Суббота, 22 сентября 2018

Депутат Леонид Качина с рабочей поездкой посетил Пружанский район

578

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Бярозаўскай выбарчай акрузе №9 Л.І.Качына сустрэўся з жыхарамі Ружанскага сельсавета.

Работа дэпутата была пабудавана такім чынам, каб жыхары Ружаншчыны мелі магчымасць не проста задаць свае пытанні, узняць праблемы, але і выказаць сваё меркаванне наконт праектаў заканадаўчых актаў, якія ў бліжэйшы час будуць вынесены на разгляд  пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, членам якой з’яўляецца Л.І.Качына.7

Сустрэчу з работнікамі Варанілавіцкай СШ Леанід Іванавіч пачаў з размовы аб выніках 2016 года, расказаў пра стан эканомікі ў краіне. Дэпутата цікавіла, як былі вырашаны пытанні, якія падчас папярэдняй сустрэчы ўжо ўздымалі жыхары гэтай мясцовасці. Так, напрыклад, заўвага наконт беспарадку ў вясковым скверы была прынята да ўвагі і задаволена, скранулася з месца пытанне асфальтавання адрэзку дарогі ад Бярэзніцы да Варанілавічаў. А вось абслугоўванне насельніцтва цырульнікам  так і не было наладжана.

Тым часам у людзей наспела нямала новых пытанняў, якія яны адрасавалі дэпутату. Дарэчы, на некаторыя аўдыторыя сама падказвала магчымыя шляхі вырашэння. Сярод узнятых праблем — старэнне вёскі, адкуль моладзь выязджае з-за адсутнасці работы. Яе можна было б вырашыць з дапамогай стварэння новых рабочых месцаў. Праўда, ідэю адкрыцця мяса- і малакаперапрацоўчага цэхаў пры ААТ «Ружаны-Агра» Л.І.Качына лічыць эканамічна немэтазгоднай.

Людзі звярталі  ўвагу на неадпаведнасць статусу створаных у  бліжэйшых вёсках аграгарадкоў узроўню іх добраўпарадкавання. Увага была звернута на жыллёвы фонд у Калазубах, былую Калазубскую школу, што належаць мясцовай гаспадарцы — а іх будынкі прыходзяць у заняпад, на рэгулярную пагрозу закрыцця ў Калазубах дзіцячага садка, адсутнасць санітарнай зоны каля вадаёма ў тым жа аграгарадку. Адным з самых злабадзённых пытанняў называлася выплата дывідэндаў акцыянерам калгасаў, якія ўвайшлі ў склад ААТ «Ружаны-Агра».20161227_7532

Леанід Іванавіч паабяцаў пасадзейнічаць у вырашэнні праблем, якія маюць першачарговае значэнне для вяскоўцаў.

Акрамя таго, у той жа дзень прайшлі сустрэчы з калектывамі ААТ «Ружаны-Агра» і ААТ «Санаторый «Ружанскі».

Некаторыя з пытанняў, узнятых у Варанілавічах, дубліраваліся. Але па шэрагу з іх была магчымасць тут жа намеціць шляхі вырашэння.20161227_7513

Напрыклад, пустуючыя дамы ў Калазубах кіраўніцтва гаспадаркі абяцала размяркоўваць паміж маладымі спецыялістамі, якія прыязджаюць сюды на работу, з магчымасцю іх набыцця ў прыватную ўласнасць пасля пяці гадоў работы ў таварыстве. Пытанне з выплатай дывідэндаў за студзень мяркуецца ўрэгуляваць. Што тычыцца замены старых катлоў у дамах ААТ «Ружаны-Агра», стала вядома, што распрацоўваецца графік, згодна з якім будуць далей праводзіцца адпаведныя работы.

Работнікаў санаторыя больш непакоіць закрыццё дзіцячага аддзялення ў гарадской бальніцы, якасць пітной вады ў пасёлку, будаўніцтва кааператыўнага жылля ў Ружанах, а таксама транспартнае абслугоўванне людзей, якія прыязджаюць на аздараўленне з іншых рэгіёнаў, павышэнне працэнта курортнага збору, добраўпарадкаванне зоны адпачынку на пляжы каля возера Паперня і іншыя пытанні.

Па некаторых з іх кампетэнтныя прадстаўнікі раённых службаў, якія прысутнічалі на сходзе, адразу давалі тлумачэнні. Абнадзеілі, напрыклад, што ў бліжэйшыя гады верагоднасць павышэння якасці вады будзе вырашана з дапамогай будаўніцтва станцыі абезжалезвання: праект яе будаўніцтва ўжо выраблены, цяпер праходзіць экспертызу.

У той жа дзень у Ружанскім сельвыканкаме Л.І.Качына правёў прыём грамадзян, на якім прысутнічалі і прадстаўнікі раённых службаў. Па папярэднім запісе выказалі жаданне сустрэцца з дэпутатам два чалавекі.

Жыхарка Ружан Л.М.Лаўрэнава, якая прыйшла на прыём яшчэ з трыма пасялкоўцамі, выказала незадаволенасць многімі сферамі дзейнасці. Так, шэраг прэтэнзій ёсць да  гандлю: у адпаведнасці з нарматыўным заканадаўствам, пакупнікам у мясцовых магазінах не прадастаўляецца бясплатная ўпакоўка, не задавальняе асартыментны пералік прамысловай групы тавараў і іншыя. Акрамя таго, жанчына прасіла пасадзейнічаць, каб у пасёлку з’явіўся магазін якой-небудзь прыватнай гандлёвай сеткі.

Насельніцтва таксама занепакоена станам спраў у галіне аховы здароўя. Людзям незразумелы прычыны скарачэння бальнічных ложкаў і пастаяннае існаванне кадравага дэфіцыту, калі нават у мясцовай паліклініцы, разлічанай на 125 наведванняў у дзень, штодзень налічваецца ў сярэднім каля 177 пацыентаў. Да слова, сёння ў Ружанскай паліклініцы вядзецца прыём па дзесяці асноўных урачэбных спецыяльнасцях. Бальніца мае сваю клініка-дыягнастычную лабараторыю, рэнтгеналагічны і флюараграфічны кабінеты, кабінет фізіятэрапіі, ЛФК і масажу. З 2013 года раз на месяц вядуць прыём вузкія спецыялісты, якія прыязджаюць з Пружан: акуліст, ЛОР, неўролаг. А з 2014 года ў Ружанах раз на месяц працуе вадзіцельская камісія ў поўным складзе. Як растлумачылі жанчыне, скарачэнне ложка-месцаў і закрыццё аддзяленняў у мясцовай бальніцы звязана з памяншэннем колькасці насельніцтва ў Ружанскай зоне.

Акрамя таго, вялася гаворка пра спецыфіку аплаты работ, звязаных з газіфікацыяй вуліцы Камсамольскай, пра пасадку ў Ружанах новых дрэўцаў замест зрэзаных аварыйных, стан шэрагу пасялковых вуліц і інш. Між іншым на момант выхаду матэрыяла ў друк некаторыя пытанні паспелі вырашыць: пачаліся выплаты дывідэндаў, памяняўся расклад руху аўтобуса на Івацэвічы. Па іншых пытаннях накіраваны дэпутацкія запыты адказным асобам.

Разам з тым у дэпутата адбылася закрытая сустрэча з дырэктарам ПУП «Ружанская мэблевая фабрыка» В.А.Борысам: горадаўтвараючае прадпрыемства, дзе працуе значная частка працаздольнага насель-ніцтва пасёлка, знаходзіцца ў «падвешаным» стане і перажывае не лепшыя часы.

Паездку па Пружанскім раёне Л.І.Качына завяршыў наведваннем сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў пасёлку Сонечны. Выхаванцам былі ўручаны падарункі ад дэпутата і РГА «Белая Русь».

Дэпутат плануе праводзіць падобныя насычаныя рабочыя паездкі рэгулярна.

Што тычыцца работы пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, у складзе якой працуе Л.І.Качына, у першым чытанні яе члены плануюць разгледзець праект закона «Аб неплацежаздольнасці і банкруцтве», які прадугледжвае істотныя змяненні ў сістэме прававога рэгулявання праваадносін у галіне эканамічнай неплацежаздольнасці. Акрамя таго, на парадку дня ў дэпутатаў будзе і праект закона, якім прадугледжваецца ўнесці дапаўненні і змяненні ў закон «Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь» — у прыватнасці, ануліраванне чэкаў па завяршэнні тэрмінаў іх звароту без выплаты кампенсацыі грамадзянам за нявыкарыстаныя чэкі.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *