Суббота, 22 сентября 2018

Душа чтения просит…

544

З жыхаркай вёскі Сасноўка Надзеяй Несцераўнай Калінінай я пазнаёмілася падчас «вандроўкі» з перасоўнай бібліятэкай. Дробная хударлявая бабуля хуценька выскачыла з хаты насустрач нашаму мікрааўтобусу.

– Несцераўна, я прывезла да цябе журналіста, яна з табой пагаворыць і сфатаграфуе на памяць, – адразу папярэдзіла яе  гаспадыня біблятэкі на колах Марыя Якімаўна Заікіна.IMG_2898

-Мяне так не называйце! Я – Надзя. Проста Надзя, — запярэчыла жанчына. — Прывезлі тое, што я прасіла? Эмілію Бронтэ «Навальнічны перавал», Яўгенію Гінзбург «Круты маршрут» (вой, што гэта за кніга!),  Абдулу Каххара «Міраж»,  Мікалая Чаргінца «Тайна чорных гор», Валянціна Пікуля «Хлопчыкі з банцікамі»…

Як  аўтаматнай чаргой, бабулька прашыла паветра імёнамі класікаў  і, убачыўшы, што я дастаю фотаапарат, прыкрыла рукамі свой зморшчаны твар:

– Божачкі, каб гэта ў 90 гадоў фатаграфавацца! Каб людзі смяяліся? Не фатаграфуйце! І пра жыццё маё нічога не пытайцеся. Мне няма чаго расказаць…

Пра тое, што жыццё яе  было цяжкім, ды і цяпер, здаецца, нічога светлага, акрамя кніг, у ім не засталося, я даведалася ад аднавяскоўцаў і яе сына Валерыя.

Надзея Калініна – дачка героя руска-японскай вайны 1902-1904 гг. Бацька, Нестар Ануфрыевіч Свірыд, служыў радавым у Маньчжурскай арміі пад камандаваннем генерала А.М. Курапаткіна. За свае подзвігі быў узнагароджаны пудам золата і фатаграфіяй Мікалая II з уласнаручным імператарскім дароўным надпісам. Легендарны «пуд золата» ніхто з родных у вочы не бачыў, і  дзе яно «растрэслася» па шляху  дадому, ніхто не ведае. А вось фатаграфію апошняга рускага цара паклалі Нестару  ў труну, «на сэрца», як ён і завяшчаў.IMG_2907

– Да чаго ж тата любіў чытаць!  І шмат ведаў. Як пайду ў клуб кіно паглядзець (а не было ні капейкі – праз акно глядзела), вярнуся і тату распавядаю, а ён мне кнігу падказвае, па якой гэтае кіно знята, – паволі разгаварылася баба Надзя.

Сама яна да вайны правучылася толькі адзін год у польскай школе, а пасля вайны – пару месяцаў у савецкай: цяжка  захварэла і  ў школу больш не хадзіла. Самастойна вывучыла рускія літары і пачала чытаць. Вось так і чытае да гэтага часу, піша і па-руску, і па-польску (доўгі час на польскай мове перапісвалася са сваім братам, які жыў на Кубані, «каб рускія казакі не маглі прачытаць»).

А піша як прыгожа! Роўнымі літаркамі Надзея Несцераўна павольна (я змагла разглядзець жылістыя, пакручаныя працай рукі) вывела свой подпіс у бібліятэчным фармуляры і запрасіла мяне ў хату. Тут, у асяроддзі сваіх неразлучных сяброў, незлічонага мноства кніг,  і распавяла пра сваё захапленне.

-Я, напэўна, ненармальная, але мая душа просіць чытання. Я ні дня не магу без кніг. Калісьці з сястрой (Марыі Несцераўны ўжо няма ў жывых — Заўв. аўт.) увесь час ездзілі ў Жабінку або ў Брэст  у «Букініст». Нам туды дабрацца было значна прасцей, чым у Пружаны. Вунь за пяць хвілін хады ад дома знаходзіцца чыгуначная  станцыя. Марыя аддавала перавагу духоўнай літаратуры, а  я, мабыць, да гэтага яшчэ не прыйшла, – адмахваецца бабулька. – Набіралі поўныя торбы кніг. А потым ужо на рэштку грошай куплялі сабе хлеба і шчаслівыя вярталіся дадому.

Такога «папяровага» шчасця ў яе хаце, сапраўды, поўныя паліцы: Шукшын, Шолахаў, Айтматаў, Ясенін, Купер, Гюго, Войніч, Майн Рыд, Фазіль Іскандэр, Дастаеўскі, Шамякін, Быкаў, Булгакаў і многія-многія іншыя. А колькі казак!

– Вось бачыце, Марыя-бібліятэкарка і тое, і тое мне прапануе, а ў мяне ўжо ёсць гэтыя кнігі. Шмат хто ў вёсцы бярэ Марыніну, Данцову, а яны мне не падыходзяць. Старому чалавеку гэта не чытанне. Мой любімы пісьменнік – Валянцін Пікуль. Цяпер такіх аўтараў ужо няма. Жах, як люблю купляць кнігі. Нават калі няма грошай, зайду ў «Букініст», хаджу туды-сюды, раблю выгляд, што выбіраю. Хоць у руках патрымаю. Прадавец мне заўсёды казаў: «Бабуля, як я цябе шаную за тое, што ты кніжкі так любіш чытаць», – пахваляецца Несцераўна і, апярэджваючы маё пытанне, запэўнівае:

– Так, я яшчэ паеду. Атрымаю пенсію і паеду. Мне больш нічога не трэба. Што з гэтымі грашыма рабіць?! А каму гэтыя кнігі перадам? У бібліятэку пасля маёй смерці і аддасце. Хоць я яшчэ нестарая. А што ж будзе, калі пастарэю?!

Шчыра кажучы, не магу і ўявіць, калі гэта будзе. Чытае Надзея Калініна без акуляраў, з лекаў, акрамя сардэчных кропель, нічога не прымае. І вельмі любіць кветкі: хрызантэмы, цюльпаны, лілеі розных колераў. А калі дзеліць цыбуліны, то лішнія раздае людзям. Астатнія захоўвае ў маленькіх кошычках на ніжніх паліцах шафаў з кніжкамі. І ўсё гэтае яе «папярова-цыбульнае» багацце ахоўвае абраз Апостала Лукі, аўтарства Эль Грэка, што прыводзіць мяне ў канчатковае здзіўленне.

– Не здзіўляйцеся. Апостал Лука – вучоны чалавек, ён пісаў карціны і кнігі. Самая вядомая з іх – Евангелле. А я не вучоная. Часам, як падумаю: як дрэнна, што я не вучоная! Але дзецям сваім заўсёды чытала. І пра Валеру думаю, што ён у сорак гадоў стаў інвалідам. І пра Сашу. І пра Дзяніса думаю, ён такім маладым памёр, а так любіў чытаць. Часта пытаюся ў Бога і ў людзей: чаму ўсё так адбываецца? Такія разумныя людзі і так рана паміраюць?

Прызнацца, я не змагла адказаць, гэтак жа, як і не змагла даведацца, хто такі Дзяніс. Наколькі ўсім вядома, Надзея Несцераўна выгадавала толькі двух сыноў. Як сама расказвае, Саша быў  майстрам на ўсе рукі, які шмат каму ў вёсцы дапамагаў па будаўніцтве, а Валера – таленавіты самабытны мастак-самавучка, які амаль усе свае карціны раздарыў. Пакінуў толькі партрэты маладой мамы-прыгажуні і брата, некалькі копій карцін Пярова і Шышкіна, высахлыя цюбікі алейнай фарбы. А яшчэ тут  ёсць цудоўныя нацюрморты, вышытыя калісьці (бабуля, аказваецца, яшчэ і майстрыха!). Вось і ўсё ўбранне дома. Ды яшчэ шыльда над уваходам «Брэст-Масква», якая як нельга лепш перадала мой стан ад  паездкі ў «глыбінку».IMG_2929

Не надта далёкая ад  Пружан вёска Сасноўка — і такі глыбокі свет з   па-свойму ўнікальнымі людзьмі. Колькі такіх сышло разам  са зніклымі з карты населенымі пунктамі, колькі засталося незаўважанымі. Пра колькіх яшчэ можна паспець напісаць! Азірніцеся вакол, прыгледзьцеся  да сваіх суседзяў. Можа, хто-небудзь з іх варты таго, каб пра яго расказалі ў газеце? Тады тэлефануйце нам.

Алена Зялевіч.  Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *