Вторник, 29 сентября 2020

Еўдакіі Клімашэвіч — 95, або Як «усходніца» «дзекаць» і «гэкаць» навучылася

823

Пажаўцелыя старонкі сшыткаў, спісаных акуратнай рукой школьніцы ў далёкіх  1930-х гадах, старыя фотаздымкі, трохкутнікамі складзеныя салдацкія лісты, бацькоўскі білет ваеннапалоннага, датаваны 1915 годам, шмат іншых дакументаў і запісаў… За сямейнымі рэліквіямі, якія паказвае Еўдакія Мікітаўна Клімашэвіч,  адчуваецца ўсведамленне ёю важнасці кожнага пражытага дня.

2 лютага яна адзначыла 95-годдзе. Ёсць  што ўспомніць. Ёсць аб чым расказаць.

Нарадзілася на Смаленшчыне ў 1922 годзе ў беднай сялянскай сям’і. Перажыла страшны голад.  Людзі збіралі хвошку, рвалі балотны мох, сушылі, пераціралі, змешвалі з вадой і пяклі праснакі. Маленькая Дуся ледзь не памерла з-за гэтага. Калі ў бальніцы прамылі страўнік, то яна ледзь на нагах стаяла…

Сярэднюю школу паспела скончыць яшчэ да вайны і разам з іншымі выпускнікамі адразу пайшла працаваць у школу, не маючы адпаведнай адукацыі. Праўда,  пасля вызвалення  маладую настаўніцу  накіравалі ў педвучылішча на паскораныя курсы: 10 месяцаў вучобы, недахоп  паперы і  чарніл (пісалі нават бурачковым сокам, а замест сшыткаў выкарыстоўвалі газеты, запісваючы лекцыі ў прабелах між радкамі).

У 1945 годзе Еўдакію Мікітаўну размеркавалі ў адну са школ Смаленскай вобласці, непадалёк ад дома. А старэйшая сястра жыла ў гэты час у Пружанах, дзе працавала ў ваеннай сталоўцы (гэты чырвоны цагляны будынак на скрыжаванні вуліц Леніна  і Савецкай стаіць і цяпер). Еўдакія неяк наведала яе і… вырашыла застацца ў Пружанах назаўсёды.

–  Беларусь падалася мне больш сытай за родную Смаленшчыну. Тут хоць есці было што. У нас жа і хлеба тады не было, – тлумачыць Еўдакія Мікітаўна сваё рашэнне.

Прыехала і  лёгка знайшла месца настаўніцы ў беларускамоўнай школе ў в. Смаляніца. Праўда, спачатку сумнявалася, ці зможа вывучыць новую мову. Але  «белай варонай» быць не хацелася, таму на кожным перапынку чытала па-беларуску розныя часопісы, а іншыя настаўнікі слухалі і папраўлялі. Уважліва прыслухоўвалася да жывой мясцовай гаворкі, запісвала ў нататнік словы, якія трэба вывучыць. Так паціху і пачала “дзекаць” і “гэкаць”.

Але цяжка было не толькі з мовай. Еўдакія Мікітаўна прыехала ў Пружаны у адзіным касцюме: спадніца з гімнасцёркай і берэт. Астатнія рэчы легка змясціліся ў маленькім чамаданчыку.

– Канешне, выглядала я стыльна, таму не аднойчы чула ўслед: “О, паглядзіце, “усходніца” ўся ў шоўку ідзе!” А ў мяне ж і на змену нічога не было! Як мыла касцюм, то хавалася за печ і наказвала гаспадыні  хаты казаць усім, што мяне дома няма, – з сумнай усмешкай узгадвае мая суразмоўца.

Прайшоў час, і “ўсходніца” цесна пазнаёмілася з культурай беларусаў-“заходнікаў”, да якіх прыехала, паглядзела, як яны нястомна працуюць, як  адпачываюць, танцуюць і спяваюць. Адным словам, урасла каранямі ў гэтую зямлю і стала сапраўднай “тутэйшай” жыхаркай.

 У 1948 годзе яе накіравалі арганізоўваць працэс навучання ў вёсцы Асятніца. Праз год выйшла замуж і стала працаваць па месцы жыхарства, у Навасёлках.  Мікалай Клімашэвіч паходзіў са шляхецкага роду Корсакаў, скончыў польскую гімназію. Нядзіўна, што яго бацькі спачатку выступілі супраць нявесткі. Але  ён  рашуча заявіў: іншая жонка яму не патрэбна. І меў рацыю. Пра яго  працавітую і таленавітую жонку (і песні яна спявала, і карціны малявала, і вышывала, і вязала) неаднойчы ўзгадвалі ў раёнай газеце, яна атрымлівала граматы і іншыя адзнакі выдатнай працоўнай дзейнасці.

–Я ніколі не шкадавала, што прыехала сюды і пражыла тут усё жыццё, – задумліва кажа Еўдакія Клімашэвіч. – Шчыра кажучы, за працай не было калі шкадаваць.

У 1958 годзе, пасля перакамплектацыі класаў, Еўдакія Мікітаўна, параіўшыся з мужам, пакінула школу і перайшла ў Навасёлкаўскую бібліятэку, дзе і працавала шмат гадоў – да пенсіі і пасля яе. Увесь час цікавілася гісторыяй Пружаншчыны і нават напісала летапіс вёсак, якія абслугоўвала. А матэрыялы, сабраныя ёю пра загінулых у вайну вяскоўцаў, нават увайшлі ў кнігу “Памяць. Пружанскі раён”.

Бібліятэкар па сумяшчальніцтве  выконвала і абавязкі загадчыцы клуба. Арганізаваныя ёю  калектыўныя святы прынеслі завадатарцы вядомасць у раёне.

Канешне, Еўдакія Клімашэвіч, як і многія савецкія людзі, лічыла, што чалавек павінен працаваць толькі ў калектыве і толькі дзеля агульнага дабрабыту, верыла ў непахісную ролю кампартыі і светлую будучыню.

Але… таксама верыла ў Бога і, нікога не баючыся,  заўсёды наведвала царкву. Так здарылася, што зараз жыве каля яе, нават праз акенца відаць блакітныя купалы Свята-Аляксандра-Неўскага сабора.

Пра гэта яна абавязкова напіша на чарговых старонках  сваіх мемуараў, якія  хоча пакінуць пасля сябе на памяць дзецям і ўнукам. А пакідаць ёсць каму. Можна не сумнявацца, што яе дачка Марыя Мікалаеўна Кулецкая, вядомы ў краіне народны майстар Беларусі, якая займаецца роспісам па шкле, і ўнучка, паспяховая мінская мастачка Ірына Мамановіч, увесь гэты дакументальны скарб зберагуць і прымножаць.

На здымках: віншаванні ў дзень юбілею ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі;  на вуліцы роднай вёскі ў 1960 годзе; Е.М.Клімашэвіч са сваімі вышыванкамі і «раёнкай», якую ўважліва чытае з нумара ў нумар .

Алена Зялевіч . Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *