З трактарыстам-машыністам сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Агра-Калядзічы» Віктарам Аляксандравічам Чэрнікам даводзіцца сустракацца на палетках шмат разоў за сезон, пачынаючы ад ранняй вясны да позняй восені. Звычайна ён задзейнічаны на падкормцы мінеральнымі ўгнаеннямі агрэгатам «РАСА» азімых і сенакосна-пашавых угоддзяў, сяўбе цукровых буракоў і кукурузы, касьбе траў, уборцы збожжавых і цукровых буракоў. Нарадзіўся Віктар Чэрнік у вёсцы Гаравіца Драгічынскага раёна ў 1971 годзе. У трынаццаць гадоў застаўся без бацькі і таму частку клопатаў па дамашняй гаспадарцы давялося браць на сябе.
Разам з заканчэннем сярэдняй школы атрымаў пасведчанне механізатара і да службы ў войску паспеў папрацаваць на палетках роднай гаспадаркі. Пасля дэмабілізацыі не здрадзіў земляробскай справе і ў 1994 годзе апынуўся ў калгасе «Рассвет» Пружанскага раёна, дзе працаваў ужо вадзіцелем старэйшы брат.
Сям’я Чэрнікаў пражывае ў «прэзідэнцкім» доміку прысядзібнага тыпу ў Калядзічах. Разам з жонкай Нінай Аляксандраўнай, якая працуе памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку, выгадавалі дачку і сына. Сын — майстар лесу ў Міхалінскім лясніцтве, дачка — адміністратар у адной з гасцініц Брэста.
За сваю добрасумленную працу Віктар Аляксандравіч узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, а яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.
Механізатар шчыра адказаў на шэраг разнастайных пытанняў.
— Пра што марылі ў дзяцінстве?
— У дзяцінстве была вялікая цікавасць да тэхнікі. Таму можна сказаць: пра што марыў, тое і спраўдзілася.
— Самае галоўнае, чаму Вас у дзяцінстве навучылі бацькі?
— Паважаць любога чалавека незалежна ад яго ўзросту і роду заняткаў. Любіць сялянскую працу, быць сумленным і прыстойным чалавекам.
— Які прадмет больш за ўсё падабаўся ў школе: фізіка або літаратура?
— Нягледзячы на тое, што меў цягу да тэхнікі, больш падабалася літаратура.
— Любімая мясціна на зямлі, дзе яна знаходзіцца?
— Гэта вёска Гаравіца, дзе я з’явіўся на свет. Бацькоўскі дом стаяў на беразе Белазерскага канала, які злучаецца з Днепра-Бугскім. І ўвогуле, тут мясціны вельмі маляўнічыя.
— Самы памятны дзень у жыцці?
— Гэта нараджэнне дачкі Таццяны.
— Чым падабаецца вёска Калядзічы?
— Размешчана недалёка ад Пружан. Можна ездзіць па пакупкі ў райцэнтр хоць штодзень.
— На што Вам не шкада патраціць грошы?
— На падарункі родным і блізкім людзям. На рамонт у сваім доме, чым я цяпер і займаюся.
— Як праводзіце выхадныя дні?
— Летам іх у мяне практычна не бывае. Ну, а так у выхадныя — звычайна дамашнія гаспадарскія клопаты.
— Дык больш падабаецца зіма або лета?
— Вядома, што лета. Гэта самы гарачы час для мяне, бо пачынаецца жніво.
— А што для Вас жніво?
— Уборка збожжавых — гэта вялікая адказнасць і напружаная праца на хлебнай ніве. Хлеб, як кажуць у народзе, — усяму галава. Да таго ж, ёсць магчымасць зарабіць добрыя грошы.
— Самая любімая сельгаскультура?
— Для мяне гэта цукровыя буракі. Я іх вясной сею, а восенню камбайнам убіраю.
— Калі давядзецца выбіраць паміж домам і кватэрай, то чаму аддасьце перавагу?
— Вядома ж, што ўласнаму дому. Па-іншаму жыць не ўмею. Раней трымалі нават дзве каровы. Цяпер засталіся толькі свінні і куры.
— Калі б усё давялося пачаць спачатку?
— Ніколькі не шкадую, што прысвяціў сваё жыццё земляробскай справе. Праца на зямлі — самы старажытны занятак чалавецтва, і яна мне прыносіць маральнае задавальненне.
Гутарыў Мікола Архуцік.