных парушэнняў рэзка павялічылася. І прычын, якімі тлумачаць гэта, шмат. 

Каб зразумець логіку вадзіцеляў, карэспандэнцкая група накіравалася ў рэйд разам з супрацоўнікамі ДАІ.  Першае месца нашай «дыслакацыі» — траса Слонім-Высокае, на якой нават у моцны снегапад рух даволі ажыўлены. Інспектар ДАІ Сяргей Мышкевіч спыняе некалькі аўтамабіляў для праверкі. Пакуль з тэхаглядам ва ўсіх  парадак.

— Распаўсюджаным  у вадзіцеляў з’яўляецца здзіўленне наконт таго, чаму супрацоўнік ДАІ спыніў менавіта яго, бо ён не парушаў хуткасны рэжым, не размаўляў па мабільніку і быў прышпілены рамянём бяспекі,— дзеліцца сваёй практыкай інспектар Сяргей Мышкевіч. — Але трэба ведаць, што нам даецца такое права яшчэ і для таго, каб ацаніць укамплектаванасць аўто і  ўпэўніцца ў адсутнасці забароненых для перавозкі рэчаў. Ды і адэкватнасць вадзіцеля можна ацаніць толькі ў прыватнай гутарцы.

— Між тым, існуе такое меркаванне, нібыта інспектары арыентуюцца толькі на колер наклейкі на лабавым шкле.

— У нейкай ступені гэта адпавядае рэчаіснасці, бо адсутнасць наклейкі адразу стварае падазрэнне, што аўтамабіль не прайшоў тэхагляд. Але колер яе не заўсёды разгледзіш, асабліва ў дрэннае надвор’е або ў прыцемках. Таму часта спыняем машыны, кіруючыся іх знешнім выглядам. Калі  аўто дагледжанае і нават чыстае, то адразу бачна руплівага гаспадара, які наўрад ці будзе эканоміць на праходжанні тэхагляду. Калі ж легкавік нагадвае трактар пасля ўздыму 100  гектараў зябліва пад праліўным дажджом…

Аб тым, што ёсць і выключэнні з правілаў, мы даведаліся праз паўгадзіны. Інспектар спыніў аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся жыхар в.Белавусаўшчына. На лабавым шкле была адпаведнага колеру  наклейка аб праходжанні  тэхагляду. Здавалася б, усё ў парадку.

Аднак пры больш дакладнай праверцы дакументаў аказалася, што ўладальнік аўтамабіля наклеіў… адзнаку аб тэхаглядзе прычэпа.

Як потым патлумачыў Сяргей Мышкевіч, такое ў апошнія гады таксама дастаткова  часта сустракаецца. Нават «лепяць» наклейкі ад матацыкла. Некаторыя ідуць яшчэ далей: сусед або знаёмы праходзіць тэхагляд, а наклейку дорыць таму, хто такую працэдуру ігнаруе. Законам абавязковае наклейванне не прадугледжана, таму некаторыя вадзіцелі ездзяць без такіх знакаў  смела: спыніць  інспектар, усё высветліць і адпусціць. А ў падманшчыкаў ёсць шанц «праскочыць» міма паста ДАІ без праверкі і наступнага пакарання.

Шанц, дарэчы, даволі вялікі. У гэтым пераконваемся на прыкладзе наступнага спыненага аўто. У яго вадзіцеля з пачатку 2016 года гэта ўжо  трэці штраф за адсутнасць дазволу да ўдзелу ў дарожным руху яго аўтамабіля. Прычым сваю пазіцыю ён тлумачыць даволі слушна. З эканамічнага пункту гледжання.

— Першы раз мяне аштрафавалі на 21 рубель, у другі — на 42  рублі і зараз вось — на 46 рублёў. Калі скласці ўсю суму, то бачна, што за год я зэканоміў шэсць рублёў на праходжанні тэхагляду і аплаце дарожнага падатку.

— Так пасля ўвядзення дарожнага збору  ў залежнасці ад вагі аўто апраўдвае парушэнні закона нямала аўтаўладальнікаў,— гаворыць інспектар ДАІ.— Часцей за іншых  — вадзіцелі бусаў, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці. Так, напрыклад, аднаго  гараджаніна летась мы дзевяць разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за адсутнасць тэхагляду. І ён усё роўна сказаў, што яму такая сітуацыя больш выгадная.

Але большасць спыненых на трасе аўтамабіляў мелі ўсе патрэбныя дазволы.  «На далёкія адлегласці без тэхагляду вадзіцелі рэдка выбіраюцца, — мяркуе інспектар. — А вось у горадзе такіх аўтамабіляў значна больш.

Праўдзівасць гэтай высновы пацвердзілася праз некалькі мінут пасля таго, як мы пастаялі на адной з пружанскіх вуліц: інспектар спыніў гараджаніна, які год «катаецца» без тэхагляду. 

Пакуль запаўняецца пратакол,   47-гадовы вадзіцель Аляксандр распавядае ўжо не пра эканамічныя, а «ідэйныя» прычыны ўхілення ад тэхагляду.

— Ды таму, што аўтамабіль трэба рыхтаваць так, як быццам ён толькі што сышоў з заводскага канвеера, таму што «дакопваюцца» да ўсялякіх дробязей. Драпіна на капоце — і ўжо не пройдзеш тэхагляд, — эмацыйна кажа кіроўца. — А тая драпіна і непрыкметная нават, ды і на бяспеку дарожнага руху наогул ніяк не ўплывае.

Начальнік станцыі дыягностыкі №229 М.В.Даўгапол, якога мы пазней запрасілі пракаменціраваць падобныя заўвагі, такія выказванні чуў  не раз і лічыць іх несур’ёзнымі:

— Гэта ўсё проста адгаворкі, а не важкія довады. Напрыклад, наконт «дакопваюцца» наогул няпраўда. На нашай станцыі да вадзіцеляў ставяцца лаяльна. І калі вонкавы  дэфект сапраўды не ўплывае на бяспеку руху, ніхто не  будзе да яго чапляцца. Але  калі ўвесь кузаў пакамячаны, пакрыты ржой, прагніў — няварта крыўдзіцца, давядзецца выпраўляць недахопы.

Такія патрабаванні прадугледжаны не проста для таго, каб на дарогах краіны ездзілі больш прыгожыя машыны (хаця і гэта, напэўна, мае сэнс). Справа ў тым, што парушаная цэласнасць лакавага пакрыцця можа стаць прычынай траўмавання пешахода і нават самога вадзіцеля. Па-другое, іржавая пляма — слабое звяно, якое пры павелічэнні нагрузкі ў нестандартнай сітуацыі можа прывесці да разбурэння кузава, ад чаго наступствы аварыі будуць больш сур’ёзныя. 

Варта адзначыць, што некаторыя парушальнікі знаходзілі і іншыя прычыны пратэрміноўкі тэхагляду. Напрыклад, «забыўся», «не паспеў», «толькі што купіў аўто»… Такім чынам, за некалькі гадзін Сяргей Мышкевіч склаў звыш дзясятка пратаколаў. Развітваючыся з кожным з вадзіцеляў, інспектар ДАІ раіў:

— Праходзьце тэхагляд, жыццё ўсё адно прымусіць.

Трэба ведаць

Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь  за першае на працягу года такое парушэнне штраф можа складаць ад адной да трох базавых велічынь (ад 23 да 69 рублёў), а пры  паўторным парушэнні — ад дзвюх да пяці базавых (46–115 рублёў).

Службовая асоба, якая выпусціла на лінію аўтамабіль без тэхагляду ці з тэхнічнымі няспраўнасцямі, можа быць аштрафавана на чатыры-шэсць базавых велічынь (ад 92 да 138 рублёў).

Легкавыя аўтамабілі, чый «узрост» не перавышае дзесяці гадоў, павінны праходзіць тэхагляд раз у два гады. Легкавікі старэй дзесяці гадоў — раз у год. Камерцыйны транспарт, заняты перавозкай пасажыраў і грузаў, — два разы на год.

Калі тэхагляд вы збіраецеся праходзіць узімку (з 1 снежня па 1 сакавіка), абавязкова патрабуецца наяўнасць зімовых шын на аўтамабілі.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара.

Один комментарий

  • Иван Васильевич

    У нас с гАи разные дороги — у них насобирать побольше штрафов (благо законодательство позволяет штрафовать буквально за все), у нас — хоть как то ездить экономя на ремонте машины в счет дорожных поборов и налогов.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *