— Таццяна Мікалаеўна, у чым, на Ваш погляд, асаблівасці Вялікасельскага сельсавета, яго ўнікальнасць?
—Па плошчы сельсавет нібыта і невялікі, але яго тэрыторыю можна параўнаць з вузкай доўгай стужкай, што выцягнулася з поўначы на поўдзень. Каб трапіць з Юзэфіна або Залесся ў Лазоўку, неабходна пераадолець звыш 30 кіламетраў.
Па тэрыторыі праходзяць аўтамабільныя дарогі рэспубліканскага значэння Пружаны-Белавеж і Пружаны-Поразава з выхадам на Гродна. Адзінае сельскагаспадарчае прадпрыемства — ААТ «Вялікасельскае Агра». Мы працуем у цесным кантакце з яго дырэктарам В.Л.Севасцьянчыкам.
На нашай зямлі яшчэ ёсць куточкі, дзе прырода захавалася практычна ў некранутым выглядзе. Я маю на ўвазе гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Дзікое», які ўваходзіць у склад Нацыянальнага парка «Белавежская пушча».
— І як канкрэтна можна гэта выкарыстоўваць?
— Па тэрыторыі сельсавета пракладзены экатурыстычны веласіпедны маршрут «Падляшскі шлях белага бусла». Ён праходзіць праз вёскі Ялова, Вялікае Сяло, Бакуны-1, Радзецк, Юзэфін. На балоце «Дзікое» пракладзена экалагічная сцяжынка і ўстаноўлена назіральная вышка, дзе турысты могуць азнаёміцца з цудоўнай прыродай гэтай мясцовасці. Багацці лясоў дазваляюць насельніцтву ў летні перыяд папаўняць свой сямейны бюджэт за кошт нарыхтоўкі і рэалізацыі ягад і грыбоў.
Створаны ў нас таксама дзве аграсядзібы: «Залессе» і «Жураўлінае».
Вельмі хацелася б, каб нехта зацікавіўся і пустуючым будынкам Бакунскай школы, які можна выкарыстоўваць, напрыклад, у мэтах адпачынку.
— Таццяна Мікалаеўна, часам можна пачуць пра недастатковасць паслуг, якія павінны быць даступны жыхарам вёскі. Наколькі гэтымі паслугамі забяспечана насельніцтва вашага сельсавета?
— У нас працуюць чатыры магазіны: у Вялікім Сяле, Бакунах-1, Стараволі і Перадзельску. У астатнія населеныя пункты прыязджае аўталаўка. На жаль, з верасня мінулага года не працуе магазін у вёсцы Ялова, дзе пражывае больш за сто чалавек.
Таксама працуюць два комплексныя прыёмныя пункты, два аддзяленні паштовай сувязі, тры ФАПы.
— А якой Вам бачыцца роля дэпутатаў мясцовых Саветаў на сучасным этапе?
— Я лічу, што дэпутаты павінны быць і на ўзроўні сельскіх Саветаў. У нас іх налічваецца 11 чалавек. Гэта людзі з актыўнай пазіцыяй, маюць багаты жыццёвы вопыт і аўтарытэт у грамадстве. Дэпутаты заўсёды падтрымліваюць нас пры правядзенні масавых мерапрыемстваў: святаў вёсак, суботнікаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі і некаторых іншых. Але хацелася б усё ж яшчэ большай актыўнасці і ініцыятывы ў вырашэнні злабадзённых пытанняў.
—Наколькі самі жыхары ахвотна ўдзельнічаюць у работах па добраўпарадкаванні грамадскіх месцаў?
— Гэта яскрава можна ўбачыць на прыкладзе могілак. Іх на тэрыторыі сельсавета налічваецца чатыры, і ўсе яны знаходзяцца ў добрым стане. Добра папрацавалі жыхары вёскі Зарэчча, якія сабралі грошы, навялі парадак і адрамантавалі капліцу. Гэта ж самае датычыцца і могілак у вёсцы Ялова. Тут ініцыятыву праявіла жыхарка Юхнавічаў М.С. Літвіновіч. Цяпер там устаноўлена агароджа з металапрофілю, прыбраны дрэвы, адрамантавана капліца.
— Што Вас хвалюе больш за ўсё на сённяшні дзень як кіраўніка мясцовага органа ўлады?
— Усё тыя ж самыя пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў. У прыватнасці, вельмі цяжка навесці парадак вакол пустуючых дамоў, а такіх у нас нямала. Летась былі знесены шэсць. На вызваленых плошчах будзеь пабудавана новае жыллё.
У кожнага з пустуючых дамоў, якія яшчэ засталіся, ёсць нашчадкі, але яны не спяшаюцца стаць уласнікамі. Калі па справядлівасці, то менавіта гэтыя людзі павінны падтрымліваць чысціню і парадак вакол сваіх дамоў. Разумею, што гэта заклік рытарычны, але давайце навядзем парадак разам!
Лічбы і факты:
***
На тэрыторыі Вялікасельскага сельсавета налічваецца 13 населеных пунктаў, два з якіх маюць статус аграгарадка — Вялікае Сяло і Стараволя. У вёсках Залессе, Лазоўка і Юзэфін пражывае менш за пяць чалавек.
***
Па стану на 1 студзеня 2017 года насельніцтва сельсавета складала 1475 чалавек. У тым ліку, працаздольнага ўзросту — 800 чалавек, пенсіянераў — 522, дзяцей і падлеткаў — 153. Самыя буйныя населеныя пункты — Стараволя (508 чалавек) і Вялікае Сяло (361 чалавек).
***
У мінулым годзе на тэрыторыі сельсавета нарадзілася 9 дзяцей і памерла 35 грамадзян, было заключана тры шлюбы. У 2015 годзе нарадзілася 12 немаўлят і памерла 34 чалавекі.
***
Налічваецца 710 асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, у якіх утрымліваецца 132 галавы буйной рагатай жывёлы, у тым ліку — 109 кароў. Жыхары таксама трымаюць на сваіх падворках звыш 500 галоў свіней, 30 коз, 17 авечак, 9 коней, 3,5 тысячы штук птушак.
***
У 2015 годзе з асабістых падворкаў грамадзян сельсавета было закуплена 377 тон малака, што склала 88% да папярэдняга года. У разліку на адну карову закуплена 2858 кілаграмаў малака, што на 812 кілаграмаў больш, чым пазалетась.
***
Пражывае адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны (Л.А.Шурко ў в.Бакуны-1) і адзін удзельнік вайны (С.В.Давідзюк у в.Юхнавічы).
Мікола Архуцік, фота аўтара.