Среда, 25 апреля 2018

Получим ли 500 долларов зарплаты? Интервью с начальником отдела экономики райисполкома

999

Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь пастаўлена задача ў бягучым годзе выйсці на мяжу сярэдняй заработнай платы ў эквіваленце 500 долараў ЗША.  Ці рэальна атрымаць на Пружаншчыне заробак у 1000 рублёў? Каму гэта ўдасца і дзе ўжо выплачваюць такую заработную плату?

Такія пытанні мы задалі начальніку аддзела эканомікі райвыканкама І.Д.Ліхтаровіч.

— Ірына Дзмітрыеўна, відавочна, што палепшыць матэрыяльны дабрабыт работнікаў можна толькі за кошт прыбытковай дзейнасці. Ці ёсць рэнтабельнасць у пружанскіх прадпрыемстваў і арганізацый?

— Нельга сказаць, што мінулы год для эканомікі раёна закончыўся ў мінусах: большасць прадпрыемстваў дасягнулі намечаных планаў. У шэрагу адстаючых выяўлены аб’ектыўныя памылкі і намечаны шляхі іх пераадолення, што, спадзяемся,  дазволіць атрымаць прыбытак у бягучым годзе.

Напрыклад, выдатна справіўся з планавымі заданнямі малочны камбінат, стабільна працуюць камбінат кааператыўнай прамысловасці, кансервавы завод. На маю думку, варта адзначыць і ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей»: нягледзячы на пэўныя цяжкасці ў асноўных пакупнікоў, беларускіх машынабудаўнічых гігантаў, таварыства змагло закончыць год без зніжэння аб’ёмаў, нават з ростам па некаторых пазіцыях і без сур’ёзных запасаў на складах. Ільнозавод не змог у другім паўгоддзі атрымаць той аб’ём і якасць сыравіны, якія былі летась, з-за неспрыяльнага надвор‘я.

Адметна тое, што многія прадпрыемствы раёна пашыраюць геаграфію паставак. Тое ж СТАА «Данон Пружаны» асвойвае шляхі на Казахстан, Арменію, Грузію, у завода радыёдэталей  таксама наладжваецца, няхай і невялікі,  экспарт.

— Калі  праглядзець асартымент нашых прадпрыемстваў, то можа стварыцца ўражанне, што ён не мяняецца дзесяцігоддзямі, а вытворцы будуюць свае планы толькі на падставе пашырэння геаграфіі паставак.

— Патэнцыял для пашырэння экспартных шляхоў для нашых прадпрыемстваў яшчэ не вычарпаны, так што гэтую «геаграфію» можна пашыраць і пашыраць.  Але пагаджуся, што без удасканалення асартыменту такія планы могуць быць тупіковымі, бо канкурыраваць з вытворцамі, якія прапануюць больш сур’ёзную лінейку прадукцыі, вельмі складана.

Ды толькі гэтае правіла разумеюць і  кіраўнікі нашых суб’ектаў гаспадарання. Льнозавод, напрыклад,  актыўна асвойвае тэхналогію больш паглыбленай перапрацоўкі сыравіны. На ПЗР пастаянна абнаўляецца лінейка прадукцыі, праводзяцца ўласныя лабараторныя даследаванні з асваеннем інавацыйных прадуктаў. Паступова абнаўляе асартымент  хлебазавод. Кампанія «DANONE» распрацавала лінейку «Смяшарыкі» і іншыя новыя малочныя прадукты.

Але разам з тым зазначу, што такая работа вядзецца не так актыўна і маштабна, як неабходна ў рэальных эканамічных умовах. Напрыклад, той жа Кобрын па асартыменце хлебапрадуктаў нас  апярэджвае, што можа стаць істотным падмуркам для «захопу»  кабрынчанамі  пружанскага рынку.

— Улічваючы такія паказчыкі, ці варта разлічваць пружанцам на сярэднюю заработную плату ў тысячу рублёў?

— Скажу адразу, што ў нас ёсць арганізацыі і прадпрыемствы, якія дасягнулі гэтай рысы або толькі крыху не дацягваюць.

Рэалізацыя такой задумкі значна ажывіла б эканоміку раёна. У сваю чаргу  гэта павялічыла б тавараабарот і адлічэнні ў бюджэт. Але адразу прызнаюся, што выканаць даручэнне Кіраўніка дзяржавы будзе даволі складана. І не ўсім па сілах.

Напрыклад, без асаблівых цяжкасцей гэта ўдасца там, дзе доля выдаткаў на заработную плату складае нязначны працэнт у сабекошце выпускаемай прадукцыі. Такі паказчык маюць малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, некаторыя акцыянерныя таварыствы аграпрамысловага комплексу, прадпрыемства «Белавежскія віны». Аб’ядноўвае ўсіх іх адно — своечасова праведзеная мадэрнізацыя вытворчасці.  Розніца бачная, калі параўноўваць умовы працы, напрыклад, у  ААТ «Роўбіцкае» і ААТ «Жураўлінае» або «Ружаны-Агра»: аплата працы адных і тых жа катэгорый  спецыялістаў адрозніваецца ў некалькі разоў.

У павышэнні заробкаў ёсць і адваротны бок: без выканання абавязковай умовы эфектыўных суадносін з прадукцыйнасцю працы рост заработнай платы адразу адаб’ецца на канчатковым кошце прадукцыі і зробіць яе неканкурэнтаздольнай.

— Ірына Дзмітрыеўна, па меркаванні нашых чытачоў на першым месцы сёння на Пружаншчыне ўсё ж стаіць не велічыня заробкаў, а іх наяўнасць. Як будзе вырашацца ў бягучым годзе пытанне занятасці?

— Пераважна працаўладкаванне  будзе вырашацца за кошт стварэння новых працоўных месцаў.

Па-першае, летась было зарэгістравана некалькіх новых арганізацый, якія пачнуць набіраць персанал і працаваць сёлета. Сярод такіх варта назваць прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў, якое размяшчаецца ў тых цэхах, дзе раней апрацоўвалася крэветка. Чакаецца, што там будуць створаны да 15 працоўных месцаў. Зразумела, што гэта будзе ручная праца і заробкі наўрад ці дасягнуць 1000 рублёў, але тым, хто ўвогуле не мае работы, і такая занятасць дасць магчымасць палепшыць сваё матэрыяльнае становішча.

На базе  былой вайсковай часці ў вёсцы Новыя Засімавічы сёлета таксама варта чакаць адкрыцця новых працоўных месцаў. Напрыклад, створана ТАА «Белавежхімпрам», якое плануе арганізаваць вытворчасць угнаенняў для сельскай гаспадаркі. Таварыства мяркуе стварыць каля дзясятка вакансій. Побач чакаецца адкрыццё прадпрыемства па вырабу палімернай прадукцыі, дзе таксама будуць патрэбны працоўныя рукі. Адпаведныя планы выказалі ўжо дзеючыя арганізацыі райцэнтра, у тым ліку і гандлёвыя. Такім чынам, за кошт новых вытворчасцей і прадпрыемстваў плануецца стварэнне да 90 новых працоўных месцаў.

Найбольш вострым пытанне занятасці пакуль застаецца ў гарадскіх пасёлках Шарашэва і Ружаны. На жаль, да іх не праяўляюць інтарэс інвестары, хаця інфармацыя аб вытворчых магчымасцях гэтых населеных пунктаў у самым шырокім доступе. Ёсць пэўныя спадзяванні на рэалізацыю планаў таварыства «Бударама», якое ўзяло ў арэнду частку Шарашоўскага мэблевага цэха. Расце вытворчасць у Шчарчове, дзе дзеючае прадпрыемства па вырабе пластыкавых бутэлек выкупіла яшчэ адно ізаляванае памяшканне для пашырэння сваёй базы.

— Не цікавяцца намі і замежныя інвестары?

— У сённяшняй сітуацыі, лічу, здавальняе нават тое, што не закрываюць сваю вытворчасць тыя, хто прыйшоў працаваць на Пружаншчыну. Гэта інвестары з Польшчы, Расіі, Турцыі. Напрыклад, сёлета нарэшце прыступіць да работы прадпрыемства з польскім капіталам па вырабе прадукцыі лёгкай прамысловасці. Не мяняюць сваіх планаў бізнэсмены з нашай заходняй суседкі-краіны і наконт выкарыстання плошчаў былога камбіната будаўнічых матэрыялаў.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

3 комментариев

  • Андрей

    Если верить таким как Лихтарович то кризис действительно у нас в головах а в стране и районе все супер.И зарплата растет и уровень жизни и т.д.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Мыкола

    Бэть! И ни слова про медицину и образование…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Кацярына

    Конечно, если сложить зарплату директоров некоторых организаций (не будем показывать пальцем) с зарплатой уборщицы, к примеру, и разделить на 2, то вполне себе выйдет и юольше 1000 BYN. Ну и элекросети с райгазом всегда неплохо получали. Вот только найти работу на таких хорошополучающих предприятиях невозможно, если ты не родственник или не какой-нибудь бывший работник мвд, мчс и иже с ними.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *