Воскресенье, 24 июня 2018

Прокурор района прокомментировал самые громкие дела этого года

1 453

Бягучы год на Пружаншчыне багаты на падзеі. Але, на жаль, не ўсе яны былі станоўчымі, а некаторыя з іх трапілі ў поле зроку праваахоўных органаў. Разглядам і праверкамі займалася і пракуратура. Даць каментарыі да найбольш «гучных» спраў мы папрасілі пракурора  раёна М.І.ЗАПАРОШЧАНКУ.

— Міхаіл Іванавіч, у пачатку лета ў горадзе абваліўся балкон. Наколькі вядома, ужо ёсць вынікі праверак па гэтым факце.
— Так, восьмага чэрвеня з чацвёртага паверха жылога дома №2 па вуліцы Кобрынскай абваліўся балкон. Праверка праводзілася згодна з артыкулам 184 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ. Тым больш, што ёсць і пацярпелыя — жанчына, якая на ім стаяла ў той момант, атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні, небяспечныя для жыцця.
Была прызначана будаўніча-тэхнічная экспертыза, якую праводзілі спецыялісты навукова-тэхнічнага цэнтра Брэсцкага філіяла БелНДІ будаўніцтва. Эксперты вызначылі, што асноўныя прычыны абвальвання балконнай пліты — гэта значная карозія стальной арматуры верхняй сеткі і памяншэнне папярэчнага сячэння рабочых стрыжняў. Акрамя таго, спадарожнымі фактарамі сталі дэструктыўнае змяненне бетоннай пліты і вытворчы брак — неадпаведнасць размяшчэння арматуры да вышыні пліты, а таксама не замацаваныя поручні і агароджанне балконных сценак.
Гэты дом быў узведзены і зда-дзены ў эксплуатацыю ў 1970 годзе і, нават калі ўстанавіць канкрэтных асоб, якія вінаваты ў вытворчым браку, няправільна правялі мантаж пліты, прыцягнуць іх да адказнасці па прычыне сканчэння тэрміну даўнасці немагчыма. Таму ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена.
Што тычыцца адказнасці службовых асоб камунальнай службы, то, як напісалі ў заключэнні эксперты, яны не маглі візуальна вызначыць гэтыя дэфекты: іх маглі заўважыць толькі спецыя-лісты з дапамогай спецабсталявання. Таму аб адказнасці службовых асоб КУВП «Камунальнік» гаворкі таксама быць не можа.
Хутчэй за ўсё, мы вынесем пастанову аб адмаўленні ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Дарэчы, па выніках праверкі мы плануем даслаць у райвыканкам і «Камунальнік» прадстаўленні з прапановай стварыць такое спецыфічнае падраздзяленне, якое займалася б выяўленнем падобных дэфектаў, каб пазбегнуць у далейшым падобных сітуацый.

— А якая ўсё-такі арганізацыя ўзводзіла гэты нешчаслівы дом?
— Падрадчыкам работ з’яўлялася ПМК-45, пераемніцай якой сёння з’яўляецца ПМК-22.

— Акрамя таго, сёлета здарылася трагедыя ў ААТ «Вялікасельскае Агра». У дадзеным выпадку, на жаль, не абышлося без чалавечых ахвяр: загінуў камбайнер. Што на сённяшні дзень высветліла пракуратура?
— Нагадаю, гэты няшчасны выпадак адбыўся паблізу вёскі Лазоўка: збожжаўборачным камбайнам «Палессе» была збіта апора лініі электраперадач. Ад абарваных правадоў загарэлася салома, камбайнер быў смяротна траўмаваны электратокам. Правядзенне спецыяльнага расследавання даручана РУП «Брэстэнерга» пры ўдзеле Бярозаўскай міжраённай інспекцыі працы. Але гаварыць пра яе вынікі пакуль рана.

— Яшчэ адзін выпадак, які дадаў дурной славы нашаму раёну: вясной бягучага года было ўчынена групавое забойства…
— У адной са шматпавярховак па вуліцы Будаўнічай у Пружанах быў знойдзены труп мужчыны 1966 года нараджэння з прыкметамі гвалтоўнай смерці — нажавымі раненнямі ў вобласці шыі. Удакладню: расследаваннем гэтай крымінальнай справы займаліся супрацоўнікі следчага аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці. Расследаванне ўжо завершана, і літаральна на днях справа будзе разгледжана крымінальнай калегіяй Брэсцкага абласнога суда. Тром жыхарам Пружан, якія абвінавачваюцца ў наўмысным забойстве, учыненым групай асоб з асаблівай жорсткасцю, пагражае пакаранне ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі альбо пажыццёвае заключэнне ці нават пакаранне смерцю.

— Ці даюць гэтыя выпадкі падставу для таго, каб меркаваць, што злачыннасць на Пружаншчыне расце?
— За сем месяцаў бягучага года злачыннасць у раёне ўзрасла нязначна. Але галоўнае — няма росту цяжкіх ці асабліва цяжкіх злачынстваў, такіх, як наўмыснае забойства, згвалтаванне, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. А гэта дае падставу станоўча ахарактарызаваць работу праваахоўных органаў раёна.
Гутарыла Марына ВАКУЛЬСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *