Среда, 19 сентября 2018

Ветеран и учитель Николай Золотов: «Подвигов не совершал, пацанами мы были…»

496

Былога настаўніка СШ №3 г.Пружаны Мікалая Уладзіміравіча Золатава, хаця ён даўно на заслужаным адпачынку, добра памятаюць вучні амаль двух дзясяткаў выпускаў. І не дзіўна: на сваіх уроках настаўнік гісторыі ўмеў выклікаць інтарэс да прадмета. Асабліва цікавымі для хлопчыкаў і дзяўчынак былі ўрокі, на якіх праходзілі тэму Вялікай Айчыннай вайны: напэўна, таму, што гэты перыяд гісторыі нашай краіны Мікалай Уладзіміравіч ведаў не па падручніках, а як непасрэдны ўдзельнік тых падзей.20161219_6051

Сёння, калі франтавік перасягнуў 90-гадовы рубеж жыцця, ён узгадвае самыя адметныя моманты сваёй біяграфіі: басаногае дзяцінства, абпаленае вайной юнацтва і, канешне, франтавы шлях…

— Я нарадзіўся ў Епіфанскім раёне, у месцы, дзе сыходзяцца Тульская, Арлоўская і Маскоўская вобласці Расійскай Федэрацыі, — расказвае Мікалай Уладзіміравіч. — Зусім побач — знакамітае Кулікова поле, за некалькі кіламетраў  — маёнтак князя Галіцына. Шчыра кажучы, у мяне засталіся самыя цёплыя ўспаміны пра дзяцінства. Мы з сябрукамі бегалі на Дон, гулялі ў лапту, чыжыка, лункі… Канешне, даводзілася і папрацаваць: каля дома было трыццаць сотак агарода, у хлявах — жыўнасць розная. Адным словам, жылі натуральнай гаспадаркай, а  лішкі здавалі ў калгас. Увогуле, раней з малога дзяцей прывучалі дапамагаць, тым больш  што сем’і былі вялікія. Напрыклад, у маіх бацькоў было васьмёра дзяцей, я — сярэдні.

З асаблівай цеплынёй Мікалай Уладзіміравіч расказвае і  пра  бацькоў, працавітых людзей: тата прайшоў Першую сусветную і грамадзянскую войны, быў майстрам на ўсе рукі, славіўся  як выдатны будаўнік-цясляр, мама шчыравала каля  дому, зарабляла «палачкі» ў калгасе.

Мернай плынню праходзілі дні. Пятнаццацігадоваму падлетку  было і няўцям, што жыццё можа раптоўна памяняцца, а яму давядзецца пасталець не па гадах.

— Гэта была нядзеля. Я, закасаўшы штаны, спусціўся ў рэчку — рыбачыў. Неўзабаве на кані праскакаў веставы і  заклікаў усіх збірацца ў цэнтры сяла. Там нам і абвясцілі: «Германія напала на Савецкі Саюз». Для ўсіх гэтая навіна была быццам гром сярод яснага неба.

Практычна ўсю храналогію падзей, якія разгортваліся на яго малой радзіме, Мікалай Золатаў памятае па днях. Памятае, як плакалі жанчыны, збіраючы прызыўнікоў, як набліжалася лінія фронту, як бамбілі Данскую шашу, як ішлі жорсткія баі ў наваколлі, як у першую ваенную зіму немцы, ратуючыся ад марозу, рэквізіравалі ў вясковых жанчын валёнкі, хусткі і кажухі.

— Брата Толю мы праводзілі ў армію 21 мая 1941 года, якраз за месяц да вайны, — гаворыць М.У.Золатаў. — А  я  ў канцы 1943 года, калі фронт пачаў адкатвацца на захад,  сам папрасіўся. Мне вось-вось павінна было споўніцца сямнаццаць.

Чырвонаармейца Мікалая Золатава замацавалі за трэцяй асобнай зенітнай часцю супрацьпаветранай абароны. Як успамінае ветэран, навабранцы каля дзесяці дзён спасцігалі артылерыйскую справу на базе дзеючай батарэі, затым ім  выдалі карабіны, гранаты — і па разліках.

Агнявік-артылерыст і сёння памятае сваё баявое хрышчэнне, першы канфуз.

— Я быў трэцім нумарам артылерыйскай устаноўкі ЗІС-5 з 85-міліметровай пушкай. Калі шаснаццацікілаграмовы снарад адправіўся ў накірунку цэлі, нечакана для нас платформа «паплыла» з-пад ног…  Наша батарэя спецыялізавалася на прыкрыцці чыгуначных вузлоў і перапраў, таму нам канкрэтныя цэлі не давалі — мы ставілі агнявую заслону. А першы сапраўды «гарачы» бой чакаў мяне ў Крычаве.

Франтавік успамінае пра ўдзел у дзвюх буйных стратэгічных аперацыях: «Баграціён» і Вісла-Одэрскай.

Увогуле, франтавы шлях М.У.Золатава ляжаў праз Крычаў, Оршу, Віцебск, Полацк, Маладзечна, Вільнюс, Гродна, Беласток, Млаву, Плоцк… Пры гэтым ён зазначае, што Беларусь была выпаленай: уздоўж чыгункі не засталося ніводнай вёскі — паўсюль пуста і бязлюдна.

— Цікава, што, калі да Одэра дайшлі, я апынуўся ў тых жа казармах, што некалі і мой бацька. Там жа для мяне і  закончылася вайна.

Уцалеў на вайне і яго брат Анатоль Золатаў: ён удзельнічаў у абароне Масквы, вызваляў Вену, атрымаў чатыры раненні. А вось Мікалай пасля таго, як савецкі народ здабыў Перамогу, перш чым вярнуцца дамоў, яшчэ восем гадоў выконваў вайсковы абавязак.

Год служыў у часці, якая стаяла ў Варшаве, у канцы 1946-га быў пераведзены ў Ліду. Затым былі часці супрацьпаветранай абароны ў Гродне, Баранавічах, Пружанах. Ды так і застаўся ва Узброеных сілах.  Закончыў Гомельскае радыётэхнічнае вучылішча, быў лакатаршчыкам, намеснікам каман-дзіра сувязі…

Аддаўшы вайсковай службе 26 гадоў, у званні капітана М.У.Золатаў пайшоў у адстаўку.

Цывільнае жыццё Мікалая Уладзіміравіча было, бадай, не менш насычаным і цікавым. Былы вайсковец знайшоў сябе на настаўніцкай ніве: спачатку быў ваенруком у СШ №3, а неўзабаве паралельна з вучобай у Гродзенскім універсітэце імя Я.Купалы стаў выкладаць школьнікам гісторыю і грамадазнаўства. У выніку зарабіў яшчэ і 18 гадоў настаўніцкага стажу.

Увесь гэты час вернай спадарожніцай была жонка Таісія Сяргееўна. Сёння яны разам радуюцца поспехам дзвюх дачок, дасягненням унукаў і праўнукаў, шчасцю іншых блізкіх сваякоў. А родныя стараюцца як мага часцей збірацца ў гасцінным доме Золатавых-старэйшых, каб павіншаваць іх з днямі нараджэння і абавязкова — з Днём Перамогі.

Нядаўна таксама была нагода для сустрэчы — 90-гадовы юбілей Мікалая Ула-дзіміравіча. Пераадолеўшы чарговы жыццёвы рубеж, ветэран сціпла паказвае журналісту свой парадны пінжак з медалямі, сярод якіх «За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне», «За баявыя заслугі»…

— Подзвігаў я не здзяйсняў: мы пацанамі былі, але свой уклад у вызваленне радзімы ад карычневай чумы зрабілі.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *