Суббота, 20 января 2018

+651 кг молока от коровы за год. Животноводы ОАО «Шени-агропродукт» значительно улучшили надои

475

Па выніках работы за мінулы год значны крок наперад зрабілі жывёлаводы ААТ «Шані-аграпрадукт». Вытворчасць малака ў гаспадарцы ў 2016 годзе склала 15,2 тысячы тон, або 112% да папярэдняга года. У разліку на адну карову яго атрымана 6090 кілаграмаў, што на 651 кілаграм больш, чым пазалетась. Самай высокай прадукцыйнасці дойнага статку дасягнулі жывёлаводы МТК «Каштанаўка», дзе ў сярэднім ад адной каровы надаілі 7848 кілаграмаў малака. Прыбаўка да 2015 года склала 1746 кілаграмаў.

Узначальвае калектыў комплексу М.А.Рыбачок. Ён таксама з’яўляецца тут і асемянатарам.

— У нас налічваецца 158 кароў, 107 цялушак і 78 галоў цялят, — гаворыць начальнік. — Абслугоўвае жывёлу ўсяго 16 чалавек.

На комплексе жывёла на працягу ўсяго года знаходзіцца на стойлавым утрыманні. Дойка ажыццяўляецца ў даільнай зале, дзе ўстаноўлена абсталяванне «Елачка» на 16 месцаў.

— На комплексе прадугледжана трохразовая дойка, — зазначае Мікалай Антонавіч. — Працуюць  чатыры аператары машыннага даення: Раіса Лыжына, Надзея Лобус, Святлана Зуева, Таццяна Тарасюк.

У канцы студзеня сутачны надой на карову па комплексе складаў 24,5 кілаграма малака, што на 5 кілаграмаў больш, чым у аналагічны перыяд мінулага года. Нават у дваццаціградусныя маразы не адбылося падзення ў надоях.

Немалаважна, што апошнім часам комплекс адпраўляе малако на перапрацоўку толькі сортам «экстра». У гэтым, дарэчы, зацікаўлены ўвесь працоўны калектыў. Заработная плата жывёлаводаў залежыць не толькі ад колькасці, але і ад якасці малака.

А ўвогуле, як лічыць Мікалай Антонавіч, усё патрэбна рабіць своечасова, без парушэння тэхналогіі. Нельга спадзявацца на поспех толькі пры наяўнасці якасных кармоў і добрых спецыялістаў. Усё могуць парушыць нядбайныя адносіны да работы. Толькі строгая выканаўчая дысцыпліна можа даць добры працоўны вынік.

Кармоў на бягучую зімоўку на комплексе дастаткова. Іх з запасам хопіць на ўвесь зімова-стойлавы перыяд. Тым не менш тут да іх стараюцца адносіцца беражліва, каб не дапусціць перарасходу і такім чынам зменшыць сабекошт прадукцыі.

Усе ветэрынарныя і заатэхнічныя мерапрыемствы па кожнай жывёле  заносяцца ў камп’ютар. Вядзецца  работа па ідэнтыфікацыі жывёлы: цяляты і каровы памячаюцца новымі біркамі са штрыхкодамі. Адказвае за гэта заатэхнік-селекцыянер І.А.Міранюк.

Што датычыцца перспектыў далейшага развіцця МТК «Каштанаўка», то ўжо ў бліжэйшы час колькаксць кароў тут павінна павялічыцца да 400 галоў. Наяўнасць памяшканняў дазваляе зрабіць гэты крок.

На здымках: у даільнай зале начальнік комплексу М.А.Рыбачок  з аператарамі машыннага даення Р.А.Лыжынай і Н.П.Лобус; заатэхнік-селекцыянер І.А.Міранюк.

Мікола Архуцік. Фота аўтара.   

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *