Четверг, 20 сентября 2018

99% пружанских водителей уступили дорогу пожарной машине во время учений

797

Некалькі хвілін могуць стаць лёсавызначальнымі. Напрыклад, пры пажары аператыўная дапамога вельмі важная: чалавеку дастаткова дзесяць мінут падыхаць чадам, каб атрымаць смяротнае атручванне.  Але хто з нас, спяшаючыся па сваіх справах на машыне і бачачы ў люстэрка задняга віду набліжэнне спецаўтамабіля з сінімі «маячкамі», задумваецца аб цане гэтай мінуты?20161222_6243

Сярод супрацоўнікаў дарожнай інспекцыі рэагаванне на такія сігналы экстранных брыгад — «хуткай дапамогі» або пажарнага аўтамабіля — называецца культурай ваджэння. Ці можна пружанцаў у такім сэнсе назваць культурнымі вадзіцелямі?

З мэтай высвятлення гэтага ў адзін з дзён па горадзе праехала пажарная машына з уключанымі «маячкамі». У кабіне спецаўтамабіля знаходзіўся супрацоўнік ДАІ, які па рацыі перадаваў абстаноўку сваім калегам, якія рухаліся крыху наводдаль. Таксама праводзілася відэаздымка. А наша карэспандэнцкая група спынялася на вызначаных кропках маршруту, каб сфатаграфаваць рэакцыю гарадскіх вадзіцеляў на падобныя вучэнні.

Набліжаецца канец працоўнага дня, а значыць, самы напружаны час. Найбольш  ажыўленай праезнай часткай у гэты перыяд лічыцца вуліца Р.Шырмы, а таксама гарадское кальцо. Менавіта па гэтым маршруце і спяшаецца «пажарка», пра што ўдзельнікаў дарожнага руху апавяшчаюць уключаныя праблісковыя маячкі і сірэна.

Працаваць вадзіцелем спецаўтамабіля няпроста: тут у любой трывожнай сітуацыі  трэба захоўваць спакой і раўнавагу. З аднаго боку, яму нельга  ствараць аварыйную сітуацыю на дарозе. Але пры гэтым  дакладна ведаць маршрут і магчымую дарожную абстаноўку, каб як мага хутчэй прыехаць на месца выкліку.6

І ўсё ж  без аварый не абыходзіцца. У Брэсцкай вобласці ў 2015 годзе было зафіксавана тры такія выпадкі. Летась — толькі адзін, калі ў жніўні ў Пінску «хуткая» з уключаным сігналам і прабліскаовымі маячкамі сутыкнулася з джыпам на скрыжаванні.

Між тым, як расказваюць супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, найскладаней спецаўтамабілям  манеўраваць у дварах шматпавярховак. Там, дзе прыпаркаваныя аўтамабілі нагадваюць усім вядомы «тэтрыс». І ў такіх складаных сітуацыях часцяком аказваюцца ўсе экстранныя брыгады.

Як расказвае начальнік аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі Аляксандр Міхальчук, падобныя вучэнні праводзяцца не з мэтай выяўлення парушальнікаў і накладання штрафных санкцый.   Дзякуючы такім «заняткам»,  аўтамабілісты вучацца хутка і правільна рэагаваць на сітуацыю.

— Правесці гутарку з разгубленым вадзіцелем бывае карысней, чым пакараць яго рублём,— зазначае Аляксандр Міхайлавіч.

Дарэчы, калі казаць аб рублі: адпаведна з ч.9 арт.18.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, калі аўтамабіліст не саступіў дарогу транспартнаму сродку аператыўнага прызначэння, ён атрымае штраф ад 2 да 10 базавых велічынь. Гэта мінімальная планка, максімальная — год не ўбачыць свайго вадзіцельскага пасведчання.

У дзень правядзення эксперыменту таксама не абышлося без штрафных пакаранняў. Першы адміністрацыйны пратакол быў складзены на вадзіцеля фуры, жыхара г.Слоніма, які настолькі спяшаўся, што ўвогуле не прарэагаваў на сігналы пажарнай машыны, якая яго даганяла на вуліцы Макаранкі. Там жа да адказнасці быў прыцягнуты і пружанец, які вырашыў не прапускаць спецаўтамабіль пры сустрэчным раз‘ездзе. Такую сітуацыю таксама прадугледжваюць Правілы дарожнага руху, якія ўсе вывучаюць падчас вучобы ў аўташколе і  здаюць адпаведны экзамен.

Аднак у цэлым вынікамі трэніроўкі інспектары ДАІ засталіся задаволенымі: 99% пружанскіх вадзіцеляў можна смела лічыць культурнымі ўдзельнікамі дарожнага руху.

Наша даведка

Упершыню ўрокі павагі да патрабаванняў спецыяльнай тэхнікі ДАІ вобласці пачала праводзіць сем гадоў таму. Аказалася, што з культурай на дарогах справы складваюцца няважна: на працягу 2009 года да адказнасці прыцягнулі больш 160 вадзіцеляў. Здаралася, што інспектары за паўгадзіны рэйду выпісвалі па 15-20 пратаколаў. 

Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *