Воскресенье, 20 мая 2018

Героев нужно знать в лицо. Денис Кулеша и Александр Мисюля получили награды за спасение тонущих мальчишек

1 023

— Смялей,  Дзімка, лёд вытрымае нас,— крыкнуў Алеська і смела выйшаў на лядовае пакрыццё сажалкі. Што яго падштурхнула да такога ўчынку, хлопчык потым не змог зразумела патлумачыць.

У той ракавы вечар, 13  снежня, двое хлопчыкаў  месцам сваіх гульняў выбралі штучны вадаём на вуліцы Горка.  Ды толькі не ўлічылі, што нядаўні мароз змяніўся адлігай, і лёд, які  зацягнуў сажалку, пачынае раставаць.20161228_7793

Спачатку сябры спрабавалі спусціцца каля магазіна, але там лёд адразу затрашчаў і на яго паверхні з’явілася вада. Старэйшага Дзімку гэтая акалічнасць спалохала і ён прапанаваў пакінуць небяспечную «гульню». Але Алеся немагчыма так лёгка напалохаць. Пра такіх, як гэты, невялічкага росту хлопчык, гавораць: «з маторчыкам…». Ён вырашыў паспытаць шчасця з другога боку і нават паспеў зрабіць некалькі хуткіх крокаў…

Лёд пад ім праламіўся якраз на глыбіні, дзе Алесю было з галавой. Дзімка адразу кінуўся на дапамогу сябру, але і сам праваліўся ў ваду.

Ужо сцямнела, і людзей на вуліцы было няшмат.  Але, на шчасце сяброў, іх бяду ўбачылі дарослыя. Двое жыхароў горада кінуліся ратаваць небарак. Адзін з мужчын смела залез у ваду і стаў даставаць дзяцей, другі страхаваў з берага, каб першага ратавальніка не зацягнула пад лёд.

Сумеснымі дзеяннямі яны выцягнулі мокрых хлапчукоў. Аднаго абагрэлі ў машыне, а потым даставілі дадому, а другі сказаў, што жыве побач, і пабег сам (як потым высветлілася, у мокрым адзенні яму давялося прайсці праз некалькі вуліц, але, на шчасце,  халоднае купанне абышлося без сур’ёзных наступстваў).

Гэта гісторыя трапіла ў інтэрнэт, да пошуку ратавальнікаў адразу падключылася і раённая арганізацыя таварыства выратавання на вадзе. Як расказаў яе старшыня Ю.М.Амельянчук, літаральна на наступны пасля здарэння дзень было ўстаноўлена, што мужны ўчынак здзейснілі жыхар горада Д.А.Кулеша і жыхар в.Белавусаўшчына А.У.Місюля.

На гэтым тыдні ў райвыканкаме прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне ратавальнікаў. Са словамі падзякі да іх звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец, бацькі і настаўнікі віноўнікаў урачыстасці, а таксама супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. А старшыня абласной арганізацыі таварыства выратавання на вадзе С.В.Чыжонак уручыў узнагароды.

На здымку: падзяку і прэмію Д.А.Кулешы ўручае старшыня абласной арганізацыі ТВВ С.В.Чыжонак.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *