Вторник, 29 сентября 2020

Подруги-мастерицы из Лихосельцев вяжут, вышивают и ткут уникальные вещи

873

Не ведаю, якія версіі прапануюць спецыялісты з нагоды назвы вёскі Ліхасельцы, але думаю, што гэта той выпадак, калі слова ўжываецца ў значэнні «ўдалы». Ох, і ўдалыя тут жывуць людзі! Праўду казалі мне: што ні гаспадар, то ўмелец, што ні хата, то майстрыха. Вось і дзве сяброўкі – Святлана Аведзікаўна Майстрэнка і Вера Ільінічна Хайко – здзівілі сваімі рукатворнымі цудамі.

У адной увесь дом і ўсё, што ў ім, упрыгожана выдатнай вышыўкай: падушкі вялікія і малыя, ручнікі простыя і «набожнікі», абрусы і сурвэткі, пакрывалы і фіранкі. Па нізе ложкаў ідуць дзіўнай прыгажосці “падзорнікі”, а да іх – вязаныя кручком карункавыя аблямоўкі, «брынды». Усё літаральна патанае ў яркіх кветках і арнаментах, вышытых гладдзю і крыжыкам.

Любоў да вышыўкі Святлане Аведзікаўне прывіла ў дзяцінстве яе мама. А нарадзілася будучая майстрыха ў 1949 годзе ў сям’і вайскоўца. Тата, армянін па нацыянальнасці (адсюль і такое рэдкае ў яе імя па бацьку), былы франтавік, перанёс цяжкае раненне і за баявыя заслугі быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе ў Брэсцкай крэпасці ахоўваў ваеннапалонных. Неяк прыехаў у камандзіроўку ў Ліхасельцы і пазнаёміўся тут з мясцовай дзяўчынай. У 1947 годзе і пабраліся шлюбам. Спачатку  маладая сям‘я  з’ехала на Каўказ і пражыла там да 1955 года, а потым усё ж такі вырашылі вярнуцца ў Беларусь.

–Мы жылі ў старэнькай хатцы: сцены валіліся. Адзіная каштоўнасць – абразы ў чырвоным куце. Вось і захацелася мне іх хоць чым-небудзь упрыгожыць, — расказвае майстрыха. — З матчыным малаком прыйшло ўсведамленне, што Бога трэба шанаваць. Пачала з ручнікоў-“набожнікаў”, а потым усё запар шыла і вышывала. І ўсім дзецям, і ўнуку, які нядаўна ажаніўся, на вяселле навышывала падарункаў. Дарэчы, «брынды» вязаць мяне навучыла самая вядомая ліхасельская майстрыха Вольга Аляксееўна Карунас (яе ўжо няма ў жывых). Раней я хадзіла да яе на вячоркі, і яна ўсіх вучыла вязаць складаныя ўзоры, – з удзячнасцю ўспамінае Святлана Аведзікаўна сваіх першых настаўніц.

На гэтых жа вячорках вучылася майстэрству і Вера Ільінічна Хайко, вядомая ў вёсцы ткачыха. Яна вырасла ў простай сялянскай сям’і, па свеце не ездзіла і ўсё жыццё пражыла ў Ліхасельцах. Ткаць яе навучылі мама і бабуля. Прычым бабуля перадала сакрэты складанага пераборнага ткацтва.

– Гэта сёння ўсё ёсць. А тады не было ні гатовых нітак, ні палатна. Усю аснову самім трэба было выткаць, усе нітачкі, і льняныя, і ваўняныя, напрасці і пафарбаваць. А беленькія — дзясяты нумар — куплялі ў краме ў гатовых шпульках. Усе жанчыны ткалі і збіралі сабе пасаг у скрыні: сарочкі, ручнікі, пасцельную бялізну, наматраснікі. У мяне да гэтага часу ў куфрах ляжыць палатно. Як пайшла на пенсію, то імкнуся ткаць увесь свой вольны час. Дома кросны заўсёды стаяць, – пахваляецца Вера Ільінічна.

І пакрывалы свае – унікальныя двухслаёвыя шматколерныя “дываны” – майстрыха нікуды не хавае, заслала імі ўсе ложкі і крэслы, табурэткі і лаўкі – ад парога да парога. Адарыла імі двух сваіх дзяцей, чатырох унукаў і пяцярых праўнукаў.

Не ведаю, як ім, але для мяне лепшага падарунка і быць не можа. Гэта ж цуда-посцілкі! Калі з аднаго боку на іх зялёная аснова і чырвоны ўзор, то з другога – наадварот: аснова чырваніць, а ўзор зелянее. Над адным такім “дываном” майстрыха карпатліва працуе не дзень і не тыдзень, а некалькі месяцаў.

Здзіўляюся, колькі сіл укладзена ў гэтую прыгажосць! А для ліхасельскіх жанчын гэта прыемнае хобі, якім яны займаюцца па поклічу душы пасля цяжкага працоўнага дня і  якое ім дорыць радасць і супакаенне.

Дык вось, аказваецца, якія яны, лепшыя «лекі» ад дрэннага настрою!

Алена ЗЯЛЕВІЧ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *