Четверг, 20 сентября 2018

Хорошо там, где нас нет. Молодой учитель о плюсах и минусах работы в деревне

1 375

У народзе кажуць: чалавек шукае там, дзе лепш. Але на думку маладой настаўніцы беларускай мовы Р.М.Раманюк ёсць і іншая мудрасць: «Добра там, дзе нас няма». Менавіта ёй яна і кіравалася, калі дала згоду на прапанову дырэктара Мураўскай СШ працягваць работу ў вясковай школе пасля абавязковай адпрацоўкі пры размеркаванні.Романюк 5

— Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна ў 2013 годзе я атрымала накіраванне ў Пружанскі раён,— успамінае Рыта Міхайлаўна пачатак сваёй настаўніцкай дзейнасці.— Нічога не ведала пра гэту мясцовасць, ні разу тут не была.  Таму было вельмі страшна. Але мяне выдатна сустрэлі калегі, аказалі ўсю магчымую падтрымку, нават пытанне з жыллём дапамаглі вырашыць.

Аднак не толькі добрыя адносіны ў калектыве падштурхнулі дзяўчыну даць станоўчы адказ на прапанову дырэктара затрымацца ў Мураве. На думку Р.М.Раманюк, перавагі горада, яго перспектывы менавіта для настаўнікаў сёння значна перабольшаны.

Па-першае, попыт на многія прадметныя пасады або невялікі, або адсутнічае. І калі пашанцуе знайсці месца ў гарадской школе, то наўрад ці ўдасца атрымаць нагрузку з заробкам вышэй сярэдняга. Давядзецца брацца за дадатковую работу і г.д. У вясковай школе на сённяшні дзень для жадаючых працаўладкавацца маладых спецыялістаў умовы створаны больш спрыяльныя. Па-другое, гэта ж дапамагае і ў кар’ерным росце:

— За тры гады працы ў Мураўскай школе я «вырасла» да намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Ці магчыма такая сітуацыя ў горадзе?— задае рытарычнае пытанне Рыта Міхайлаўна.— Такія перспектывы адкрываюцца ў вялікім калектыве з высокай кадравай канкурэнцыяй у лепшым выпадку толькі праз дзесяцігоддзі.

Ёсць шмат і іншых пераваг жыцця ў вёсцы, якія маладая настаўніца лічыць значнымі для сябе.  Тут зусім іншыя людзі, са сваім своеасаблівым падыходам да жыцця. Напрыклад, у вёсцы немагчыма застацца ў адзіноце, заўсёды можна знайсці не проста суразмоўцу, але і памочніка ў вырашэнні розных пытанняў.

У гарадской мітусні «кожны сам за сябе», і наладзіць такія зносіны з суседзямі немагчыма. Гэта адбіваецца і на паводзінах дзяцей, для якіх настаўніца аўтарытэт не толькі ў школе, але і за яе сценамі. З бацькамі значна прасцей працаваць, бо ў вясковай школе складваюцца шчырыя і адкрытыя адносіны ў класным калектыве, у які ўваходзяць таты-мамы, дзеці і самі настаўнікі.

Аднак ёсць і нямала «мінусаў» у сучаснай беларускай вёсцы, некаторыя з якіх можна без лішніх праблем вырашаць.

— Напрыклад, пытанне з жыллём: на маю думку, у Мураве не хапае інтэрната для маладых настаўнікаў, каб можна было смела прыцягваць іх сюды на працу, абяцаючы на першых парах жыццё з адпаведнымі зручнасцямі. Таму даводзіцца шукаць пакой у наём у дамах  мясцовых жыхароў,— зазначае Р.М.Раманюк.

Нельга назваць бурным і культурнае жыццё ў сельскім населеным пункце, чаго зноў жа не хапае моладзі. А яшчэ вельмі востра адчуваецца недахоп транспартных зносін з горадам, куды хочацца наведацца ў вольны ад работы час.

І ўсё-такі сваю будучыню Рыта Міхайлаўна пакуль звязвае з Муравай, бо на сённяшні дзень яна атрымала тое, чаго хапае для годнага жыцця: любімую работу з добрай аплатай, кар’ерныя перспектывы, павагу ад калег і вучняў.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара.

4 комментариев

  • Sralee Muhee

    З добрай аплатай? Не смешите мои тапки! ???

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Евгений

    Хочется больше фотографий. Быт посмотреть, саму деревню, досуг… А то как коротенький доклад с одной заглавной фотографией.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Мыкола, девчОночка… И, может быть, вовсе не белорусочка… 🙂 🙂 🙂

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *