Воскресенье, 20 мая 2018

Один из трех. На территории Шерешевского сельсовета осталось только три ветерана

463

Дзядзька Міша, так у Крыніцы называюць Міхаіла Феадосіевіча Рабчука, – адзін з трох ветэранаў Шарашэўскага сельсавета, якія засталіся ў жывых. 1 студзеня яму споўнілася 90 гадоў.

Віншаванні ад старшыні сельсавета Д.У.Чайкоўскага і старасты вёскі Н.І.Валюшка, праяўленыя клопат і ўвага з пажаданнем здароўя, даўгалецця і бадзёрасці духу, магчыма, лепшы падарунак ветэрану ў гэтыя дні. Міхаіл Феадосіевіч быў вельмі расчулены, нават не мог гаварыць. Але па маёй просьбе падзяліўся з гасцямі ўспамінамі са свайго франтавога жыцця.Дзяцька Міша

Вайну сустрэў чатырнаццацігадовым падлеткам. Таму добра памятае, як прыйшлі акупанты, і ўсіх жыхароў вёскі вывезлі ў Запруды, і размеркавалі па хатах. Сям’я пасялілася ў старым халодным бараку. Двое старэйшых братоў адразу падаліся ў партызаны, а Міша застаўся дапамагаць маці па гаспадарцы. Даводзілася вельмі шмат працаваць у маёнтку, каб сям’я не памерла з голаду. І толькі ў 1943 годзе, як трохі падрос, пайшоў услед за братамі.

Партызаніў у знакамітым жданаўскім атрадзе пад Моталем, на Спораўскіх балотах. У красавіку 1944 года перажыў блакаду балота. Не маючы дастатковай колькасці жывой сілы і тэхнікі, на працягу многіх дзён партызаны адбівалі атакі ворага. І толькі па загаду камандавання пакінулі пазіцыі і перайшлі на другую лінію абароны, якую карнікі штурмаваць не адважыліся.

— Страшна было заўсёды, але ніколі не забуду, як стаялі ў Тышкавічах у абароне. Калі немцы пайшлі ў наступленне, нас прыціснулі да Ясельды. З сямі хлопцаў толькі адзін умеў плаваць… Нырнем з галавой і пайшлі па дне. Ідзеш, паветра не хапае, адштурхнешся — ухопіш паветра і назад. А яшчэ кулямёт і дыскі з 700 патронамі да яго цягнулі. Груз які! І вось з гэтым баявым запасам і «паплылі па дне». Думаў, што не дайду. Нейкім цудам дайшлі. Відаць, наканавана было ўсім даплысці і да 90 дажыць…

У жніўні 44-га, калі ўжо вызвалілі Брэст, партызанскі атрад быў расфарміраваны, і самых малодшых, у тым ліку і сямнаццацігадовага Мішу, адпусцілі дадому. Але ваенныя жахі на гэтым не скончыліся: у канцы снежня яго мабілізавалі ў Чырвоную Армію, у інжынерныя войскі. Са словамі «сапёры памыляюцца толькі адзін раз» адправілі ваяваць у Прусію. Канец вайны сустрэў у Эльбінгу (другім па велічыні горадзе ва Усходняй Прусіі, на мяжы з Польшчай). Але не 9 мая! «Сапёрныя баі» працягваліся яшчэ некалькі месяцаў.

— Ой, колькі хлопцаў загінула ўжо пасля вайны на размініраванні ў Калінінградскай і іншых абласцях. — Смуткуе дзядзька Міша.— А колькі мастоў мы наладзілі і ў нас (вось мост на Бярэзіне ўзводзілі!), і ў Літве. Цяжкія бярвёны на сабе насілі …

Пасля вайны некалькі дзясяткаў гадоў прапрацаваў кавалём у родным калгасе. Выгадаваў двух сыноў, якія жывуць цяпер за тысячы кіламетраў ад бацькі: адзін у Санкт-Пецярбургу, а другі — на Кіпры. Пахаваў жонку. Пасля яе смерці зрабіў для сябе дубовую труну. Так і стаіць гэты «апошні яго дом» у кладоўцы, прыкрыты пакрывалам…

Дзядзька Міша ўжо практычна нічога не бачыць. Збіраўся ехаць на аперацыю, але захварэў і нікуды не паехаў. Але верыць, што ў маі яны, тры ветэраны, яшчэ сустрэнуць на шарашоўскай плошчы чарговы дзень Перамогі.

Алена Зялевіч, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *