І вось яно адбылося: першае прадстаўленне батлеечнага спектакля ў грамадска-адукацыйным цэнтры “Вясковы рэнесанс”, што ў вёсцы Стойлы. Так-так, той самай батлейкі, пра якую, як памятаеце, мы пісалі ў снежні. Напачатку гэтай зімы яе талакой рабілі майстры – члены грамадскага аб‘яднання аматараў мастацтваў рэгіёна “Белавежская пушча” і Брэстчыны “ТУР”. Для прэм‘еры выбралі класічны калядны сюжэт “Цар Ірад”– біблейскую гісторыю, расказаную немудрагелістай мовай лялечнага спектакля.
Якія ўражанні, спытаеце?
Уласна кажучы, ёсць гісторыі, якія ніколі не надакучваюць. Адна з іх – аб нараджэнні Немаўляці Ісуса, Віфлеемскай зорцы, што ўказала шлях чарадзеям, і цары Ірадзе, імя якога стала сімвалам зладзейства. Ды толькі неяк сумніўна мне было, што дзясятак драўляных лялек, нават зробленых таленавітымі майстрамі, здольны ўразіць сённяшнюю публіку.
Але… Публікі на прэм‘ерным спектаклі сабралася столькі, што ў прасторнай альтанцы яблыку не было дзе ўпасці. Дарослыя сур‘ёзныя людзі, у якіх нязвыкла радасна свяціліся вочы. Напэўна, проста мы ўсе з галавою акунуліся ў свята бесклапотнага дзяцінства — з вялізнай да столі ёлкай, з цукеркамі і самаробнымі цацкамі, мільгаючымі агеньчыкамі свечак.
А яшчэ тут быў застаўлены разнастайнымі поснымі стравамі стол, дзе з-пад абруса тырчалі сянінкі. І былі чароўнае дзейства, якое хацелася назіраць бясконца, і цудоўныя аўтэнтычныя калядныя спевы сясцёр Лук‘яновіч з Драгічынскага раёна. А за вялікімі вокнамі, упрыгожанымі сняжынкамі, церусіў сняжок, ярка гарэў агонь у каміне, і ў сэрца ціха ўваходзілі любоў і радасць…
Зразумела, што сваю ролю тут адыграў талент народных майстроў Анатоля Туркова, Уладзіміра Чыквіна, Марыі Кулецкай, Валерыя Манцэ-віча, Аляксандра Лазеркі, Наталлі Глявацкай, Наталлі Ярмоцык, Таццяны Зданевіч, Марыны Марчук, якія першую на Пружаншчыне батлейку ўсе разам малявалі, выразалі, распісвалі. А да іх мастацкіх талентаў дабавілася апантанасць арганізатараў і акцёраў Ларысы і Аляксандра Быцко.
Ды што я ўсё гэта апісваю? Лепш адзін раз паглядзець, чым сто разоў пачуць. Калядныя святы працягваюцца і батлейка ў Стойлах гатова прыняць гледачоў.
Ірына СЯДОВА.
На здымках: Аляксандр і Ларыса Быцко; падчас спектакля.
Фота аўтара.
Очень классное место, всем советую побывать, отдохнете душой и телом !!!
Рейтинг комментария:
0
0