Вторник, 29 сентября 2020

Берешь чужие ненадолго, а отдаешь свои и навсегда. Как не угодить в ловушку при «быстром» кредите

871

Фінансавыя эксперты пастаянна папярэджваюць жыхароў рэспублікі аб небяспецы, якую можа ўтойваць  «хуткае» крэдытаванне, але паток жадаючых на раз-два атрымаць буйную суму  ў доўг не меншае.

Як не меншае, на жаль, і колькасць даўжнікоў, у дачыненні да якіх разглядаюцца судовыя справы. Прычым наспела неабходнасць іх разгрузкі ў гэтым плане: пэўная частка спраў зараз вырашаецца праз натарыяльную працэдуру з адпаведным надпісам для судовых выканаўцаў.

166495411453111742

Чым прываблівае такая «хуткая  дапамога» ў вырашэнні матэрыяльных праблем? Як расказвае намеснік дырэктара цэнтра банкаўскіх паслуг №122 філіяла №113 ААТ «ААБ Беларусбанк» М.Э.Свістун, асноўная прыцягальнасць паслугі — у яе хуткасці, бо крэдытныя ўстановы, што практыкуюць падобнае, не патрабуюць паручыцеляў і нават даведкі аб даходах. Дастаткова мець пры сабе пашпарт. — Ствараецца  ўражанне, што для працэдуры  патрэбны толькі чалавек, які паставіць подпіс пад дагаворам, нягледзячы на яго матэрыяльная становішча,— гаворыць Марына Эдмундасаўна.

Практыку падобных крэдытных устаноў зараз строга кантралюе рэгулятар беларускай фінансавай сістэмы — Нацбанк Рэспублікі Беларусь: за апошнія гады прыняты шэраг строгіх правілаў. Але яны поўнасцю не забараняюць дзейнасць мікракрэдытных пунктаў. А тыя, выконваючы патрабаванні, знаходзяць магчымасць прыцягваць кліентаў і далей. Для іх гэта выгадна:  высокія працэнтныя стаўкі з лішкам  (нават пры некалькіх першых выплатах) перакрываюць рызыку страты грошай. Дарэчы, і страты бываюць вельмі рэдка, бо падобныя ўстановы маюць  кваліфікаваную юрыдычную службу. А вось колькасць судовых спраў пастаянна павялічваецца.

— Прычым, наколькі я ведаю, ні адзін кліент не быў апраўданы. Ды і як можа такое быць, калі пад дагаворам стаіць уласны подпіс, з-за чаго ніякія «я не ведаў» або «падманулі» да ўвагі не будуць брацца. А пра меры спагнання звычайна ў такіх паперах пішацца дробным шрыфтам у самым канцы і рэдка хто з кліентаў поўнасцю і ўважліва гэтыя дагаворы чытае ў жаданні атрымаць грошы як мага хутчэй.

Што рабіць, калі вельмі хочацца?

Намеснік дырэктара ЦБП №122  М.Э. Свістун рэкамендуе сумленна адказаць для сябе на тры наступныя пытанні.

1.Ці патрэбны мне грошы так хутка, каб потым пагашаць пазыку ў трайным, а то і большым, памеры?

Не выключана, што ёсць такія жыццёвыя сітуацыі, калі фінансы патрэбны неадкладна. Аднак яны здараюцца не так часта, а ў кожнага з нас ёсць сябры і родныя, якія могуць дапамагчы перажыць складаны перыяд. Калі ўсё-такі спешка ўзнікла, то лепш звяртацца ў тыя банкі, у якіх абслугоўваўся раней. Па-першае, тут назапашваецца неабходная інфармацыя пра пастаяннага кліента і часта яе дастаткова для таго, каб не патрабаваць даведку аб даходах. Ёсць такія крэдытныя прапановы, дзе не патрабуюцца паручыцелі, бо здзелка падвяргаецца страхаванню, а страты кампенсуе адпаведная страхавая арганізацыя (хаця не выключана, што потым яна выставіць судовы іск у дачыненні да неплацельшчыка).

2.Ці змагу я на працягу вызначанага тэрміну вытрымліваць такі фінансавы цяжар?

Вызначыць гэта вельмі проста: на сайтах дзяржаўных банкаў ёсць крэдытныя калькулятары, з дапамогай якіх можна вызначыць суму пазыкі адносна верхняй рысы сямейных даходаў, а таксама памер штомесячных выплат.

3.Ці ўсё я даведаўся пра выбраны крэдыт?

Як лічыць Марына Эдмундасаўна, можна папрасіць надрукаваць узор дагавора, каб потым дома ў спакойнай абстаноўцы (а можа, і пры сустрэчы з дасведчаным спецыялістам) падрабязна азнаёміцца з усімі нюансамі, узважыць «за» і «супраць».

І так можа быць, бо на працягу тэрміна пагашэння пазыкі жыццёвыя абставіны могуць змяніцца карэнным чынам. Ці стане мікракрэдытная ўстанова, якая хутка аформіла пазыку, займацца вырашэннем праблем сваіх кліентаў, намеснік дырэктара цэнтра не ведае. Відавочна, што дзейнасць арганізацыі можа быць накіравана на павелічэнне ЎЛАСНАГА прыбытку, а не на турботы сваіх кліентаў. Пры тым у іх няма строгіх патрабаванняў справаздачнасці.

— Напрыклад, калі ў статыстыцы нашага банка пачне расці праблемная запазычанасць, то гэта дрэнна адаб’ецца на рабоце ўстановы,— зазначае М.Э.Свістун.

Марына Эдмундасаўна пералічвае некалькі выпадкаў са сваёй практыкі, калі грамадзяне афармлялі дадатковы крэдыт з меншай працэнтнай стаўкай, каб пазбавіцца ад фінансавага цяжару, які ўзвалілі на свае плечы раней. Тым больш, што зусім нядаўна працэнтныя стаўкі ў чарговы раз былі зніжаны, а значыць, змяншаюцца адпаведна і штомесячныя выплаты.

—Ёсць такое паняцце, як крэдытныя канікулы: большасць дзяржаўных банкаў могуць прадаставіць адтэрміноўку па плацяжы па асноўным доўгу тэрмінам да аднаго месяца (а некаторыя і да трох). Аднак варта ведаць, што льгота тычыцца толькі асноўнай пазыкі, а працэнты пагашаць трэба ў любым выпадку. У дадатак запазычанасць раскідваецца на наступныя выплаты, што не змяншае суму доўгу. У выніку гэтак робіцца вельмі рэдка і толькі па важкіх прычынах. І тое, рашэнне прымае крэдытны камітэт.

У любым выпадку, раіць спецыяліст, праблему неабходна вырашаць з першых дзён яе ўзнікнення, а не чакаць, калі прыйдзе павестка ў суд. Так, давядзецца ўгаворваць работнікаў банка, турбаваць сваю нервовую сістэму. Аднак другі варыянт абыдзецца значна даражэй: да сумы пазыкі плюсуецца дзяржпошліна да 5% спаганяемай сумы, 10% — судоваму выканаўцу і столькі ж — рэалізуючай арганізацыі.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *