Вторник, 22 мая 2018

Новогодняя история из черного чемоданчика. Жительница Пружан коллекционирует старые елочные игрушки

591

– Яму ўжо больш за семдзесят гадоў! У ім, ды яшчэ ў сотнях такіх, у Вялікую Айчынную вайну Вялікабрытанія пастаўляла ў Савецкі Саюз медыкаменты. Бацькі неяк купілі яго на блышыным рынку…2

Вось так з маленькага пацёртага чамаданчыка і пачалося маё знаёмства з дзіўнай калекцыяй старадаўніх навагодніх цацак і паштовак, сабраных Ірынай Пятроўнай Грэгуарэ.

Хацелася б спачатку распавесці пра саму гаспадыню, але, на жаль, у размове яна спрытна пазбягала падрабязнасцей:

— Я дачка вайскоўца і жонка ваеннага ўрача. Усё маё жыццё прайшло, можна сказаць, на чамаданах, і я, нібы перакаці-поле, насілася па свеце да таго часу, пакуль не асела ў бацькоў у Пружанах. Многія мае ўспаміны, не па-зімоваму цёплыя, утульныя і хатнія, вось у гэтым скураным “куфэрку”.1513

I праўда, чаго ў ім толькі не было! Усяму знайшлося месца: і пасляваенным шарыкам 1946 года, распісаным уручную малюнкамі баравічкоў, і хрушчоўскім кукурузнікам з 60-х, і начышчаным чайнічкам з пузатымі самаварамі-«сямідзясятнікамі», і музычным інструментам з тоненькага шкла, і вярхушцы ў выглядзе пяціканцовай зоркі, і далікатным гірляндам з рознакаляровага шкляруса… Прысыпаныя снегам шышкі, шары з круглымі ўвагнутасцямі, паўпразрыстыя ледзякі, птушачкі-прышчэпкі і, канешне ж, Дзед Мароз пад елкай прымусілі маё сэрца біцца хутчэй, выкліклі востры прыступ настальгіі і ў мяне, і ў маёй субяседніцы:12 14

– Паглядзіце, якія яны мілыя! У кожнай цацкі свая гісторыя і свая назва, напрыклад, «мама» і «тата». Усе цацкі вывешваюцца мной, як калісьці бацькамі, у пэўным парадку. Прычым увесь гэты рытуал адпрацаваны да дробязяў: спачатку гірлянды, а ўжо потым шарыкі і ледзякі. І ялінка трымае на сваіх далікатных плечах гэтыя сапраўдныя навагоднія скарбы былых часоў. А елкі былі не тое, што цяпер: пад метры тры вышынёй, балазе, высокія столі выручалі. Мы ўмудраліся яшчэ да іх падвешваць самаробныя гірлянды з нанізаных на нітачку камячкоў ваты. І здавалася, нібы сняжок укутваў увесь пакой, – успамінае гаспадыня гэтага казачнага багацця. – Калісьці яшчэ на елку падвешвалі за хвосцік маленькія райскія яблычкі, загорнутыя ў фальгу мандарыны і цукеркі. А як прыбіралі, у кутку за ёлкай бацькі знаходзілі гару фанцікаў: мы дзецьмі ўпотай пралазілі туды і трэскалі, як вавёрачкі, гэтыя «салодкія цацкі»…6

7Як аказалася, у чорным чамаданчыку цяпер захоўваецца толькі частка сямейнага шклянога «скарбу». Падраслі свае дзеці, і Ірына Пятроўна перадала ім у спадчыну шмат старадаўніх цацак. Можна сказаць, падзяліла напалову, як хлебную закваску, якая захоўвае ўвесь водар сямейнай традыцыі.10

Але вось паштовачкі Ірына Пятроўна пакінула сабе. А гэта некалькі сотняў выяў Санта Клаусаў, Дзедаў Марозаў і Снягурак розных часоў і пакаленняў. Беларускія і рускія, нямецкія і брытанскія, польскія і нарвежскія. Што траплялася, то і купляла. На адных герой выглядае як благі гном з дзіравым мяшком, на іншых – нібы пан у сабаліным футры. То едзе ў санях, то ляціць на паветраным шары, то імчыць у самалёце…4

– Спытаеце, адкуль такая цікавасць да іх?! Ды з дзяцінства! У нас жа не было такой раскошы, як цяпер у сучасных дзяцей. Ні набораў па вышыўцы, ні канструктараў. Выразалі з простых паштовак усякія ланцужкі, рабілі шалясцелкі на дзверы, закладачкі ў кнігі, усялякія ўпрыгожванні. Можа памятаеце, пузаценькія такія скрыначкі. Гэта ж быў хадавы, але неверагодна прыгожы матэрыял – у той час, калі ў многіх і шкарпэтак на ранішнік не было (некаторыя, як распавядалі бацькі, вымушаны былі маляваць іх сабе на ножках мелам). А потым неяк вырашыла: чаму б не сабраць гэта ўсё на памяць. Паштоўкай віншавалі ўсіх: сваякоў, сяброў, настаўнікаў. Гэта былі асаблівыя зносіны, можна сказаць, палымянае прывітанне на памяць. А мінулі гады, як адкрыла чамадан, як узгадала пра ўсё! А цяпер якая памяць?

Вы маеце рацыю, Ірына Пятроўна! Пра якую памяць можа ісці сёння гаворка?! Добра, калі паспяваем абмяняцца безаблічнымі эсэмэскамі, а праз некаторы час сціраем іх з памяці тэлефона і са сваёй памяці адным націскам на кнопку.

— Мае цацкі і паштоўкі нагадваюць мне аб важных этапах у маім жыцці, пра дарагіх людзей. Многія ўжо сышлі, але памяць пра іх засталася ў гэтых літарках і словах, напісаных з любоўю. Калі надыходзіць Новы год, я ўпрыгожваю ёлку і загадваю адно жаданне: не забірай нікога! Заканчваюцца святы, укладваю сваё багацце ў гэты нязменны чамаданчык. І зноў з тым жа жаданнем…

Алена Зялевіч,  фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *