Вторник, 29 сентября 2020

Корреспондент получил задание купить новогодние подарки…

1 023

Перыядам самых масавых пакупак называюць снежань: напярэдадні Новага года і Каляд традыцыйна набываюцца падарункі для малышоў і дарослых, ёлачныя ўпрыгожанні, прадукты для святочнага стала.20161222_6114

Але дзе з большым задавальненнем робяць пакупкі жыхары нашага райцэнтра? Зразумела, там, дзе ўмеюць аформіць вітрыну,  правесці рэкламную акцыю, прапанаваць скідку… Каб ацаніць прывабнасць пераднавагодняга гандлю, за дзесяць дзён да свята карэспандэнт адправіўся па пружанскіх магазінах.

Адразу зазначу, што выдзеліць тых, хто найлепш падрыхтаваўся да пераднавагодняга пакупніцкага ажыятажу, аказалася даволі складана: практычна ўсе магазіны, незалежна ад формы ўласнасці і прапануемага асартыменту, зрабілі свежы завоз самай разнастайнай прадукцыі.

Але гэтае ўражанне было другім: калі ўсюды зайшоў і ўсё паглядзеў. А вось першае ўражанне…

Па  вопратцы сустракаюць

Калі  нядаўна прагульваўся  па Брэсце, то пасля першай гадзіны пачала балець галава з-за розных па-святочнаму аформленых расцяжак, білбордаў і вітрын. Напэўна, зараз тым, хто ездзіць па абласным цэнтры на аўтамабілі, цяжка заўважыць нават дарожныя знакі, бо ўвагу  адцягваюць яркія агні і фарбы рэкламных заклікаў.20161222_6086

У Пружанах сітуацыя  з дакладнасцю наадварот: за тры гадзіны прагулкі толькі двойчы сустрэў віншаванні з Новым годам — на ўнівермагу і гандлёвым доме «АСТ». Астатнія  праявілі сваю «сціпласць» (магчыма, вырашылі, што дастаткова недарагой ілюмінацыі ў вокнах).  Хтосьці дапоўніў інтэр‘ер ёлачкамі, напэўна, каб нечым нагадаць сваім наведвальнікам, што ўсё ж набліжаецца свята.

На маю думку, у нас значна прасцей было б праводзіць  «конкурс» не на лепшае афармленне фасадаў, а на самае беднае рашэнне: удзельнікаў будзе намнога больш.20161222_6127

Не, пастараюся не іранізаваць, а  быць аб‘ектыўным: каля двух магазінаў захацелася спыніцца і зрабіць сэлфі. Каля «Гноміка» на міні-рынку  нават чарга з моладзі выстраілася: так хацелася сфатаграфавацца ў абдымках з аленем. А каля сіці-цэнтра «Наш дом» жадаючых чакае спакойны і разважлівы Снегавік.20161222_6162

Разумею, што гэтыя прыклады нельга назваць бясспрэчным узорам палёту фантазіі, але  яны былі лепшым з таго, што ўбачыў.

Які «аб‘ект» — такі  і «суб‘ект»

Нездарма пружанцаў масава можна сустрэць у магазінах і на рынках Бярозы, Кобрына, Брэста. Далёка не ўсім суб‘ектам мясцовага  гандлю ўдаецца прыўзняць перадсвяточны настрой сваіх наведвальнікаў.

Як аказалася, цэнавы падыход поўнасцю адпавядае знешняму выгляду магазінаў. Акцыі і падарункі, зразумела, прапануюцца, але іх не вельмі шмат. Ды і тое, што ёсць, не заўсёды  прыгожа падносяць пакупнікам. Ці гэта нерацыянальна — выдаткоўваць грошы на  яркія плакаты, абвесткі пра скідкі, як гэта зрабілі гарадскі  ўнівермаг, салон «Майстар-клас» у ГЦ «Белгефест», «Адоніс» на вуліцы Макаранкі?

Не падумайце, ёсць упамінанні пра скідкі і ў іншых гандляроў, але бачна, што многія эканомяць грошы на пастаянным абнаўленні падобных плакатаў.

Нехта ідзе яшчэ далей і, даведаўшыся, што размаўляе з карэспандэнтам, свята запэўнівае, што навагоднія акцыі ёсць, толькі паведамленне аб гэтым яшчэ не павесілі. І гэта за дзесяць дзён да Новага года?!  У мяне ўзніклі справядлівыя сумненні ў сістэмнасці прымянення скідак і ўвогуле ў іх існаванні.

Але, зразумела, не справа журналіста вучыць работнікаў гандлю зарабляць сваю зарплату.20161222_6101

Замест пасляслоўя

Навагоднія падарункі сваім блізкім  я, зразумела, знайшоў. Але не ў тым буціку, уладальнік якога ўразіў выказваннем:

— Што вы хочаце ад гандлю? Гэта ў вас — святы, а прадаўцам давядзецца звычайна працаваць!

Будучае нашага гандлю пасля такіх слоў пачынае неяк трывожыць: ужо і прадаўцам трэба тлумачыць, у чым розніца паміж «працаваць» і «працаваць з агеньчыкам».

P.S. У падрыхтоўцы матэрыялу не ўдзельнічаў ні адзін рэкламадаўца.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *