Вторник, 14 августа 2018

Лейтенант внутренней службы Екатерина Зайнутдинова: «Я не девушка, а инспектор»

1 006

Кацярына вырасла ў сям’і ваенных і  форма падабалася ёй з дзяцінства. Не дзіўна, што дзяўчына вырашыла свой жыццёвы шлях звязаць з «мужчынскай» прафесіяй. Пэўны штуршок да выбару прафесіі атрымала, калі трапіла вучыцца ў клас МНС адной з брэсцкіх школ. Падчас вучобы неаднаразова пабывала з экскурсіямі на пажарных пастах, прымала ўдзел у грамадскіх акцыях па папярэджанні пажараў і нават захаплялася пажарнымі відамі спорту. Таму пасля атрымання школьнага атэстата і выбрала для сябе адзіны накірунак — паступленне ў сталічны камандна-інжынерны інстытут, які зараз перайменаваны ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь.МЧС 2

— Падчас асваення прафесіі нам,  дзяўчатам, якіх на курсе было толькі 11 сярод амаль 90  хлопцаў, педагогі адразу сказалі, што галоўная задача прыгожай паловы курсантаў у будучым — займацца прафілактыкай, знаходзіць псіхалагічныя рычагі для матывацыі людзей да бяспечнага ладу жыцця,— расказвае маладая супрацоўніца. — Нас вучылі выяўляць недахопы, якія могуць спрыяць трагедыям, і прычыны, па якіх здараюцца пажары. Словам, рыхтавалі інспектараў пажарнага нагляду.

І вось Кацярына Алегаўна Зайнутдзінава — інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі  райаддзела па надзвычайных сітуацыях — штодня апранае на службу мундзір лейтэнанта ўнутранай службы.

Першы месяц маладая супрацоўніца атрымала магчымасць стажыравацца, бо кола яе задач вельмі шырокае. Напрыклад, яна праводзіць абследаванне дамоў, дзе жывуць сем’і, якія стаяць на ўліку як сацыяльна небяспечныя,   адзінокія састарэлыя і інваліды. Разам з калегамі прымае ўдзел у планавых праверках прадпрыемстваў і арганізацый для маніторынгу пажарнага стану   аб’ектаў. Здараюцца і начныя дзяжурствы, падчас якіх даводзіцца выязджаць на пажары для правядзення дазнання.

— Першыя дні службы мне запомняцца, напэўна, на ўсё жыццё: многае здавалася непад’ёмным, палохала і бянтэжыла,— успамінае Кацярына Алегаўна. — Можна сказаць, што хутчэй асвоіцца дапамаглі калегі. З аднаго боку, рэзкая заўвага: «Ты не дзяўчына, ты — інспектар», — спачатку пакрыўдзіла, але зараз я сама сабе даю такую ўстаноўку. І яна рэальна дапамагае!

Асабліва ў тых сітуацыях, калі абследуецца жыллё адзінокіх састарэлых. Як прызнаецца К.А.Зайнутдзінава, нават сэрца баліць, калі гаворыш з бабуляй, дом якой патрабуе тэрміновага рамонту, не ў парадку печкі і электраправодка. Зразумела, што яна сама не зможа прывесці іх у належны стан, а дзеці і не думаюць клапаціцца аб сваёй маці.

— Праз некаторы час я проста зразумела, што мая задача — не проста растлумачыць патэнцыяльна небяспечныя моманты, а данесці ўсім, у тым ліку і дзецям пажылых людзей, якая бяда можа прыйсці ў ваш дом.

Прымаўку пра «дрэннага салдата», мары якога не ідуць далёка, К.А.Зайнутдзінава лічыць актуальнай і для сябе: малады лейтэнант не выключае для сябе кар’ерны рост, для чаго добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, і не забывае пра рост уласнай кваліфікацыі. Напрыклад, пастаянна прымае ўдзел у прафілактычных грамадскіх акцыях, а яшчэ актыўна працягвае займацца пажарнымі відамі спорту: удзельнічае ў абласных спаборніцтвах сярод дзяўчат па бегу на 100 метраў з пажарнай лесвіцай. Сіл і энергіі  хапае, таму не выключае, што ў будучым зможа прымераць і  генеральскі кіцель.

Алег Сідарэнка, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *