Пятница, 19 апреля 2024

Автобайки от инструктора Сергея Макаревича

1 142

За перыяд сваёй практыкі выкладчык першай катэгорыі аўташколы, што пры раённай структуры ДТСААФ, Сяргей Аляксандравіч Макарэвіч быў сведкам вялікай колькасці кур’ёзных здарэнняў з тымі, хто праходзіў навучанне на атрыманне вадзіцельскага пасведчання. Пра некаторыя ён расказвае нашым чытачам.6qcqx-h0rmy

Здзівіла нават  інструктара

Як правіла, віноўнікамі самых вясёлых сітуацый становяцца дзяўчаты. Але некаторыя могуць і здзівіць. Гадоў сем таму так адбылося з адной курсанткай.

Дзяўчыне трэба было выехаць з двара ДТСААФ, прычым аўтамабіль стаяў багажнікам да ўязной брамы. Я параіў ёй уключыць заднюю перадачу і так выехаць, але вадзіцель вырашыла развярнуцца.  З бакоў нашу машыну падпіралі іншыя аўто, адлегласці для манеўру было вельмі мала, у чым я імкнуўся яе пераканаць. Але дзяўчына моўчкі  развярнулася і выехала на першай перадачы. Такіх «подзвігаў» не бачыў раней, спадзяюся, што і потым не ўбачу.

Як спыніць грузавік?

На аўтадроме праходзіць навучанне ваджэнню грузавіка, за рулём якога знаходзіцца дзяўчына. Па патрабаванні яна павінна накіраваць шматтонную машыну на задняй перадачы ў гараж (паміж выстаўленымі слупкамі). Вадзіцель завяла рухавік, уключыла перадачу, але раптам  вырашыла паглядзець «з боку», ці трапіць аўтамабіль у вызначаны праём. Для гэтага выскачыла з кабіны і пачала прымярацца. Грузавік, не пастаўлены на «ручнік», павольна пакаціўся назад, якраз міма  слупкоў. І шчуплая дзяўчына вырашыла плячом падштурхнуць шматтоннік у належны бок. Відавочна, што гэта не атрымалася…

На шчасце,  абышлося без траўм.

У ДТСААФ ёсць робАмабілі

Аўтараспрацоўшчыкі яшчэ толькі вядуць работу над стварэннем робата-аўтамабіля, але, на думку некаторых курсантак, у аўташколе ДТСААФ яны даўно ёсць. Гэта пацвердзіў муж адной з нашых навучэнак.

Справа ў тым, што месца інструктара абсталявана дублюючай сістэмай кіравання. У складанай сітуацыі ён сам пераключае хуткасці або цісне на газ і счапленне. Рашэнне аб неабходнасці ўмяшальніцтва часта даводзіцца прымаць вельмі хутка і, зразумела, курсантам  аб гэтым не заўсёды гаворыцца. А той дзяўчыне, напэўна, ніколі не казалі. Вось яна і вырашыла, што ўсе маніпуляцыі машына здзяйсняе самастойна.

Новаспечаны вадзіцель ехала з мужам у аўтамабілі і на скрыжаванні вуліц Кастрычніцкай і Чырвонаармейскай ледзь не трапіла ў аварыю.

— Тармазі! — крычыць муж.

На што жонка спакойна адказала:

— Навошта? Яна зараз сама спыніцца…

Толькі рэакцыя мужа на суседнім сядзенні выратавала.

Расчараванне

Як гэта ні банальна, але кур’ёзная гісторыя здарылася з бландзінкай за рулём.

Дзяўчына  выехала на дарогу з інструктарам і  пры павароце з Чырвонаармейскай на Савецкую ў бок цэнтра не пракантралявала адключэнне сігнала павароту налева. Да рэстарана за намі выстраілася чарга з дзесяці аўтамабіляў, якія баяліся нас абганяць і сігналілі.

Прыгажуня-вадзіцель лічыла, што такім чынам мужчыны выказваюць захапленне яе манерай ваджэння. І толькі праз некалькі мінут  заўважыла, што ўключаны паваротнік. Рэакцыя была наступнай: «Усе мужыкі — казлы!».

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *