Пятница, 15 декабря 2017

Пьют обязанные лица, а голова болит… обществу

553

З нядаўняга часу ў нашым грамадстве з’явілася новая катэгорыя грамадзян, так званыя абавязаныя асобы. Гэта тыя людзі, дакладней кажучы, таты і мамы, якія з-за злоўжывання спіртным не выконваюць самага галоўнага свайго абавязку — выхаванне дзяцей. У выніку дзяржава вымушана ў такіх «сем’яў» адбіраць малалетніх выхаванцаў і браць на сваё ўтрыманне за дзяржаўны кошт. А гора-бацькам выстаўляецца рахунак на аліменты. 

Намер абараніць дзяцей ад сацыяльнага бязладдзя можна толькі вітаць. Аднак  падыходы да гэтага не зусім зразумелыя. Па-першае, абавязаным асобам ствараюцца настолькі спрыяльныя ўмовы, пра якія законапаслухмяным грамадзянам можна толькі марыць: гарантаванае працоўнае месца з павышанай сацыяльнай абаронай, нават з дастаўкай з міліцыянерамі ў якасці «целаахоўнікаў» на месца працы. Па-другое, складваецца ўражанне, што яны нават прыраўноўваюцца да льготных катэгорый грамадзян. І  гэта праўда, давялося сустрэць у адной з устаноў горада аб’яву «Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды, шматдзетныя сем’і і АБАВЯЗАНЫЯ асобы абслугоўваюцца па-за чаргой».

За што ім такі гонар? Тым больш,  як паказвае практыка, яны не мяняюць ладу свайго жыцця.

Са званка ў рэдакцыю.

Як расказвае начальнік камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама І.А.Грышкевіч, пачатак  21 стагоддзя на фоне розных дасягненняў прынёс і нямала новых сацыяльных праблем. У тым ліку і з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Больш за дзесяць гадоў дзейнічае Дэкрэт №18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у сацыяльна небяспечных сем’ях», дзякуючы якому ўведзены шэраг абмежаванняў той «вольніцы», па якой жылі такія  бацькі дагэтуль. Акрамя  гэтага, абавязаў тых, хто не жадае займацца выхаваннем сваіх дзяцей, у поўным аб’ёме пакрываць выдаткі дзяржавы на іх утрыманне. У народзе хутка прыжылося і азначэнне, дадзенае такім бацькам: абавязаныя асобы.

Калі самыя блізкія і родныя для дзіцяці людзі забываюць аб сваім галоўным прызначэнні — клапаціцца і аберагаць яго, на дапамогу маленькаму чалавеку прыходзіць дзяржава. Сям’ю прызнаюць сацыяльна небяспечнай, і адпаведныя службы пачынаюць рабіць усё магчымае, каб бацькі вярнуліся да нармальнага жыцця. Калі ж прымаемыя намаганні не даюць чакаемага эфекту, дзяцей забіраюць з сям’і. Такім чынам даецца яшчэ адзін шанц на выпраўленне. Праз некаторы час, калі будзе даказана нармалізацыя ладу жыцця, малых вяртаюць бацькам. У горшым выпадку канчатковым рашэннем становіцца пазбаўленне бацькоўскіх правоў, пасля чаго даказаць сваю сацыяльную бяспеку абавязаным асобам стано-віцца даволі складана.

На жаль, як расказвае Ірына Аляксандраўна, на фоне павелічэння колькасці адбіраемых з  сем’яў дзяцей (42 — у 2016 годзе супраць 23 — у 2015)  знізілася колькасць вяртаемых у біялагічныя сем’і (у 2015 — 69%, у 2016 — 58%). Прычым у некаторых сем’ях малалетнія дзеці забіраліся паўторна.

Увогуле на сённяшні дзень у аддзеле адукацыі, спорту і турызму зарэгістравана 78 абавязаных асоб. Іх колькасць з году ў год застаецца прыкладна аднолькавай, але гэта адзінае, што можна адзначыць у якасці станоўчай прыкметы.

За ўтрыманне дзяцей дзяржавай  бацькам выстаўляюцца даволі істотныя рахункі: сёлета абавязаныя асобы павінны штомесяц выплачваць на кожнае дзіця да шасці гадоў  223,28 руб., на старэйшых — 230,73 руб. У агульнаабласной статыстыцы аднаўлення дзяржаўных выдаткаў Пружанскі раён трымаецца ў лідарах — звыш 56%. Аднак такое становішча, як зазначае   І.А.Грышкевіч, нельга лічыць ідэальным: абавязаныя бацькі  павінны кампенсаваць усю суму. Калі ж улічыць, што па законе ў іх могуць забіраць не больш за 70% заробкаў, то заработная плата павінна быць не меншай за 320-330 рублёў.

Аднак падыходы, што пазначаны дзеючым заканадаўствам, не прадугледжваюць больш жорсткіх мер уздзеяння і работы з абавязанымі асобамі. Улічваючы асаблівасці іх ладу жыцця (некаторыя  больш пары тыдняў без прагулаў працаваць не могуць, затое з неверагоднай хуткасцю ўкладаюць любы свабодны рубель у гарэлку), відавочна: грошай у большасці з іх проста няма. Як няма і жадання працаваць, каб яны з’явіліся.

Праблема працаўладкавання абавязаных асоб і кантроль за іх жыццём сёння вядуць спецыялісты з самых розных ведамстваў — сацыяльных службаў, адукацыі, праваахоўных структур, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Знаходзіцца гэтая праблема і на спецыяльным кантролі ў раённым Савеце дэпутатаў і райвыканкаме. Як расказвае старшыня раённага Савета дэпутатаў М.В.Сцепанюк, невыпадкова вынікі працы з абавязанымі асобамі пастаянна разглядаюцца на пасяджэннях сельвыканкамаў і на раённым узроўні. У рамках Дэкрэта №18 аказваецца самая магчымая дапамога. Напрыклад, з дапамогай службы занятасці вырашаецца пытанне з працаўладкаваннем. Праваахоўныя органы кантралююць выкананне патрабаванняў працоўнай дысцыпліны. У шэрагу калектываў прадпрыемстваў такія асобы бяруцца «пад апеку», ім аказваецца матэрыяльная падтрымка.

Замест пастскрыптума

Калі прааналізаваць любую канкрэтную гісторыю дапамогі грамадства і працоўных калектываў абавязаным асобам, то становіцца зразумелым абурэнне нашага чытача, нават у самога з’явілася злая думка: «А чаму б таксама не запіць?». Мяркуйце самі. Калі любы з сумленных работнікаў дапусціць парушэнне працоўнай дысцыпліны, то адразу атрымае пакаранне, нават могуць звольніць. Але ні за прагулы, ні за з’яўленне на рабочым месцы ў нецвярозым стане абавязанага нельга звальняць. Так, за некалькі прагулаў ён можа быць арыштаваны на некалькі сутак праваахоўнымі органамі. Але зноў жа ўтрыманне ў  ізалятары будзе за кошт дзяржавы з далейшым павелічэннем сумы запазычанасці. Могуць быць прыменены не толькі ад-міністрацыйныя меры ўздзеяння, але мы ўсе разумеем, што з такім жа эфектам…

Для кіраўнікоў прадпрыемстваў абавязаныя асобы становяцца прычынай істотнага галаўнога болю. Пераважная большасць абавязаных асоб не мае ні добрай прафесіі, ні належнага вопыту, займацца яны могуць толькі некваліфікаванай працай, якая аплачваецца невысока. Дадайце да гэтага прагулы, якіх у табелях уліку працоўнага часу ў некаторых значна больш, чым адпрацаваных гадзін. Сітуацыя атрымліваецца не  надта аптымістычная. Што б яны ні нарабілі, пазбавіцца ад такіх работнікаў нельга.

Але такая своеасаблівая апека адразу выклікае пытанні ў іншых членаў калектыву: чаму ім можна, а іншым не? Варта адзначыць і рызыку парушэння правілаў аховы працы з адпаведнымі наступствамі, з-за чаго на прадпрыемстве абавязкова з’явяцца кантралюючыя камісіі з выяўленнем недахопаў і пакараннем адказных.

У шэрагу раёнаў праблема вырашаецца іншым шляхам: у абавязаных адбіраюцца кватэры, якія потым здаюцца ў наём. Але на Пружаншчыне практычна ўсе гора-бацькі жывуць у сельскай мясцовасці, і ў большасці жытло ў такім стане, што хлеў добрага гаспадара выглядае лепш.

Бясспрэчна, патрабуюцца дадатковыя меры ўздзеяння, бо адны  гавораць аб большай жорсткасці, іншыя  ўспамінаюць каштоўнасці гуманізму. На маю думку, нельга ставіцца вельмі жорстка, бо ў пэўнай ступені ў з’яўленні такіх сем’яў ёсць віна і нашага грамадства,  бо яны не закінуты да нас іншапланецянамі, а выраслі побач з астатнімі, нармальнымі людзьмі. Але нельга гаварыць і пра залішні гуманізм, калі гаворка ідзе пра абарону дзяцей, якія стануць наступным пакаленнем грамадзян нашай краіны. Думаецца, што час для ўгавораў і цацкання закончыўся, сітуацыя ў грамадстве патрабуе больш рашучых падыходаў.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *