Вторник, 18 сентября 2018

Как не навредить птицам в морозы?

530

Наступіў арктычны холад, і, на жаль, многія з нас далей за свой нос, прыкрыты шалікам, нічога не бачаць. А менавіта цяпер маюць патрэбу ў дапамозе птушкі. Але справа выратавання пярнатых ускладняецца шэрагам правілаў, пра якія мы нагадаем.20170105_0113

Чаму птушкі ляцяць у «вырай»?

Маразы птушак не палохаюць, палохае зімовая бяскорміца: снег і лёд пакрываюць зямлю (а значыць, не знойдзеш насенне), а холад прымушае схавацца ўсіх насякомых. Менавіта недахоп корму і дае сігнал, што пара адпраўляцца на пошукі лепшых месцаў.

Ці ўсіх птушак, якія засталіся, трэба падкормліваць?

Па-першае, важна адрозніваць зімуючых птушак (якія застануцца зімаваць у любым выпадку – сініцы, вераб’і, дзятлы, пішчухі, сойкі, крыжадзюбы, снегіры і г.д.) і ўмоўна зімуючых (якія паляцяць, як толькі зразумеюць, што пракарміцца тут ужо не змогуць, напрыклад, лебедзі).img_9608 img_9628

Першыя за падкормку будуць вельмі ўдзячны, а вось нясвоечасовая падкормка іншых наносіць толькі шкоду.

Калі ў добрае надвор‘е на прагулцы вы корміце  лебедзя, ён падманваецца, нібыта корму  хопіць на зіму, і застаецца зімаваць. А з надыходам экстрэмальных умоў, такіх, напрыклад, як цяпер,  птушка застаецца сам-насам са сваімі праблемамі. Не падманвайце птушак – хай адлятаюць!

Чым карміць птушак?

Вераб’ям і галубам падыходзяць ячмень, пшаніца, сырыя крупы, семкі, сухія хлебныя крошкі. Не кладзіце ім цэлыя кавалкі хлеба: у мароз птушкі не ў стане яго раздзяўбці.

Сінічкам, акрамя семак і хлебных крошак, у моцныя маразы можна прапанаваць кавалачкі несалёнага сала або сметанковага масла.

Для снегіроў можна нарыхтаваць сушаныя ягады рабіны і глогу. Падыдуць таксама зваранае ўкрутую і нацёртае на тарцы яйка, парэзаны на лустачкі яблык.

У якіх аб’ёмах падкормліваць?

Слова «падкормка» падказвае, што птушкі ў кармушках  павінны знаходзіць толькі частку дзённай нормы, а астатняе адшукваць у прыродзе – інакш страцяць «хватку» і будуць занадта залежаць ад чалавека.

Вы павінны ведаць, што, напрыклад, адной сініцы на дзень хапае каля 70 штук семак. Таму напаўняйце кармушку толькі з раніцы. Але, пачаўшы мінімальную падкормку, працягвайце яе ўсю зіму. Птушкі хутка прывыкнуць да вашага раскладу і ў астатні час будуць шукаць корм самі.

Што нельга даваць птушкам?

У моцныя маразы, каб пастаянна падтрымліваць патрэбную тэмпературу цела, птушкі ядуць практычна ўсё, што трапляецца, і самі таго не разумеючы, могуць нашкодзіць свайму здароўю. Менавіта таму ў кармушцы не павінна быць салёнай ежы. Соль у  птушак выклікае атручванне і яны гінуць.

Нельга падкормліваць птушак смажанай, вострай, тлустай, кіслай або сапсаванай ежай. Нельга даваць чорны свежы хлеб.

Вельмі часта ў кармушках можна сустрэць сырыя прасяныя крупы. Але яны супрацьпаказаны птушкам (у адрозненне ад неачышчанага зерня  проса). Адсутнасць абалонкі прыводзіць да акіслення тлушчаў на  паверхні прасяных круп і наступнаму з’яўленню хваробатворных арганізмаў. Птушкам з сырым просам усе гэтыя бактэрыі дастаюцца ў поўным аб’ёме.

З чаго лепш зрабіць кармушку?

Хутка і лёгка можна зрабіць кармушкі з любых падручных матэрыялаў: дрэва,  тэтрапакаў з-пад малака і соку, пластыкавых бутэлек і шмат чаго іншага. Дастаткова толькі праявіць фантазію. 

Дзе  размясціць кармушку?

Безумоўна, кармушка адразу за акном вельмі прывабная для нас, але не вельмі карысная для птушак і зусім не цешыць суседзяў. Кармушка — заўсёды крыніца смецця. Акрамя таго, часцяком у пошуках корму птушкі пачынаюць залятаць у адкрытыя форткі, могуць разбіцца аб шкло. Да таго ж птушыны памёт не ўпрыгожвае нашы падаконнікі і прыпаркаваныя ўнізе аўтамабілі.

Так што павесіць кармушку лепш на дрэве, на паўднёвым баку, там яна будзе абаронена ад ветру і снегу, і як мага вышэй, каб да корму не маглі дабрацца грызуны. Акрамя таго, у птушак будзе добры агляд і яны змогуць своечасова заўважыць небяспеку, якая зыходзіць ад дваровых катоў.

Сачыце за чысцінёй!

Кармушка можа стаць месцам распаўсюджвання інфекцый, таму штодня выдаляйце рэшткі корму, а раз у месяц абавязкова мыйце кармушку гарачай вадой з гаспадарчым мылам.

Падрыхтавала Алена Зялевіч.

Фота Сяргея Талашкевіча і аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *